металічная танкасценная цыліндрычная трубка або камера з хвалепадобнымі гофрамі. Высокаадчувальны да змены ціску. Бываюць суцэльныя і зварныя.
Асн. характарыстыка — залежнасць паміж модулем сілы расцяжэння або сціскання, якое дзейнічае на С., і модулем дэфармацыі (прагіну). Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральных прыладах (напр., у дыферэнцыяльных манометрах, монаметрычных рэле), таксама як пругкія раздзяляльнікі асяроддзяў, гнуткія ўшчыльняльныя прыстасаванні, кампенсатары тэмпературных дэфармацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́ННЕ,
арыфметычнае дзеянне, якое дае магчымасць па дадзеных цэлых дадатных ліках a і b (складаемыя) знайсці новы лік c (сума), у якім столькі адзінак, колькі іх маюць складаемыя: c = a + b.
С. лікаў уласцівы асацыятыўнасць: (a + b) + c = a + (b + c) і камутатыўнасць: (a + b) = (b + a). С. дастасавальна для адвольных сапраўдных лікаў, камплексных лікаў, а таксама да вектараў, матрыц, мностваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,
прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.
Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сцьтаксама арыентуецца на сыравінныя базы.
На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ АДНО́СІНЫ,
сукупнасць эканамічных, палітычных, прававых, ваенных, дыпламатычных, інфармацыйных і інш. сувязей і ўзаемаадносін паміж народамі, дзяржавамі і саюзамі дзяржаў, а таксамаміжнар. арганізацыямі, аб’яднаннямі і рухамі, якія выступаюць на міжнар. арэне. Фарміраванне і развіццё іх адбывалася ў старажытнасці на падставе кантактаў паміж плямёнамі і народамі і пад уплывам аб’ектыўных жыццёвых патрэбнасцей (сумеснае пакланенне агульным багам, барацьба з варожымі нашэсцямі, абарона правоў уласных грамадзян і іншаземцаў і г.д.). Вял. якасныя змены ў М.а. прыпадалі на пераломныя перыяды ў гісторыі (змены цывілізацый, рэвалюцыі, культ. ўздымы і інш.). Рэвалюцыі ў якасці ідэалаў М.а. паміж дзяржавамі дэкларавалі свабоду, роўнасць незалежна ад формы праўлення, правы народаў на самаст.паліт. і культ. развіццё, гуманіст. адзінства права і маралі, што не выключала ў далейшым барацьбу розных краін за падзел свету на сферы ўплыву. У 20 ст. М.а. развіваліся пад уплывам аб’ектыўных фактараў і падзей (1-я і 2-я сусв. войны, уздым нац.-вызв. руху, абмежаванне ўзбраенняў), а таксама працэсаў разрадкіміжнар. напружанасці і сцвярджэння прынцыпу мірнага суіснавання, умацавання калектыўнай бяспекі і міру. Распад СССР, а таксама сацыяльна-паліт. пераарыентацыя былых сацыяліст. краін Еўропы выклікалі змяненне раскладу міжнар. сіл і іх балансу. Напярэдадні 21 ст. М.а. захоўваюць тэндэнцыю ў кірунку паступовага дэмакр. і гуманіст. развіцця і ахопліваюць праблемы міжнар. і рэгіянальнай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі і тэхнікі, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння ў культ. і гуманіт. галінах. Рэспубліка Беларусь у сваіх адносінах з інш. краінамі і народамі свету зыходзіць з агульнапрынятых прынцыпаў і норм міжнар. права; яна мае дыпламат. адносіны з 124 краінамі, з’яўляецца членам 49 міжнар. міжурадавых арг-цый, выступае за ўмацаванне ролі ААН і АБСЕ у справе забеспячэння міжнар. бяспекі і стабільнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксамабел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж.Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,
самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.
Упершыню сав.эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял.Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл.таксамаАртылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксамас.-г. жывёла, пераважна маладняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,
сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксамаафіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.