Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЙРЫ,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),
форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФІ́Т (ад грэч. neophytos той, хто нядаўна прыняў веравызнанне),
1) першапачаткова ў хрысціянстве: толькі што ахрышчаны паслядоўнік вучэння Хрыста; пасвячоны ў сан святара; манах, які прыняў пострыг. Н. наз. таксама таго, хто нядаўна прыняў якую-н. рэлігію.
2) Новы прыхільнік якога-н. вучэння або грамадскага руху; навічок у чым-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАБІЁЗ (ад грэч. nekros мёртвы + ...біёз),
неабарачальныя фізіялагічныя або паталагічныя змены ў клетцы, што адбываюцца перад яе смерцю. Спалучаюцца з парушэннямі абмену рэчываў, якія прыводзяць да перараджэння клеткі (напр., Н. ліпоідны, Н. ліпоідны дыябетычны). Найб. характэрныя адзнакі Н.: зморшчванне ядра, яго распад і растварэнне, змена шчыльнасці цытаплазмы, аўтоліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТР (ад лац. potentia сіла + ...метр),
1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.
2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн.патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МЫ ЗНАК, невус, радзімка,
загана развіцця скуры; утварэнне, у састаў якога ўваходзяць невусныя клеткі, што ўтрымліваюць меланіны. Размешчаны часцей на скуры, таксама на слізістых абалонках, кан’юнктыве і ў сасудзістай сятчатцы вока. Зрэдку ў вобласці Р.з. назіраецца рост валасоў. Пры траўмах можа перарадзіцца ў меланому, пры гэтым павялічваецца, ушчыльняецца, мяняе колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТАЦЫ́ЙНАЯ ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НА,
паліграфічная друкарская машына, у якой друкарская форма і паверхня, што прыціскае да яе паперу, з’яўляюцца цыліндрамі. Працэс друкавання на Р.д.м. неперарыўны (неперарыўнае вярчэнне цыліндраў), таму ў параўнанні з інш. друкарскімі машынамі яна мае больш высокую прадукцыйнасць. Выкарыстоўваецца для друкавання газет, кніг, часопісаў. Іл.гл. да арт.Друкарская машына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФІНЁР (франц. raffineur ад raffiner ачышчаць, рабіць больш тонкім),
апарат бесперапыннага дзеяння — дыскавы млын для размолу валакністых матэрыялаў (пераважна цэлюлозы), што ідуць на папяровую масу. Суспензія з валакністай масы размолваецца паміж двума дыскамі, якія аснашчаны спец. нажамі і круцяцца ў процілеглых напрамках, або паміж 3 дыскамі, з якіх круціцца толькі сярэдні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦЬМЕ́ННІ,
астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.
Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.
Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.
Літ.:
Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.
Н.А.Ушакова.
Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.Схема зацьмення Месяца.Да арт.Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.