МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж.больш за 1,4 км, найб.шыр. 660 м, найб.глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,
навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад большстараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад макра... + эвалюцыя),
эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фарміравання таксонаў больш высокага рангу, чым від (родаў, сямействаў, атрадаў, класаў і інш.). Тэрмін уведзены рас. біёлагам Ю.А.Філіпчанкам (1927). М. ўяўляе сабой абагульненую карціну эвалюц. змяненняў, якая назіраецца ў шырокай гіст. перспектыве. На ўзроўні М. выяўляюцца агульныя тэндэнцыі, кірункі і заканамернасці эвалюцыі арган. свету. Паводле ўяўленняў эвалюцыяністаў, у М. адсутнічаюць спецыфічныя механізмы, яна ажыццяўляецца праз працэсы мікраэвалюцыі і з’яўляецца іх інтэграваным выяўленнем. Пры назапашванні мікраэвалюц. працэсы знешне праяўляюцца ў макраэвалюц. з’явах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАНА́С»,
кіргізскі гераічны эпас. Складаецца з 3 сюжэтных частак: «Манас», «Семетэй», «Сейтэк». Уключае фалькл. творы пра жыццё і подзвігі абаронцаў кірг. зямлі ад чужаземных захопнікаў — волата і хана Манаса і яго пераемнікаў сына Семетэя і ўнука Сейтэка. Ствараўся і выконваўся песнярамі-казачнікамі (манасчы). Вядома 18 варыянтаў (асобныя з іх маюць больш за паўмільёна вершаваных радкоў). Упершыню запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Вызначаецца багатай вобразнасцю, казачна-міфалагічнымі элементамі, гіпербалізацыяй.
Публ.:
Рус.пер. — Манас. М., 1960.
Літ.:
«Манас» — героический эпос киргизского народа. Фрунзе, 1968;
Кыдырбаева Р.З. Генезис эпоса «Манас». Фрунзе, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ШКА, шаўкапрад-манашка (Lymantria monacha),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі. На Беларусі жыве ў хвойных і лісцевых лясах.
Крылы ў размаху да 45 мм у самцоў, да 60 мм у самак; пярэднія — шараватыя з 4 зігзагападобнымі чорнымі лініямі, заднія — белавата-шэрыя, у самцоў афарбоўка больш зменлівая. Брушка ружаватае з чорнымі палоскамі. Вусені М. (даўж. да 80 мм) кормяцца ігліцай, лісцем, пылком, пупышкамі і парасткамі, пашкоджваюць лістоўніцу, хвою, елку, радзей бук, дуб, граб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІ АЛТА́Й,
горная сістэма ў Манголіі і Кітаі, паўд.-ўсх.ч. Алтая. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км. Шыр. 150—300 км. Некалькі паралельных хрыбтоў выш. да 4362 м (г. Мунххайрхан—Ула), падзеленых падоўжнымі тэктанічнымі ўпадзінамі. Складзены з палеазойскіх крышт. сланцаў, парфіраў, гранітаў. Вяршыні пераважна платопадобныя, найб. высокія горы з рэльефам альпійскага тыпу. Асобныя каравыя і вісячыя ледавікі (найб. Патаніна ледавік). Пераважаюць стэпы, на больш вільготных паўд.-зах. схілах — участкі лясоў (елка, лістоўніца) і лугоў. У міжгорных упадзінах — паўпустыні. Каля вяршынь альпійскія лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ПУЛА (ад лац. manipulus poeni пучок сена, замацаваны і падняты на кап’і, што азначала каманду і месца збору асабовага складу, або manus рука — знак камандзіра ў стараж. рымлян),
тактычнае падраздзяленне пяхоты ў рым.легіёне. Склалася ў 5 ст. да н.э. ў сувязі з неабходнасцю расчлянення фалангі на больш рухомыя дробныя атрады, здольныя манеўраваць у час бою. Колькасць чал. у М. мянялася ад 50 да 120. М. падзялялася на 2 цэнтурыі. У 107 да н.э. ў выніку ваен. рэформы Г.Марыя М. зведзены ў кагорты (тактычнае падраздзяленне колькасцю 360—600 чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ІГО́ЛКІ,
іголкавыя (Syngnathidae), сямейства рыб атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 50 родаў, больш за 180 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некат. віды — у прэсных вадаёмах. У Азоўскім, Балтыйскім, Каспійскім, Чорным і Японскім м. трапляюцца 3 роды: марскія канькі, іголкі-рыбы (Syngnathus) і марское шыла (Nerophis).
Даўж. да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некат. відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),
парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),
група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас.больш за 1,76 млн.ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц. ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.