КАРЭЛЯ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,

узаемасувязь і ўзаемаабумоўленасць моўных элементаў, у аснове якой частковыя адрозненні матэрыяльных або функцыян. уласцівасцей структурных элементаў мовы. Выкарыстоўваецца на ўсіх моўных узроўнях. Найб. распрацавана фаналагічная К. Гэта сістэма проціпастаўленняў, што апіраюцца на адну дыферэнцыяльную (карэляцыйную) прыкмету. У бел. мове сістэма зычных фанем апіраецца на К. цвёрдых-мяккіх, глухіх-звонкіх, шыпячых-свісцячых, выбухных-афрыкатыўных зычных.

Найб. значнымі з’яўляюцца К. цвёрдых-мяккіх (14 пар): «п-п’», «б-б’», «м-м’», «в-в’», «ф-ф’», «т-ц’», «д-дз’», «с-с’», «з-з’», «н-н’», «л-л’», «к-к’», «г-г’», «х-х’» («пат-п’ат», «[б]ыць-[б’]іць», «ко[н]-ко[н’]») і глухіх-звонкіх (11 пар): «б-п», «б’-п’», «д-т», «дз’-ц’», «з-с», «з’-с’», «ж-ш», «дж-ч», «г-х», «g-к», «дз-ц» («бас—пас», «біць—піць», «каса—каза»). К. шыпячых-свісцячых складаюць «с-ш», «с’-ш», «з-ж», «з’-ж», «ц-ч», «дз-дж» («сыр—шыр», «[з’]аць—жаць», «чараваць—цараваць»). К. выбухных-афрыкатыўных грунтуюцца на проціпастаўленні спалучэнняў «гс-ц», «тш-ч» («а[тш]умець—а[ч]умець», «па[тс]адзіць—па[ц]адзіць»). У пэўных фанет. умовах чл. карэляцыйных радоў нейтралізуюцца — супадаюць у адным элеменце пары. Напр., у канцы слоў глухія-звонкія прадстаўлены толькі глухімі: «каса—каза—[кос]» (у арфаграфіі «кос» і «коз»). Большасць фанем бел. мовы ўваходзіць у некалькі К. (напр., фанема «з» ёсць у К. глухіх-звонкіх, цвёрдых-мяккіх, шыпячых-свісцячых).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Основы фонологии: Пер. с нем. М., 1960;

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​І.​Падлужны.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,

разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіцця міжнар. гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар. эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЎГА́С, савецкая гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс. га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс. га с.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп. самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс. га с.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.

А.​М.​Сарокін.

т. 14, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГУЛЯ́РНАСЦЬ (ад лац. singularis асобны, асаблівы) касмалагічная, асаблівы стан у пачатку касмалагічнага расшырэння Сусвету ў фрыдманаўскіх і некаторых інш. касмалагічных мадэлях агульнай адноснасці тэорыі (АТА), што ляжаць у аснове сучаснай касмалогіі. Характарызуецца разбежнымі значэннямі шчыльнасці энергіі матэрыі, інварыянтаў тэнзара крывізны і інш. параметраў.

Існаванне Сусвету ў часе ў рамках гэтых мадэлей у мінулым абмежавана касмалаг. С. Наяўнасць яе ў касмалаг. рашэннях АТА сведчыць аб непрыдатнасці класічнай АТА у вобласці экстрэмальных умоў. Рабілася мноства спроб рашэння праблемы С., якія прывялі да пабудовы некаторых рэгулярных касмалаг. мадэлей, у прыватнасці, пабудаваны рэгулярныя закрытыя інфляцыйныя касмалаг. мадэлі ў рамках АТА і калібровачных тэорый гравітацыі. Існаванне Сусвету ў такіх мадэлях у мінулым і будучым не абмежавана ў часе. Стадыі касмалаг. расшырэння папярэднічае стадыя сціскання, а замест С. выступае стан з экстрэмальна вялікімі (магчыма, планкаўскімі) значэннямі шчыльнасці энергіі, т-ры і інш. параметраў. З гэтага стану пачынаецца расшырэнне Сусвету, якое падобна да Вялікага Выбуху і мае экспаненцыяльны характар у інфляцыйных мадэлях. Згодна з тэарэт. і назіральнымі данымі працягласць касмалаг. расшырэння («узрост Сусвету») у межах 10—20 млрд. гадоў.

Літ.:

Силк Дж. Большой взрыв: Пер. с англ. М., 1982;

Вайнберг С. Первые три минуты: Пер. с англ. М., 1981;

Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2000;

Minkevich A.V. Vacuum gravitational repultion effect and regular inflationary cosmology // X Intematioual Seminar «Nonlinear Phenomena in Complex Systems». Minsk, 2001.

А.​В.​Мінкевіч.

т. 14, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́АКА-ГУЦЯ́ВІЧУС (Stuoka-Gucevičieus) Лаўрынас, Гуцэвіч (Gucewicz) Ваўжынец (5.8.1753, с. Міганяй Панявежскага пав., Літва — 21.12.1798), літоўскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1773—75, вучань М.​Кнакфуса), Рыме (1776—77), Парыжскай каралеўскай акадэміі (1778) у арх. Ж.​Ж.​Суфло, К.​Н.​Леду і арх. школе Ж.​Ф.​Бландэля. Выкладаў у Школе літ. інж. корпуса ў Вільні (1789—94) і Віленскім ун-це (1795—98); праф. (з 1793). Удзельнік паўстання Т.​Касцюшкі (1794). Асн. работы: у Вільні — кафедральны сабор св. Станіслава (1777—1801, дабудаваў арх. М.​Шульц; у аснове гатычны сабор 15 ст.), палац епіскапа (1792, перабудаваны ў 19 ст. паводле праекта В.​П.​Стасава), рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля Масальскіх у Веркяй (пачата Кнакфусам; завершана ў 1810), праект рэканструкцыі і буд-ва ратушы (1781—99, завершана Шульцам); рэканструкцыя замка 16 ст. ў Раўдоне (Юрбаркскі пав., канец 18 ст.). У 1780 стварыў тапаграфічны план Вільні. На Беларусі паводле праектаў С.-Г. на заказ Магілёўскага архіепіскапа С.​Богуш-Сестранцэвіча пабудаваны касцёл (1787—94, не захаваўся) і сядзібны комплекс у в. Маляцічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. (буд-вам кіраваў яго вучань Я.​Падчашынскі). Касцёл уяўляў сабой паменшаную копію сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар праекта ратушы ў г.п. Відзы Віцебскай вобл. (1795, не захавалася), многіх незахаваных палацавых комплексаў для магнатаў і шляхты. Творчасць С.-Г. істотна паўплывала на літ., польск. і бел. архітэктараў перыяду класіцызму.

В.​Ф.​Марозаў.

Л.Стуака-Гуцявічус. Касцёл у в. Маляцічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобл. Фота пач. 20 ст.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭОРЫЯ ГРАФАЎ

Сістэматычныя даследаванні ў галіне тэорыі графаў на Беларусі вядуцца з пач. 1970-х.г. у БДУ і Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Яны пачаты Р.​І.​Тышкевіч у сувязі з вядомай праблемай характарызацыі уніграфаў. Асноўныя выкарыстанні тэорыі графаў звязаны з праектаваннем інтэгральных схем і схем кіравання, даследаваннем аўтаматаў, лагічных ланцугоў і блок-схем праграм, апісаннем узаемадзеянняў аб’ектаў у эканоміцы і хіміка-біял. навуках.

Пабудавана тэорыя дэкампазіцыі графаў, арыентаваная на рашэнне класіфікацыйных, алгарытмічных і характарызацыйных задач (Р.​І.​Тышкевіч). На гэтай аснове вырашаны праблемы характарызацыі і пералічэння уніграфаў, дамінантна- і бокс-парогавых графаў; знойдзены характарызацыі вымушана і патэнцыяльна P-графічных паслядоўнасцей для шэрагу ўласцівасцей P (Р.​І.​Тышкевіч, А.​А.​Чарняк, Ж.​А.​Чарняк). З дакладнасцю да аўтамарфізмаў, якія захоўваюць арыентацыю сферы, пералічаны неізаморфныя двухзвязныя плоскія карты (В.​А.​Ліскавец). Распрацаваны эфектыўныя алгарытмы размяшчэння графаў і гіперграфаў (В.​В.​Лепін), метады распазнавання рэберных графаў гіперграфаў і дуальных графаў прамавугольных разбівак; даказана рэканструяванасць планарных графаў са спец. укладкай (У.​Л.​Цюрын). Высветлены ўплыў шэрагу тэарэтыка-графавых параметраў на складанасць алгарытмічных задач (У.​І.​Бенедзіктовіч, М.​М.​Буснюк, В.​Э.​Звяровіч, І.​Э.​Звяровіч, Ю.​М.​Мяцельскі, У.​І.​Сарванаў, С.​В.​Суздаль, Р.​І.​Тышкевіч), высветлена алгарытмічная складанасць і знойдзены ўмовы паліномнай вырашальнасці праблемы пабудовы рэалізацый гіперграфаў з зададзенымі ўласцівасцямі (А.​С.​Азаронак, А.​Г.​Левін, А.​І.​Мельнікаў, У.​І.​Сарванаў).

Літ.:

Лекции по теории графов. М., 1990.

У.​І.​Сарванаў.

т. 18, кн. 2, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІ́К (Dianthis),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 9 відаў, з іх 7 мясцовых — гваздзік армерыяпадобны (D. armeria), Борбаша (D. borbasii), вузкачашачкавы (D. stenocalyx), дэльтападобны, або травянка (D. deltoides), картузіянскі (D. carthusianorium), пышны (D. Superbus), пясчаны (D. arenarius); 2 занесеныя — гваздзік раўнінны (D. campestris), і Фішэра (D. ficheri). Растуць у сухіх барах і шыракалістых лясах, на пясчаных мясцінах, лугах і ў поймах рэк. Гваздзік армерыяпадобны і картузіянскі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь; Борбаша, вузкачашачны і пышны патрабуюць прафілактычнай аховы. У культуры вырошчваюць каля 20 відаў. Найб. вядомыя: Гваздзік Андржаеўскага (D. andrzejowskianus), барадаты, або турэцкі гваздзік (D. barbatus), кітайскі (D. chinensis), перысты (D. plumaris), садовы, або галандскі (D. caryophyllus), з буйнымі адзіночнымі махрыстымі кветкамі і шаравата-блакітны (D. gratianopolitanus). Многія з іх маюць садовыя формы; гваздзік барадаты лёгка дзічэе.

Шмат-, рэдка аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, прыўзнятым, простым або галінастым вузлаватым сцяблом Лісце суцэльнае, супраціўнае, сядзячае, звычайна ланцэтнае, падоўжана-ланцэтнае, лінейнае, шылападобнае, ніжняе часта ў разетцы. Чашачка зрослалістая, пры аснове з лускападобнымі, прыціснутымі прыкветнікамі (характэрная прыкмета роду). Кветкі звычайна буйныя, духмяныя, белыя, зеленаватыя, ружовыя, пурпуровыя і інш., 5-членныя, адзіночныя, сабраныя ў верхавінкавыя раскідзістыя або шчыльныя суквецці. Плод — каробачка. Лек., меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гваздзік: 1 — армерыяпадобны; 2 — травянка.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́ ЗА ІСНАВА́ННЕ,

сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі барацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.​Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен барацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.

Літ.:

Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;

Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;

Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.

С.​Г.​Беленькі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,

галіна галаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.

Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.

На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам А.​С.​Рубанава і Б.​І.​Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ і інш.

А.​С.​Рубанаў.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ВЫ,

устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб. стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.

Публ.:

Замовы. Мн., 1992.

Літ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 5. Витебск, 1891;

Астахова А.М. Художественный образ и мировоззренческий элемент в заговорах. М., 1964;

Толстой Н.И. Из наблюдений над полесскими заговорами // Славянский и балканский фольклор. М., 1986;

Барташэвіч Г.А. Магічнае слова. Мн., 1990.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)