СТУ́АКА-ГУЦЯ́ВІЧУС (Stuoka-Gucevičieus) Лаўрынас, Гуцэвіч (Gucewicz) Ваўжынец (5.8.1753, с. Міганяй Панявежскага пав., Літва — 21.12.1798), літоўскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1773—75, вучань М.Кнакфуса), Рыме (1776—77), Парыжскай каралеўскай акадэміі (1778) у арх. Ж.Ж.Суфло, К.Н.Леду і арх. школе Ж.Ф.Бландэля. Выкладаў у Школе літ.інж. корпуса ў Вільні (1789—94) і Віленскім ун-це (1795—98); праф. (з 1793). Удзельнік паўстання Т.Касцюшкі (1794). Асн. работы: у Вільні — кафедральны сабор св. Станіслава (1777—1801, дабудаваў арх. М.Шульц; у аснове гатычны сабор 15 ст.), палац епіскапа (1792, перабудаваны ў 19 ст. паводле праекта В.П.Стасава), рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля Масальскіх у Веркяй (пачата Кнакфусам; завершана ў 1810), праект рэканструкцыі і буд-ва ратушы (1781—99, завершана Шульцам); рэканструкцыя замка 16 ст. ў Раўдоне (Юрбаркскі пав., канец 18 ст.). У 1780 стварыў тапаграфічны план Вільні. На Беларусі паводле праектаў С.-Г. на заказ Магілёўскага архіепіскапа С.Богуш-Сестранцэвіча пабудаваны касцёл (1787—94, не захаваўся) і сядзібны комплекс у в. Маляцічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. (буд-вам кіраваў яго вучань Я.Падчашынскі). Касцёл уяўляў сабой паменшаную копію сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар праекта ратушы ў г.п. Відзы Віцебскай вобл. (1795, не захавалася), многіх незахаваных палацавых комплексаў для магнатаў і шляхты. Творчасць С.-Г. істотна паўплывала на літ., польск. і бел. архітэктараў перыяду класіцызму.
В.Ф.Марозаў.
Л.Стуака-Гуцявічус. Касцёл у в. Маляцічы Крычаўскага раёна Магілёўскай вобл. Фота пач. 20 ст.