МЕ́ЛЬЦЭР Давыд Барысавіч (н. 16.2.1925, г. Мазыр Гомельскай вобл.),
бел. гісторык-славіст. Д-ргіст.н. (1975), праф. (1977). Скончыў БДУ (1948). З 1951 выкладаў у Мінскай школе прафс. руху ВЦСПС. У 1954—92 дацэнт, праф.гіст. ф-та БДУ. У 1972, 1974, 1978 чытаў спец. курс у Сафійскім ун-це (Балгарыя). З 1992 жыве ў ЗША. Аўтар прац пераважна па гісторыі Балгарыі, сав.-балг. і бел.-балг. адносін у 19—20 ст.
Тв.:
Социалистической Болгарии — 20 лет. Мн., 1964;
Советско-болгарские отношения (1917—1935 гг.). Мн., 1975;
Национальной свободе Болгарии 100 лет. Мн., 1978 (разам з Й.Тончавым);
Белоруссия и Болгария: Дружба вечная, нерушимая, 681—1981. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́РКВІЧКА Іван (23.4.1856, с. Відзім, Чэхія — 16.5.1938),
балгарскі жывапісец і графік; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Па нацыянальнасці чэх. Чл.Балг.АН (1918). Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Мюнхенскай (1876—77) АМ. У 1881—1921 жыў у Балгарыі. У 1882—89 выкладаў малюнак у гімназіі ў Плоўдзіве. Адзін з заснавальнікаў, выкладчык і дырэктар (1896—1921) Дзярж. рысавальнага вучылішча ў Сафіі. У жывапісе пераважалі тэмы нар. свят і абрадаў, сцэны сялянскай працы, у якіх ён перадаў своеасаблівасць балг.нац. звычаяў і касцюмаў: «Кірмаш у Плоўдзіве» (1883, 1888), «Помнікі» (1894, 1895), «Ручэніца» (1894) і інш. Аўтар партрэтаў археолага С.Заімава (1904), праф. Шоўрака (1922) і інш. Як графік працаваў пераважна ў галіне ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР IIФока
(каля 912—11.12.969),
візантыйскі імператар [963—969]. Паходзіў са знатнага малаазійскага роду Фокаў. З 954 галоўнакамандуючы. Пасля смерці Рамана II (963) узведзены на прастол малаазійскай ваен. знаццю. Садзейнічаў росту свецкага буйнога землеўладання. Указам 964 забараніў заснаванне новых манастыроў (абмежаваў права завяшчання на карысць царквы). Правёў ваен. рэформу, гал. сілай арміі зрабіў цяжкую конніцу накшталт рыцарскай. Адваяваў у арабаў в-аў Крыт (961), Кілікію і Кіпр (965), Паўн. Сірыю (969, разам з Антыёхіяй), адстаяў Візантыю ад дамаганняў герм. імператара Атона I. У 966 пачаў вайну супраць Балгарыі, у 968 яму на дапамогу прыйшоў кіеўскі князь Святаслаў. Забіты ў выніку змовы Іаана I Цымісхія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАФА́БРЫКА,
буйное вузкаспецыялізаванае прадпрыемства птушкагадоўлі па вытворчасці яец і мяса на прамысл. аснове. Тэхнал. працэс вытв-сці харчовых яец, акрамя штучнай інкубацыі, уключае гадоўлю маладняку, утрыманне бацькоўскага і прамысл. статка. Цэхі гадоўлі маладняку і ўтрымання курэй-нясушак на П. (выкарыстоўваюцца сістэмы падлогавага, клетачнага і на сеткавай падлозе ўтрымання) абсталяваны клетачнымі батарэямі з аўтам. падачай вады, мех. раздачай кармоў, уборкай гною, зборам яец. У яйцасховішчах працуюць машыны па сартаванні, ачыстцы і ўкладцы яец, у забойных цэхах — канвееры для перапрацоўкі птушкі, у кормапрыгатавальных цэхах — машыны для прыгатавання камбікармоў. Буйныя П. працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі і інш. краінах. На Беларусі 39 П. і 3 племзаводы (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМБАЛІ́ЙСКІ Аляксандр Стаіменаў (1.3.1879, г. Славовіца, Балгарыя — 14.6.1923),
балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся аграноміі ў Германіі (1900—02). З 1902 адзін з лідэраў Балг. земляробчага нар. саюза (БЗНС). Выступаў супраць германафільскай палітыкі цара Фердынанда і ўрада В.Радаславава. У 1915 арыштаваны і прыгавораны да пажыццёвага зняволення. У 1918 амнісціраваны. З кастр. 1919 кіраўнік кааліцыйнага, з мая 1920 аднапарт. (БЗНС) урада Балгарыі. Адзін са стваральнікаў тэорыі аграрызму, паводле якой асновай паліт. жыцця краіны абвяшчалася сялянства. Урад С. правёў шэраг дэмакр. рэформ, спрабаваў наладзіць адносіны з Сав. Расіяй, але 9.6.1923 у выніку ваен. перавароту скінуты. С. спрабаваў узняць у адказ сял. паўстанне, але быў схоплены і пасля катаванняў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЭ́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (агузская група); мова туркаў. Афіц. мова Турцыі, Кіпра (разам з грэчаскай мовай). Пашырана ў Румыніі, Расіі, Іране, Іраку, Сірыі, Грэцыі, Югаславіі, Балгарыі. Мае 2 групы дыялектаў: анаталійскія (паўд.-зах., сярэднеанаталійскі, усх., паўн.-ўсх., паўд.-ўсх., кастамунійскі); балканскія і румелійскія (баснійскі, адакалійскі, відынскі, радопскі, македонскі, эдырнскі). Т.м. ўласцівы: у фанетыцы — развіты сінгарманізм, у марфалогіі — аглюцінацыя, своеасаблівыя формы дзеепрыметніка, стараж. імя дзеяння. Першыя пісьмовыя помнікі выкананы араб. графікай (13 ст.), з 1928 алфавіт на аснове лацінскага. Літ. мова склалася ў сярэдзіне 19 ст.
Літ.:
Кононов А.Н. Грамматика современного турецкого литературного языка. М.; Л., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́РНАЎСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1879,
першая канстытуцыя Балгарыі. Прынята балг. Устаноўчым сходам 16.4.1879 у г. Тырнава (цяпер г.Вяліка-Тырнава) пасля вызвалення краіны ад тур. няволі ў выніку рус.-тур. вайны 1877—78. Адна з найб.дэмакр. канстытуцый свайго часу: дэкларавала роўнасць грамадзян перад законам, скасоўвала падзел на саслоўі, прадугледжвала ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, якія дасягнулі 21 года, свабоду друку, абавязковае бясплатнае пачатковае навучанне, недатыкальнасць асобы і маёмасці. Для распрацоўкі законаў і зацвярджэння бюджэту ўводзіўся аднапалатны парламент. Выканаўчая і ваен. ўлада засяроджвалася ў руках спадчыннага князя, заканад. ўладу якога абмяжоўваў парламент. У 1881 Т.к. адменена, у 1883—84 адноўлена. Пасля дзярж. перавароту 19.5.1934 не дзейнічала, афіцыйна адменена 4.12.1947 паводле рашэння Вял.нац. сходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́ЦІЙ [Phōtios; паміж 810 і 827, Канстанцінопаль (цяпер Стамбул) — паміж 891 і 897],
візантыйскі царкоўна-паліт. дзеяч, пісьменнік. Патрыярх Канстанцінопаля ў 858—867 і 877—886. Прыхільнік цэнтралізаваных манархіі і царквы на чале з патрыярхам. У 867 выступіў супраць падпарадкавання візант. царквы папе рымскаму, што прывяло да канфлікту з папствам (гл.Падзел цэркваў). Садзейнічаў пашырэнню ўплыву візант. царквы на слав. землі (у Балгарыі, Маравіі, сербскіх княствах, Русі). У 886 скінуты імператарам Львом VI, памёр у ссылцы. Асн. праца «Мірыябібліён», у якім даследаваў творчасць 280 ант. і ранневізант. пісьменнікаў са шматлікімі цытатамі з арыгіналаў (страчаныя, захаваліся толькі ў працы Ф.). Аўтар прац па філасофіі, багаслоўі, царк. праве. Яго пропаведзі за 860 і 866 маюць каштоўныя звесткі па гісторыі Русі 9 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,
пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам. і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ АКРАПАЛІ́Т (Georgios Akropolitēs; 1217, г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — пасля 1282),
візантыйскі дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1246 узначальваў адм. кіраванне Нікейскай імперыі. У 1240—50-я г. ў якасці дарадчыка і намесніка імператара ўдзельнічаў у войнах супраць Балгарыі і Эмірскага царства. Пасля 1261 на пасадах пры канстанцінопальскім двары. На 2-м Ліёнскім саборы 1274 па даручэнні імператара Міхаіла VIII Палеалога падпісаў унію паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі (не была ажыццёўлена). Аўтар «Хронікі» (ахоплівае падзеі знешнепаліт. і дыпламат. гісторыі Нікейскай імперыі ў 1203—61), шматлікіх прамоў, пахвальных слоў, лістоў, вершаў, рытарычных і тэалаг. твораў.
Літ.:
Жаворонков П.И. Некоторые аспекты мировоззрения Георгия Акрополита // Византийский временник. 1986. Т. 47;