ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Пётр Яцак) (10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),

дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.​Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.​Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),

ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн. Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.​Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (н. 16.7.1929, Масква),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. авіяцыі (1980). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Скончыў Барысаглебскае ваен. вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў (1953), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.​К.​Жукава (1973). З 1970 на камандных пасадах у войсках ППА у Казахстане, Узбекістане, з 1973 — у Беларусі. З 1980 нам. камандуючага ППА БВА. У 1984—89 на ваенна-дыпламат. рабоце. З 1989 у запасе. У 1990—93 інжынер на ВА «Гарызонт», гал. спецыяліст к-та пры СМ Рэспублікі Беларусь па сац. абароне ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў. З 1994 старшыня К-та ветэранаў Узбр. Сіл праваахоўных органаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Юрый Іванавіч) (24.1.1925, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 29.7.1989),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Ваенны ін-т замежных моў у Маскве (1953). Працаваў у Харкаўскім пед. ін-це замежных моў (з 1956) і Харкаўскім ун-це (з 1960). З 1964 у Мінскім пед. ін-це замежных моў (заг. кафедры, дэкан перакладчыцкага ф-та); адначасова ў 1970—89 лектар-выкладчык па СССР Рэйнска-Вестфальскага замежнага т-ва. Гал. кірунак даследаванняў — аналіз сістэм адукацыі і выхавання ў краінах Зах. Еўропы, тэорыя і практыка перакладу, методыка выкладання замежных моў.

Тв.:

Воспитание учащихся в школе ФРГ. М., 1975;

Профессиональное образование в ФРГ. М., 1988.

Л.​Я.​Дабравольская.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЎНІ́ЦЫН (Пётр Пятровіч) (9.10.1764—9.9.1822),

рускі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф (1819). Удзельнік руска-шведскіх войнаў 1788—90 і 1808—09. У час ваен. дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай 1792—94 камандаваў мушкецёрскім палком. На пач. вайны 1812 камандаваў 3-й пях. дывізіяй у 3-м корпусе ген. М.​А.​Тучкова, у баях каля в. Астроўна (Бешанковіцкі р-н) 26 ліп. стрымліваў націск франц. карпусоў маршала Мюрата і ген. Багарнэ. Вызначыўся ў бітвах пад Смаленскам і Барадзіно. З вер. 1812 у ген. штабе аб’яднаных зах. армій. Удзельнік ваен. дзеянняў 1813—14. У 1815—19 ваен. міністр. З 1819 чл. Дзярж. савета, нач. ваен. навуч. устаноў, дырэктар Царскасельскага ліцэя.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧЭ́ТНІКАЎ (Міхаіл Мікітавіч) (1729—9.5.1793),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, ген.-аншэф (1790), граф (1793). Вучыўся ў Сухапутным шляхецкім корпусе. Удзельнік Сямігадовай (1756—63) і руска-турэцкай (1768—74) войнаў. У 1772—75 пскоўскі губернатар. У 1773 у Полацку кіраваў нарадай па рэарганізацыі кагалаў на бел. землях, далучаных да Рас. імперыі. У 1775 гал. камісар па канчатковай дэмаркацыі мяжы паміж Рас. імперыяй і Рэччу Паспалітай, атрымаў званне ген.-паручніка. У 1790 упраўляючы новарасійскімі губернямі. Камандаваў увядзеннем (11.5.1792) 73-тысячнага рас. войска ў Рэч Паспалітую. Са снеж. 1792 галоўнакамандуючы і ген.-губернатар Мінскай, Ізяслаўскай, Брацлаўскай губ. Атрымаў у Веліжскім старостве Полацкай губ. 1849 сялян і 8173 дзесяціны зямлі (маёнткі Тхарына і Хухава).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБЕ́РТ (Карл Восіпавіч) (Lambert Marie Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),

расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬ БЯ́О (5.12.1907, прав. Хэбэй, Кітай — 13.9.1971),

кітайскі ваенны і паліт. дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў ваен. школу Вампу (1926). Удзельнік Паўн. паходу 1926—27. Пасля перавароту Чан Кайшы далучыўся да камуністаў, удзельнічаў у стварэнні кіт. Чырв. арміі. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандзір дывізіі. З 1947 камандуючы 4-й арміяй Народна-вызваленчай арміі Кітая. З 1954 нам. прэм’ера Дзяржсавета КНР. У 1959—71 міністр абароны. З 1955 чл. Палітбюро, з 1966 нам. старшыні ЦК КПК. Дапамагаў Мао Цзэдуну ажыццяўляць «культурную рэвалюцыю». У крас. 1969 абвешчаны пераемнікам Мао Цзэдуна. Паводле афіц. версіі, загінуў у авіякатастрофе на тэр. Манголіі, калі хацеў уцячы пасля няўдалай спробы дзярж. перавароту.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)