мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл.Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць метынавыя групы —CH=, што ўтвараюць ланцуг спалучаных падвойных сувязей з няцотным лікам атамаў вугляроду паміж электронадонарнай і электронаакцэптарнай групамі па канцах. Колькасць метынавых груп у адкрытым ланцугу малекулы фарбавальніка можа быць і невялікай 1, 2, 3 і г.д., адпаведна адрозніваюць мона-, ды-, тры- і інш. метынавыя фарбавальнікі.
П.ф. маюць колеры ад жоўтых да зялёных, для іх характэрна высокая інтэнсіўнасць і святлоўстойлівасць афарбоўкі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі поліакрыланітрыльных і ацэтатных валокнаў, пластмас, фарбавання натуральнай скуры, вырабу чарніла, штэмпельных фарбаў і капіравальнай паперы, як аптычныя сенсібілізатары ў фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЫМЕ́РНЫЯ І НЕСУВЫМЕ́РНЫЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,
аднародныя велічыні, што маюць або адпаведна не маюць агульнай меры (велічыні такой жа прыроды), лікавае значэнне якой змяшчаецца цэлы лік разоў у кожнай з іх. Суадносіны сувымерных (несувымерных) велічынь выражаюцца рацыянальным (ірацыянальным) лікам. 2 адрэзкі — старана і дыяганаль квадрата — не маюць агульнай меры, якой бы малой ні была адзінка вымярэння. Несувымерныя таксама плошчы круга і квадрата, пабудаванага на радыусе гэтага круга.
Несувымернасць пэўных адрэзкаў адкрылі стараж.-грэч. матэматыкі. Гэта выклікала крызіс асноў грэч. матэматыкі (яна грунтавалася на паняцці цэлых лікаў як меры ўсіх рэчаў), спрыяла далейшаму развіццю матэматыкі і прывяло да адкрыцця ірацыянальных лікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЎНЕ́ННЕ ЧА́СУ,
рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным часам. Роўная рознасці прамых узыходжанняў сапраўднага і т.зв. сярэдняга Сонца.
У.ч. абумоўлена тым, што сапраўдны сонечны час нераўнамерны з прычыны нераўнамернасці руху Зямлі па арбіце і нахілу экліптыкі да экватара. На працягу года мяняецца ад +14 мін 22 с да -16 мін 24 с. Пры дапамозе У.ч. вызначаюць сярэдні мясцовы час. Значэнні У.ч. на кожны дзень даюцца ў астр. штогодніках і календарах.
Графік ураўнення часу: 1, 2 — складальныя ўраўнення часу. вызначальныя нераўнамернасцю руху Зямлі па арбіце і нахілам экліптыкі да экватара. адпаведна; 3 — ураўненне часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЛЬХНЕРА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Filchner Ice Shelf). У Зах. Антарктыдзе, на ўзбярэжжы мора Уэдэла, паміж Берагам Луітпальда і ўзвышшам Беркнер. Да канца 1960-х г. назва пашыралася і на шэльфавы ледавік Роне (на З ад узв. Беркнер). Працяг з 3 на У каля 200 км, з Пн на Пд да 450 км. Выш. ў краявой ч. 30 м, у цэнтр. і тылавой ч. 70—120 м, таўшчыня лёду адпаведна 200 і 450—700 м. Адкрыты ў 1912 ням. экспедыцыяй В.Фільхнера. На ледавіку ў розныя гады дзейнічалі навук. станцыі Аргенціны, Вялікабрытаніі, ЗША, СССР (Дружная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАТЭ́МА (ад акра... + тэма),
найбуйнейшае падраздзяленне агульнай стратыграфічнай шкалы, што аб’ядноўвае геал. ўтварэнні, якія сфарміраваліся на Зямлі за найб. працяглы прамежак часу — акрон. Тэрмін прапанаваў рас. геолаг У.В.Менер у 1977, уключаны ў «Стратыграфічны кодэкс» у 1992.
Вылучаюць 3 А.: архейскую, пратэразойскую; 3-я А. адпавядае фанеразою (назвы яшчэ не мае). Архейскую А. падзяляюць на ніжне- і верхнеархейскую эонатэмы, пратэразойскую А. адпаведна на ніжне- і верхнепратэразойскую. Утварэнні названых А. пашыраны і ў зямной кары Беларусі. Гл. таксама Архей, Дакембрый, Пратэразой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРО́Н (ад грэч. akros крайні, самы аддалены, высокі),
падраздзяленне вышэйшага рангу геахраналагічнай шкалы; геахраналагічны эквівалент акратэмы, што адпавядае найбуйнейшаму этапу геал. гісторыі Зямлі. Тэрмін «А.» прапанаваў рас. геолаг У.В.Менер у 1977. Вылучаюць 3 А.: архейскі і пратэразойскі, працягласцю да 2 млрд. гадоў кожны; 3-і (найб. позні) адпавядае па працягласці часу фанеразою (назву яшчэ не атрымаў).
А. падзяляюць на эоны. У архейскім А. вылучаюць ранне- і познаархейскі эоны, у пратэразойскім адпаведна ранне- і познапратэразойскі. Утварэнні названых А. пашыраны і на тэр. Беларусі. Гл. таксама Архей, Дакембрый, Пратэразой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,
функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гома... + зігота),
спадчынная аднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах ідэнтычных алеляў дадзенага гена, якія аднабакова ўплываюць на пэўную прыкмету. Арганізм пры гэтым наз. гомазіготным адпаведна разглядаемай пары генаў. Пры размнажэнні гомазіготы звычайна адсутнічае расшчапленне прыкмет. Гомазіготнасць уласціва самаапладняльным арганізмам. Гомазіготы маюць паніжаную жыццяздольнасць і больш вузкую магчымасць прыстасаванасці да умоў асяроддзя, чым гетэразіготныя арганізмы (гл.Гетэразіготнасць). У эксперыментах іх атрымліваюць з дапамогай інбрыдзінгу. Гомазіготнасць неабходна для падтрымання розных формаў арганізмаў у генетычных калекцыях, захоўвання пэўных характарыстык ліній, сартоў і парод. Гомазіготныя формы (лініі) выкарыстоўваюць для вырашэння пытанняў спадчыннасці і зменлівасці, у с.-г. вытв-сці — для атрымання эфекту гетэрозісу.