паўстанне пераважна супраць засілля іншаземцаў у Паўн. Кітаі ў 1898—1901. Ініцыіравана тайным рэліг. т-вам Іхэцюань («Кулак у імя справядлівасці і згоды»), пазней перайменаваны ў Іхэтуані («Атрады справядлівасці і згоды» — адсюль назва) у прав. Шаньдун. У 1900 паўстанцы (100 тыс.; сяляне і гар. беднякі), якіх не здолелі спыніць урадавыя войскі, накіраваліся да Пекіна, знішчаючы замежныя місіі і прадстаўніцтвы. 14.6.1900 іхэтуані ўступілі ў Пекін і разам з урадавымі войскамі 56 дзён вялі аблогу пасольскага квартала. Пасля сумеснай ноты кіт. ўраду Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Расія, Францыя, Італія і Аўстра-Венгрыя распачалі ўзбр. інтэрвенцыю. 21 чэрв.кіт. ўрад абвясціў вайну дзяржавам-інтэрвентам, аднак іх аб’яднаная армія на чале з ням. фельдмаршалам А. фон Вальдэрзе 14 жн. заняла Пекін. 7 вер.кіт. ўрад, які перабраўся ў г. Сіань, абвясціў іхэтуаняў па-за законам. У 1901 замежныя і кіт. войскі задушылі паўстанне. 7.9.1901 Кітай падпісаў навязаны яму «Заключны пратакол», які фактычна зводзіў краіну да становішча паўкалоніі.
Літ.:
Калюжная Н.М. Восстание ихэтуаней (1898—1901). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГВА́РДЫЯ.
1) узброенае цывільнае апалчэнне. Упершыню створана ў Парыжы (пад камандаваннем ген. М.Ж. дэ Лафаета) у 1789 у пач.французскай рэвалюцыі 1789—99. Будавалася паводле тэр. прынцыпу (па кварталах і акругах). Атрады Н.г. ўдзельнічалі ў паўстанні 10.8.1792 і задушэнні контррэв. выступленняў (гл.Вандэйскія войны). Пры Напалеоне I Н.г. выкарыстоўвалася як дапаможная сіла. У 1828 распушчана. Адноўлена пасля ліп. рэвалюцыі 1830, у 1852 рэарганізавана. У час франка-прускай вайны (1870—71) частка Н.г. абараняла Парыж. У сак. 1871 створаны Цэнтр.к-т Н.г., які 18—28 сак. быў часовым рэв. урадам Парыжскай камуны 187/. Дэкрэтам камуны ад 29 сак. 1871 пастаянная армія заменена Н.г., на чале якой стаялі Я.Дамброўскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля ліквідацыі камуны Н.г. распушчана. У час рэвалюцый 1848—49 цывільныя апалчэнцы тыпу Н.г. (па-іншаму нар. міліцыя, цывільная гвардыя) дзейнічалі ў краінах Герм. саюза, Іспаніі, італьян. дзяржавах і інш. 2) Тэр. вайсковыя фарміраванні ў ЗША (каля 450 тыс.чал.) і шэрагу інш. краін; з’яўляюцца рэзервам рэгулярных узбр. сіл. У мірны час выкарыстоўваецца для выканання пэўных задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял.Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас.сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.
Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.
У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.Радзівіла і В.Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла арміякн. А.Н.Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач.кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ВАЙНА́ 1409—11,
вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойцію, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узбр. сілы крыжакоў. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8.1409 нападам войск ордэна на Добжынскую зямлю. У час ваен. кампаніі 1409 крыжакі захапілі яе, разбілі польск. войскі ў Новай Марцы, войскі ВКЛ выгналі крыжакоў з Жамойціі палякі вярнулі Быдгашч. 8.10.1409 Польшча заключыла з ордэнам перамір’е да 24.6.1410. У канцы 1409 у Бярэсці адбылася Берасцейская сустрэча 1409вял.кн.ВКЛВітаўта і польск. караля Ягайлы, на якой была ўзгоднена летняя кампанія 1410. У маі 1410 ордэн заключыў перамір’е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Летам 1410 войскі Ягайлы і Вітаўта рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой армія Ордэна пацярпела поўнае паражэнне (гл.Грунвальдская бітва 1410). Аблога Мальбарка (25.7—19.9.1410) не мела поспеху. Вайна скончылася Тарунскім мірам 1411, паводле якога захопленыя ў час вайны гарады і замкі вернуты ўладальнікам, Жамойція навечна перададзена ВКЛ. Добжынская зямля пакінута за Польшчай. Вялікая вайна 1409-11 падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр. палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэнне агр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовы Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ КАНФЛІ́КТ 1920—39,
канфлікт паміж Польшчай і Літвой з-за Вільні і Віленскага краю. Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Вільня і яе наваколле прызначаліся Літве. Правы Літвы на гэту тэр. пацверджаны і польска-літ. дагаворам ад 7.10.1920. Але 9.10.1920 войскі на чале з ген. Л.Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Ліга Нацый вырашыла правесці тут плебісцыт і для «забеспячэння парадку» ўвесці замежныя войскі. Літва адмовілася, яе падтрымаў і сав. ўрад. На польска-літ. перагаворах у 1921 Ліга Нацый спрабавала зрабіць Віленшчыну аўтаномнай з умовай уступлення Літвы ў унію з Польшчай. Літ. ўрад зноў адмовіўся. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм т.зв.Сярэдняй Літвы, які 20.2.1922 прыняў рашэнне пра далучэнне Віленшчыны да Польшчы. 24.3.1922 гэта рашэнне пацвердзіў Варшаўскі сейм. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 створана Віленская зямля на правах ваяводства. 15.3.1923 канферэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі і Японіі вызначыла польска-літ. граніцу, пакінуўшы Віленскую зямлю за Польшчай. Літ. і сав. ўрады не прызналі гэтага рашэння. 22.12.1925 Віленская зямля перайменавана ў Віленскае ваяводства. У пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Чырв. Армія заняла Вільню і Віленшчыну. Паводле дагавора Літвы і СССР ад 10.10.1939 яны перададзены Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс.чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус.армія (152 тыс.чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс.чал., рускіх — 16 тыс.чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),
цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым.арміяПампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.
Літ.:
Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;
Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
антыфашысцкае ўзброенае выступленне ў акупіраванай Варшаве 1.8—2.10.1944 у 2-ю сусв. вайну. Арганізавана і ўзначалена падпольнай Арміяй Краёвай (АК), звязанай з польскім эмігранцкім урадам у Лондане. Кіраўнікі паўстання на чале з ген. Т.Камароўскім разлічвалі, што паўстанцы здолеюць авалодаць сталіцай Польшчы непасрэдна перад наступленнем на Варшаву сав. войск, якія праводзілі ў той час Беларускую аперацыю 1944, і забяспечыць уладу прыхільнікам эмігранцкага ўрада. На выбар часу паўстання паўплывалі знешнія падзеі: змова супраць Гітлера 20.7.1944, адступленне ням.-фаш. войск да лініі Віслы, заклікі да палякаў падняць агульнае паўстанне супраць акупантаў, атрыманае камандаваннем АК у Варшаве 31.7.1944 неправеранае паведамленне аб уступленні сав. танкаў ва ўсх. прадмесце Варшавы. У першыя дні паўстання каля 25 тыс. паўстанцаў (з іх 1,5—2,5 тыс. дастаткова ўзброеных) разгарнулі вулічныя баі і занялі амаль палову цэнтр.ч. горада на левым беразе Віслы, аднак з-за недахопу боепрыпасаў былі вымушаны перайсці да абароны. Пасля далучэння цывільнага насельніцтва (найперш моладзі) і часцей Арміі Людовай паўстанне стала масавым (усяго каля 50 тыс. дрэнна ўзброеных людзей). У гэты ж час ням.-фаш. войскам удалося прыпыніць наступленне часцей Чырв. Арміі на Варшаву (1 жн.), сав. авіяцыя спыніла бамбардзіроўкі ням. пазіцый у польск. сталіцы (2 жн.). 4 жн. гітлераўцы перайшлі ў наступленне на паўстанцаў і да 9 вер. расчлянілі раёны, якія ўтрымлівалі польск. патрыёты, на ізаляваныя сектары. Ва ўмовах крызісу паўстання 14 вер.сав. часці авалодалі Прагай — прадмесцем Варшавы на правым беразе Віслы. Ноччу 16 вер.сав. войскі і 1-я Польская армія фарсіравалі Віслу, але не ўтрымаліся на яе зах. беразе. Сав. і амер.-англ. авіяцыя скідвала паўстанцам зброю, харчаванне, амуніцыю. Выкарыстоўваючы танкі, артылерыю, авіяцыю, ням.-фаш. войскі (амаль 50 тыс.чал.) на чале з ген. Э. фон дэн Бах-Зелеўскі канчаткова адрэзалі паўстанцаў ад Віслы і паступова задушылі цэнтры супраціўлення. 2 кастр. кіраўніцтва АК падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога паўстанцы атрымалі права камбатантаў, а цывільнае насельніцтва эвакуіравалася з горада. У палон трапіла каля 16 тыс. паўстанцаў, 22—25 тыс.чал. былі забіты ці прапалі без вестак. Цывільнае насельніцтва страціла 150—200 тыс.чал.Ням. 9-я армія, якая душыла паўстанне, страціла забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 26 тыс.чал. Паводле загаду Гітлера пасля эвакуацыі каля 500 тыс. ацалелых жыхароў Варшавы пачалося яе сістэм. разбурэнне.
Літ.:
Назаревич Р. Варшавское восстание, 1944 год: Полит. аспекты: Пер. с пол. М., 1989;
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 3, т. 5—6. С. 398—407;
Kunert A.K. Rzeczpospolita Walcząca: Powstanie Warszawskie, 1944: Kalendarium. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Варшаўскае паўстанне 1944. Помнік паўстанцам у Варшаве. Аўтар В.Куцма. 1989.