адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с.
, дзе m — маса цела, — Карыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл.Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,
HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адноснавял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВЯШЧА́ННЕ,
распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫ РЭЖЫ́М,
метад аховы прыродных тэрыторый, комплексаў і аб’ектаў шляхам поўнага ці абмежаванага неўмяшання людзей у прыродныя працэсы. Адрозніваюць абсалютна-запаведны (напр., у зонах абсалютнай запаведнасці ў запаведніках, нац. парках) або адносна-запаведны (напр., у зонах рэкрэацыйнага карыстання, кіроўных прыродных зонах нац. паркаў, заказніках) рэжым. Агульнае патрабаванне З.р. — недапушчальнасць атрымання эканам. выгады (выпас, касьба і інш.). Уводзіцца З.р. для захавання генафонду жывёл, раслін, дасягнення інш. мэт аховы прыроды на аснове падтрымання экалагічнай раўнавагі. На Беларусі З.р. ахоплены тэр. агульнай пл. каля 1,4 млн.га (заказнікі, запаведнікі, нац. паркі, помнікі прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ША ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТЫ́Я,
асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
цёплыя, паверхневыя, накіраваныя на З цячэнні Сусветнага акіяна. Выклікаюцца ўстойлівымі паўд.-ўсх.пасатамі. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны паміж 25°паўд. ш. і 5°паўн. ш., у Індыйскім ак. — паміж 25 і 5°паўд. ш. Вылучаюцца значнай шырынёй (да 2500 км) і адносна малымі скарасцямі (0,36—1,8 км/гадз). Т-ра вады 22—28 °C. П.п.ц. складаюць паўн. сектар субтрапічных кругаваротаў Паўд. паўшар’я і з’яўляюцца працягам у Атлантычным ак.Бенгельскага цячэння, у Ціхім — Перуанскага цячэння, у Індыйскім — Заходне-Аўстралійскага цячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛІ́ЕЎСКАЯ РА́ННЯЯ,
сорт грушы селекцыі Мліеўскай доследнай станцыі садаводства імя Л.П.Сімірэнкі (Украіна), атрыманы ад скрыжавання сартоў Эксперэн і Глыва ўкраінская. Перспектыўная для вырошчвання на Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.).
Дрэва сярэднярослае з шырокапірамідальнай кронай сярэдняй гушчыні. Пладаносіць на 4—5-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівая, адносна ўстойлівая да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады сярэдняй велічыні (90—140 г). Афарбоўка светла-жоўтая з невял. румянцам, паверхня з дробнымі ржавымі пятнамі плямамі*. Мякаць белая, сакавітая, масляністая, салодкая. Спажывецкая спеласць — у сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК XVIII (Louis; 17.11.1755, г. Версаль, Францыя — 16.9.1824),
кароль Францыі [1814—24]. 3 дынастыі Бурбонаў. Брат Людовіка XVI, граф Праванскі. У час рэвалюцыі 1789—99 уцёк з Францыі (1791). У 1795 пасля смерці ў парыжскай турме малалетняга пляменніка (т.зв. Людовіка XVII) абвясціў сябе каралём. Фактычна заняў прастол у 1814 у выніку перамогі краін антыфранц. кааліцыі над Напалеонам I. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I (сак.—чэрв. 1815) знаходзіўся ў Бельгіі. Да 1820 праводзіў адносна ліберальную палітыку, пазней трапіў пад уплыў ультрараялістаў. Гл. таксама Рэстаўрацыя ў Францыі.