ЗА́ЛЬЦБУРГ (Salzburg),

горад у зах. ч. Аўстрыі, у перадгор’ях Альпаў, у даліне р. Зальцах. Адм. ц. зямлі Зальцбург. 144 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., паліграф., дрэваапр., швейная, харчовая. Ун-т (з 1622). Муз. акадэмія Моцартэум (з 1841). Штогадовы муз.-тэатр. фестываль (з 1917). Цэнтр турызму і курорт міжнар. значэння.

У 1—5 ст. н.э. на месцы З. існавала стараж.-рым. калонія Ювавум. З 739 рэзідэнцыя епіскапа (засн. каля 700), з 798 — архіепіскапа, а таксама купецкае паселішча (назва З. упершыню згадваецца ў 774). Гар. правы з 1368. Месца значных выступленняў у Сял. вайну 1524—26 (гл. ў арт. М.Гайсмайр). У 1622 засн. ун-т. У 1810—15 належаў Баварыі. У 1938—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі.

У 1945—55 у складзе амер. зоны акупацыі Аўстрыі.

Сярод арх. помнікаў абацтва бенедыкцінцаў (засн. каля 690): касцёл св. Пятра (12—13 ст.); комплекс раманскіх і гатычных кляштарных будынкаў (12—14 ст., у т. л. б-ка з багатымі зборамі, скарбніца, капітуляр); могільнік з катакомбамі (3 ст.) і комплексам капліц, у т. л. познагатычная капліца св. Маргарыты (1485—91); сабор (асвячоны ў 774, перабудаваны ў 1611—28 у стылі барока, арх. С.​Салары), абкружаны ансамблем з трох плошчаў з рэзідэнцыяй архіепіскапа (засн. каля 1120, перабудоўвалася ў 16—18 ст.); абацтва бенедыкцінак Нонберг: рамана-гатычны касцёл (11—12, 15 ст.) з раманскімі насценнымі размалёўкамі (сярэдзіна 12 ст.), кляштар (13—17 ст.); касцёл францысканцаў: раннегатычны неф (пач. 13 ст.), гатычны прэсбітэрый (пач. 14 ст.) са скульптурай Мадонны, познагатычная вежа (1486—94); барочныя цэрквы І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха — Калегіяльная (1694—1707), Тройцы (1694—1702), Урсулінак (1699—1705), Шпітальная св. Іаана (1699—1704); б. стайні (1607—62) з зімовай (1662) і летняй (1693) школамі верхавой язды (у 1920—30-я г. перабудаваны ў «Дом прыроды») і будынак моцартаўскіх фестываляў «Фестшпільгаўз», арх. К.​Гольцмайстэр, Э.​Гютэр). Над старым горадам (на выш. 130 м) крэпасць Гоэнзальцбург (засн. ў 1077, перабудавана ў 1465—1519). Муз. акадэмія «Моцартэум» (1912—14, арх. Р.​Бернт). Радзіма В.​А.​Моцарта і яго дом-музей. Музей Караліны Аўгусты. Каля З. замак Гсльбрун (1613—19, арх. Салары).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Панарама Зальцбурга.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА,

нераздымнае злучэнне дэталей машын, канструкцый і збудаванняў пры іх награванні або пластычным дэфармаванні, у выніку якіх у месцы злучэння ўстанаўліваюцца трывалыя міжатамныя сувязі. Вызначаецца прадукцыйнасцю, універсальнасцю і эканамічнасцю. Пашырана ў прам. вытв-сці і буд-ве (гл. Зварныя канструкцыі). Найб. значэнне мае З. металаў і сплаваў; зварваюць таксама пластмасу, шкло, кераміку і інш.

Адрозніваюць З. плаўленнем і З. ціскам (пластычным дэфармаваннем). Да З. плаўленнем адносяцца: адзін з відаў высокачастотнай зваркі, газавая зварка, дугавая зварка, у т. л. газаэлектрычная зварка і падводная (гл. Падводная зварка і рэзка), лазерная зварка, плазменная зварка, электрашлакавая зварка, электронна-прамянёвая зварка і інш. Да З. ціскам адносяцца: адзін з відаў ВЧ-зваркі, кантактавая зварка, зварка выбухам, зварка трэннем, ультрагукавая зварка, халодная зварка, дыфузійная зварка і інш. У залежнасці ад віду зварачнага абсталявання адрозніваюць ручную, механізаваную і аўтам.

З.; ад спосабу аховы зварнога шва ад шкоднага ўздзеяння паветра — З. ў ахоўных газах, у вакууме, пад флюсам, з аховай шлакам; ад тыпу электродаў — З. плаўкімі і няплаўкімі (вугальнымі, вальфрамавымі і інш.) электродамі. Да зварачных адносяць таксама працэсы пайкі, наплаўкі і інш. Найпрасцейшыя віды З. (кавальская зварка, ліцейная) узніклі з пачаткам вытв-сці і апрацоўкі металаў. Найб. пашыраныя віды электразваркі (дугавая, кантактавая) створаны ў 19 ст. ў выніку прац В.У.Лятрова, М.М.Бенардоса, М.Г.Славянава і інш. Першую гарэлку зварачную (ацэтыленакіслародную) сканструяваў франц. інж. Э.фушэ (1903). Праблемы З. вывучаюцца ў Ін-це электразваркі АН Украіны і інш. Важныя даследаванні ў галіне З. правялі Я.А.Патон, Б.Я.Патон, Г.А.Нікалаеў, М.​М.​Рыкалін, К.​К.​Хрэнаў і інш.

Літ.:

Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;

Руге Ю. Техника сварки: Справ. Пер. с нем. Ч. 1—2. М., 1984;

Гурд Л.М. Основы технологии сварки: Пер. с англ. М., 1985;

Верховенко Л.В., Тукин А.К. Справочник сварщика. Мн., 1977;

Гуревич С.М. Справочник по сварке цветных металлов. 2 изд. Киев, 1990;

Сварка и свариваемые материалы: Справ. Т. 1—2. М., 1991—96.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Зварка. А — схема дугавога разраду пры зварцы (1 — катод, 2 — слуп дугавога разраду, 3 — анод, 4 — полымя зварачнай дугі); Б — парашковы дрот для зваркі (1 — бясшвовы, 2 — трубчасты з нахлёсткай, 3 — фальцаваны, 4 — двухслойны).
Схема зваркі трэннем: 1, 2 — дэталі, якія зварваюцца; 3 — паверхня трэння і зваркі; V — скорасць; P — намаганне.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 24.3.1960). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 32 тыс. чал. (1997; без г. Калінкавічы), гарадскога 5,3%. Сярэдняя шчыльн. 11,4 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Калінкавічы; г.п. Азарычы, 130 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Бярозаўскі, Вялікааўцюкоўскі, Гарбавіцкі, Гарочыцкі, Даманавіцкі, Дудзіцкі, Зеляноцкі, Казловіцкі, Капліцкі, Крукавіцкі, Ліпаўскі, Малааўцюкоўскі, Міхнавіцкі, Нахаўскі, Прудоцкі, Савіцкі, Сыродскі, Хобненскі, Чкалаўскі, Шыіцкі, Юравіцкі, Якімавіцкі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да зоны з перыяд. кантролем аднесена 66 нас. пунктаў (19,2 тыс. чал.), да зоны пражывання з правам адсялення — 12 нас. пунктаў (3,3 тыс. чал); з абароту выведзены 3157 га с.-г. угоддзяў.

Раён размешчаны ў межах Прыпяцкага (зах. ч.) і Гомельскага (паўн. і ўсх. часткі) Палесся. Паверхня пераважна нізінная. На ПдУ Юравіцкае ўзвышша. 99% тэр. на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 167,5 м (на У ад в. Юравічы). Карысныя выкапні: нафта, торф, мінер. фарбы, гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 575 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. На ПдУ працякае р. Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа (з Вішай), Ненач, Закованка, Віць. Найб. меліярац. каналы: Ненач, Абедаўка, Гарочыцкі, Дубнянская канава. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (34,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,4%) і дзярнова-падзолістыя (22,5%). Пад лесам 50,4% тэр. Пашыраны хваёвыя і бярозавыя лясы. Балоты займаюць 2,4% тэр.; найб. з іх Васілевічы-2, Іпа-Вішанскае, Сухавіцкае і Вял. Мох.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 107 тыс. га, з іх асушаных 54,2 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 21 калгас, 11 саўгасаў, 5 дапаможных і 20 фермерскіх гаспадарак, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу і кармавыя культуры. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Жлобін—Оўруч (Украіна) і Гомель—Лунінец, аўтадарогі Гомель—Брэст, Бабруйск—Оўруч, нафтаправод «Дружба», газаправод. У раёне 24 сярэднія, 16 базавых, 6 пач. школ, 1 школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры, 24 клубы, 6 бальніц, амбулаторыя, радзільны дом, 46 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба з пейзажным паркам (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ліпава, касцёл і калегіум езуітаў (1717—46) у в. Юравічы. Помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці (1965). Выдаецца газ. «Калінкавіцкія навіны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс. км². Нас. 1249 тыс. чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г. Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.

Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч. прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар. маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс. га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс. га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОС-А́НДЖЭЛЕС (Los Angeles),

горад на ПдЗ ЗША, у штаце Каліфорнія. 3448,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 7,8 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Канцавы пункт транскантынентальнай чыг. Нью-Йорк—Чыкага—Л.-А. Адзін з найб. партоў краіны. 7 аэрапортаў, у т. л. міжнародны. Важны прамысл. цэнтр краіны, вядучы эканам. і навук. цэнтр Захаду ЗША. Буйнейшы цэнтр авіяракетнай прам-сці (канцэрны Локхід і Дуглас). Прам-сць: радыёэлектронная (у т. л. вытв-сць ЭВМ і інш. абсталявання), прыладабуд., металаапр., аўтамаб., суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., швейная, харч., гумавая, мэблевая. Здабыча нафты (на тэр. горада і шэльфа). Гал. цэнтр кінапрамысловасці і відэабізнесу (Галівуд). 3 ун-ты. Кліматычны марскі курорт. Турызм. Ваенна-марская база. Месца правядзення X і XXIII Алімп. гульняў (1932, 1984).

Засн. ў 1781 іспанцамі як францысканская місія, вакол якой разбудоўваўся горад. З 1821 у складзе віцэ-каралеўства Новая Іспанія, потым Мексікі, з 1845 сталіца мекс. штата Каліфорнія. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты амер. войскамі, пасля вайны ўключаны ў склад ЗША Развіццё горада паскорылася пасля буд-ва транскантынент. чыгункі (1876—85), адкрыцця радовішча нафты (1892). У 1911 тут засн. першая кінастудыя, у 1930-я г. пачаўся росквіт кінавытворчасці.

У 19 ст. горад меў прамавугольную планіроўку з плошчай (пласа) у цэнтры. Захаваліся царква Нуэстра Сеньёра ла Рэйна дэ Лос Анхелес (1818, пасля перабудовы ў 1861 — Пласа-чорч) і 2-павярховы дом з адобы (сырцовай цэглы і рэзанай саломы) Луга-хаўс (1840-я г.). Сучасны Л.-А мае строга рэгулярную планіроўку з малой шчыльнасцю забудовы, пранізаны шматлікімі аўтадарогамі са складанымі развязкамі. У забудове пераважаюць прыватныя вілы. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: грамадскія цэнтры Бэнінг-хаўс (1911), Додж-хаўс (1915—16, абодва арх. І.​Джыл), Барнсдэл-хаўс (Холіхак-хаўс, цяпер Муніцыпальная маст. галерэя, 1920), Сцёрджэс-хаўс (1939—40, абодва арх. Ф.​Л.​Райт), Ловел-хаўс («Дом здароўя», 1929, арх. Р.​Нёйтра), царква Бетлем-чорч (1944, Р.​Шындлер), комплексы Музея мастацтва графства Лос-Анджэлес (1965, арх. У.​Перэйра) і Муз. цэнтра (1967, арх. У.​Бекет), атэль «Сентрум» (1970-я г., арх. Р.​Афлек, Р.​Хосла).

Цэнтр Лос-Анджэлеса з высокаскараснымі дарогамі.
Прыгарад Лос-Анджэлеса Беверлі-Хілс.
Будынак ратушы ў Лос-Анджэлесе.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),

апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.

развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл. Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт. Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л. Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл. «Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл. Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл. Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр. рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.

Літ.:

Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;

Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;

Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;

Боханов А. Николай II. М., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава.

Мікалай II.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПнУ Гродзенскай, Пн і ПнЗ Мінскай абласцей, у басейне верхняга і сярэдняга цячэння р. Вілія. Мяжуе са Свянцянскімі градамі на Пн, Верхнебярэзінскай нізінай на У, Мінскім і Ашмянскім узвышшамі на ПдУ і Пд, Нярыска-Жэймянскай нізінай (Літва) на 3. Выш. 155—190 м, найб. 232 м (Канапанцінаўская града), пл. 7,4 тыс. км², працягласць з 3 на У 115—145 км, з Пн на Пд 35—75 км.

Н.-В.н. прымеркавана да паўд.-зах. ч. Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

У паўн. ч. нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення: Свірская, Канстанцінаўская, Паўн.- і Паўд.-Нарачанскія, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўж. 0,5—3 км, з адноснымі выш. 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўн.-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На У нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі. Большасць тэр. Н.-В.н. займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі азёрамі, азёрныя катлавіны, дзюны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель, торф, мінер, воды. Гал. рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча; Струна. Шмат азёр, з іх найбольшыя: Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Сарачанскія. У межах Н.-В.н. пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой Вілейскае вадасховішча. Сярэднія т-ры студз. -7,5 °C, ліп. 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пад лесам 36% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы. Пад ворывам да 35% тэрыторыі. У межах Н.-В.н. нац. парк Нарачанскі, заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічны Чарэмшыца, біял. Дубатоўскае, Некасецкі, Пасынкі, Рудакова. Вакол воз. Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Я.​А.​Ільін.

Нарачана-Вілейская нізіна.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Зах.-Сібірскай раўніны, у Рас. Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. На Пд мяжуе з Казахстанам. Пл. 139,7 тыс. км². Нас. 2180 тыс. чал. (1998), гарадскога 67,2%. Цэнтр — г. Омск. Найб. гарады: Ісількуль, Тара, Калачынск.

Паверхня пераважна раўнінная (выш. 100—140 м), на Пн забалочаная, на Пд невял. выцягнутыя ўзвышшы — грывы. Карысныя выкапні: гліна, пясок, мергель, торф; у азёрах мірабіліт і кухонная соль. Клімат кантынентальны, умерана халодны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака Іртыш з прытокамі Ом, Тара, Туй (справа), Ішым, Оша (злева). Шмат азёр. На Пн і ў цэнтр. ч. прэсныя (Тэніс, Ік, Салтаім), на Пд салёныя (Эбейты). Глебы чарназёмныя (на Пд), балотныя і дзярнова-падзолістыя (на Пн і ПнЗ), ёсць саланцаватыя і саланчакі. О.в. размешчана ў зонах паўднёватаежных і мяшаных лясоў, лесастэпу і стэпу. Пад лесам і хмызнякамі каля 25% тэрыторыі. На Пн лясы з кедра, елкі, піхты, далей на Пд бярозава-асінавыя лясы, у лесастэпе — калкі.

О.в. — адзін з найб. развітых раёнаў Зах. Сібіры. Гал. галіна — нафтаперапр. (45,7% кошту прамысл. прадукцыі), прадстаўлена Омскім нафтаперапр. з-дам. Развіты хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас, мыйных сродкаў, медпрэпаратаў, лакаў, фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць матораў, самалётаў, ракет, тэлевізараў, магнітафонаў, газавай апаратуры, збожжаўборачных камбайнаў, трактарных прычэпаў, запчастак для с.-г. машын). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (4 у г. Омск). На мясц. сыравіне працуюць харч. (масласыраробная, мясная, мукамольная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць піламатэрыялаў, дачных домікаў, мэблі), часткова лёгкая (аўчынна-футравая, гарбарна-абутковая, ільняная, швейная, трыкат., дывановая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна- і авечкагадоўлі. Пасяўныя плошчы займаюць 3,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (яравая пшаніца, жыта, ячмень, авёс) 60% плошчы, тэхн. (сланечнік, лён) — 0,3%, кармавымі — 37,8%, бульбай і агароднінай — 1,9%. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коней, птушку. Пушны промысел (вавёрка, андатра, гарнастай і інш.); зверагадоўля. Даўж. чыгунак 886 км. Асн. чыгункі Транссібірская магістраль, Омск—Цюмень—Екацярынбург. Даўж. аўтадарог 7264 км. Унутр. водныя шляхі складаюць 1667 км. Суднаходства па рэках Іртыш, Ішым. Нафтаправоды Транссібірскі і Ніжнявартаўск—Усць-Балык—Омск.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.

Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.

Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б. ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн. га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.

Літ.:

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;

Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

А.​В.​Мацвееў, Э.​А.​Крутавус.

Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.

т. 2, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),

Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс. км². Нас. 557 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.

Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).

Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр. ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.

Гісторыя. У 1880-я г. тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз. Франц. тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр. нар. ліга (з 1975 Афр. нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.

8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.​Гулед Апцідон. Дж. — чл. ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. ​3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-д мінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс. га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн. гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.

Герб і сцяг Джыбуці.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 6, с. 94

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)