КАЛЮ́ВІЙ (ад лац. colluvio скопішча),

калювіяльныя адклады, 1) у шырокім сэнсе — схілавыя адклады (у т. л. дэлювіяльныя і саліфлюкцыйныя), што ўтвараюцца шляхам назапашвання прадуктаў разбурэння горных парод, якія спаўзаюць уніз па схіле.

2) У вузкім сэнсе — грубадрузаватыя абвальныя і восыпныя адклады каля падножжа стромкіх схілаў; у гэтым сэнсе супрацьпастаўляецца дэлювію.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,

гібрыдная зменлівасць, якая ўзнікае ў выніку новых спалучэнняў (камбінацый), рэкамбінацый і ўзаемадзеяння генаў пры скрыжаваннях. Разам з мутацыямі з’яўляецца формай спадчыннай зменлівасці, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да зменлівых умоў існавання. У практычнай селекцыі К.з. служыць асн. крыніцай атрымання новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАНІ́СТЫ (ад ням. Kantonist ваеннаабавязаны),

1) у Прусіі ў 1733—1813 ваеннаабавязаныя (рэкруты), што падлягалі прызыву ў адной з акруг (кантонаў), кожная з якіх камплектавала свой полк.

2) У Расіі ў 1805—56 салдацкія сыны, якія з дня нараджэння прылічваліся да ваен. ведамства і вучыліся ў спец. школах (гл. Кантанісцкія школы).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВО́ТА (ад позналац. quota частка, якая прыпадае на кожнага),

1) доля, частка, пай, норма, якія прыпадаюць на аднаго з удзельнікаў агульнай справы.

2) Колькасныя абмежаванні (вытв-сці, збыту, спажывання, экспарту, імпарту тавараў), якія ўводзяцца на пэўны час. Абмежавальныя меры называюцца кваціраваннем.

3) Велічыня падатку, што збіраецца з пэўнай адзінкі абкладання.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́НЬ,

1) на Беларусі часовая жыллёвая пабудова, тое, што будан.

2) На Украіне — шалаш, вартоўня (на агародах, бахчах, пасеках і г.д.); у асобных раёнах, а таксама на Доне (Расія) — вясковая жылая хата.

3) У Запарожскай Сечывайск. падраздзяленне з некалькіх соцень казакоў і назва жылога памяшкання, у якім жылі казакі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРТЭ́ ((Lartet) Эдуард) (1801—71),

французскі археолаг. З 1830-х г. вёў раскопкі ў пячорах Мусцье, Мадлен, Арыньяк (дэпартамент Дардонь, Францыя). Распрацаваў храналогію чацвярцічнага перыяду і перыядызацыю палеаліту, вылучыў арыньякскую, салютрэйскую, мадленскую культуру (гл. Арыньяк, Мадлен, Салютрэ). Сцвярджаў, што чалавек існаваў у пач. чацвярцічнага перыяду. У 1868 знайшоў рэшткі краманьёнцаў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХА́МА,

у шумерскай міфалогіі дэманы воднай стыхіі, створаныя богам мудрасці Энкі ў падземным акіяне Абзу. Паводле міфа «Энкі і сусветны парадак», іх было 50. У пашыраным міфе пра выкраданне багіняй Інанай схаваных у глыбіні Абзу таемных сіл, што кіруюць светам (т. зв. ме), Энкі пасылае за ёй у пагоню пяць Л.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (ад грэч. lēthē забыццё),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя забыцця, дачка багіні разладу Эрыды. Імем Л. названа рака ў Аідзе. Лічылася, што душы памерлых, якія папілі вады з гэтай ракі, забываюць пра сваё зямное жыццё. Адсюль другая назва Л. — «рака забыцця» і выраз «кануць у Лету» — быць забытым, знікнуць без следу.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

каэфіцыент прапарцыянальнасці, што ўваходзіць у некаторыя формулы і ўраўненні электрамагнетызму пры запісе іх у рацыяналізаванай форме (у адзінках СІ). Абазначаецца μ0, μ0 = 4π∙10​−7 Гн/м. Звязана з электрычнай пастаяннай ε0 формулай: μ0 = 1/ε0c2, дзе c = 3∙10​8 м/с — скорасць святла ў вакууме.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЁРЫ ў генетыцы,

дамінантныя гены і адпаведныя ім адзнакі, што праяўляюцца ў клетцы, у якой гамалагічныя храмасомы нясуць розныя алелі (гетэразігота). Выкарыстоўваюцца пры адборы гаплоідаў (асобін, у клетках якіх храмасом у 2 разы меней, чым у зыходных форм). Напр., з дапамогай М. распрацаваны спосаб атрымання гаплоідаў кукурузы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)