Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс.адзінакасн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.І.Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЯ (англ. mile),
пазасістэмная адзінка даўжыні ў неметрычных сістэмах адзінак. Назва паходзіць ад лац. milia passum — «тысяча крокаў». У Стараж. Рыме М. вызначалі як «тысячу падвойных крокаў узбр. воіна (легіянера)» і лічылі яе роўнай 1481 м (пазней 1483,5 м). У сярэднія вякі ў краінах Еўропы прымяняліся розныя па лікавых значэннях нац. М. (напр., старая рус. М. раўнялася 7,468 км). У навігацыі выкарыстоўваюцца: міжнародная марская М. — даўж. 1 градуса дугі зямнога сфероіда на шыраце 44,5°, прынята роўнай 1,852 км, сухапутная (статутная, законная) М. — роўная 1609,344 м і брытанскаямарская (адміралцейская) М. — роўная 1853,184 м (ужываюцца ў англамоўных краінах); экватарыяльная М. — ’даўж. 1 градуса дугі зямнога экватара, роўная 1855,1 м; геаграфічная, або нямецкая М. — даўж. 4 градусаў дугі зямнога экватара, роўная 7420,4 м і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ((Rákóczi) Дзьёрдзь I) (8.6.1593, г. Серэнч, Венгрыя — 11.10.1648),
князь Трансільваніі ў 1630—48. Пераемнік Г.Бетлена. У 1643 заключыў антыгабсбургскі саюз са Швецыяй, у 1645 і з Францыяй і ўключыўся ў Трыццацігадовую вайну 1618—48. У лют. 1644 на чале 30-тыс. войска рушыў у паход супраць Габсбургаў, у ходзе якога заняў б.ч. Славакіі, у 1645 злучыўся са швед. войскамі, якія трымалі ў аблозе г. Брно. У снеж. 1645 заключыў у г. Лінц (Аўстрыя) мірны дагавор з венг. каралём Фердынандам III Габсбургам, паводле якога прызнана далучэнне да Трансільваніі 5 заваяваных Р. венг. камітатаў (адм.адзінак) і прадастаўлена свабода веравызнання на падуладных Габсбургам венг. землях. Устанавіў сяброўскія сувязі з Б.Хмяльніцкім. Заахвочваў развіццё гарнарудных промыслаў, рамяства і гандлю. Заснаваў ун-т у г. Шарашпатак (Венгрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІМІ́Я,
тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІО́—САВА́РА ЗАКО́Н,
закон, што вызначае вектар індукцыі магнітнага поля, створанага эл. токам. Адкрыты Ж.Б.Біо і Ф.Саварам (1820), сфармуляваны ў агульным выглядзе П.Лапласам (наз. таксама закон Біо—Савара—Лапласа).
Паводле Біо—Савара закона малы адрэзак правадніка даўж. dl, па якім працякае ток сілай I, стварае ў зададзеным пункце прасторы M, што знаходзіцца на адлегласці r ад dl, магнітнае поле з індукцыяй
, дзе α — вугал паміж напрамкам току ў адрэзку dl і радыус-вектарам , праведзеным ад dl да названага пункта M, k — каэфіцыент прапарцыянальнасці, які залежыць ад выбранай сістэмы адзінак; у СІ
. Вектар перпендыкулярны да плоскасці, у якой ляжыць dl і r, а яго напрамак вызначаецца правілам правага вінта. Біо—Савара закон выкарыстоўваецца для разлікаў пастаянных і квазістацыянарных магн. палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўдзельнае княства ВКЛ з цэнтрам у г. Капыль. Утворана ў 1395. У канцы 14—1-й пал. 15 ст. княства наз. таксама Капыльска-Слуцкім ці Слуцка-Капыльскім, з 2-й пал. 15 ст. — Слуцкім, бо ў сярэдзіне 15 ст. Алелькавічы перанеслі сваю сталіцу ў г. Слуцк. У 1494 тэр. княства ўключала г. Капыль з яго дварамі (цэнтрамі маёнткаў) і дварцамі (цэнтрамі невял. маёнткаў) — Байлаўцы (Баелаўцы), Сыраватчычы, Старыца, Скеп’ева, Старое Сяло; пазней згадваецца мяст. Цімкавічы. Такі адм. ўклад захоўваўся да 1791, і К.к. было адной з адм.-тэр.адзінак Слуцкага княства са сваім намеснікам, або губернатарам. У 1791 сейм Рэчы Паспалітай скасаваў К.к. (разам са Слуцкім) і ўтварыў на іх тэр. Случарэцкі пав., але памешчыцкая адміністрацыя К.к. ў княжацкай адміністрацыі Радзівілаў, а потым Вітгенштэйна захоўвалася яшчэ ў 1-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я БА́ЗА,
запасы і крыніцы кармоў, якія маюць гаспадарка, раён, вобласць, краіна. К.б. жывёлагадоўлі ўключае кармы, атрыманыя на ворных землях, прыродных сенажацях і пашы, камбікармы, кармы і кармавыя дабаўкімікрабіял., хім. сінтэзу, мінер. і жывёльнага паходжання, а таксама пабочных прадуктаў (кармавых адходаў) рыбнай, мяса-малочнай, мукамольнай і харч. прам-сці. На Беларусі ствараецца па трох асн. кірунках: атрыманне найб. выхаду кармавых адзінак і пратэіну з 1 га зямлі пры нізкім іх сабекошце (прадугледжвае павышэнне ўрадлівасці глебы і ўкараненне найб. эфектыўнай агратэхнікі пры вырошчванні кармавых культур, стварэнні высокапрадукцыйных лугоў і пашы); макс. захаванне вырашчанага ўраджаю кармавых культур (выкарыстанне прагрэс. тэхналогій уборкі, нарыхтоўкі і захоўвання кармоў на аснове комплекснай механізацыі); рацыянальнае выкарыстанне нарыхтаваных кармоў (укараненне навукова абгрунтаваных сістэм і рацыёнаў кармлення жывёл). К.б. для дзікіх жывёл — прыродныя і штучна створаныя крыніцы дадатковай падкормкі ў неспрыяльныя для іх існавання перыяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл.Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс.адзінакасн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.К.Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Адкрыты ў 1995 у в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Засн. ў 1993 на базе створанага ў 1982 аматарам П.Пташыцам калгаснага музея. Пл. экспазіцыі каля 1000 м², 17,1 тыс.адзінакасн. фонду (2000). Аддзелы: гісторыі сял. побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, нар. адзення, вуснай нар. творчасці. Экспазіцыя прысвечана культуры Зах. Палесся. Сярод экспанатаў: археал., прылады працы, вырабы майстроў па дрэве, ганчароў, ткачых, калекцыі вышыўкі, бездзежскіх выкладаў і фартушкоў, маляваных, тканых, вышываных дываноў, адзення мотальскага і драгічынскага строяў, творы мастакоў У.Капшая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка. Ёсць дыярама старадаўняга Моталя і яго ваколіц, інтэр’ер хаты пач. 20 ст., фотатэка і інш. Паводле матэрыялаў музея створаны кінастужкі «Палескія вяселлі» (1986, рэж. З.Мажэйка), «Пераблытанка» (1989, рэж. А.Мезенцаў), «Мотальскія анекдоты, жарты, байкі» (1990, рэж А.Пестаў). На базе фондаў музея праводзяцца выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),
малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).
Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.