помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ліпнішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1890 з цэглы і граніту. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай і квадратным у плане бабінцам, над якім узвышаецца высокая 2-ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная спічастым шатром з люкарнамі. Па баках асн. аб’ёму сіметрычна прыбудаваны невял. сакрысціі, якія звонку нагадваюць крылы трансепта. Сцены абліцаваны гранітам, умацаваны плоскімі контрфорсамі. Гал. ўваход вылучаны парталам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,
крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДОМ САВЕ́ТАЎ,
помнік грамадз. архітэктуры 1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1937—39 (арх. І.Лангбард). Уваходзіць у арх. ансамбль пл. Леніна і з’яўляецца яго дамінантай. Цэнтр кампазіцыі — 8-павярховы аб’ём, фланкіраваны 7-павярховымі прамавугольнымі ў плане часткамі, якія пераходзяць у паўкруг 5-павярховымі крыламі.
Верт. чляненні (лапаткі), размешчаныя па перыметры будынак, надаюць яму стройнасць і выразнасць. Гал. ўваход — у цэнтры будынка, кожны корпус мае асобныя ўваходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал. фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»
(Drury Lane),
англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.
Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.
Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Крыжападобны ў плане будынак з трыма апсідамі. Над сяродкрыжжам невял. галоўка на чацверыку. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — высокая двух’ярусная званіца, што прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храма перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.