ПРАЦО́ЎНЫ СТАЖ,

працягласць працоўнай дзейнасці, якая вылічаецца ва ўстаноўленым парадку. Адрозніваюць П.с. агульны, спецыяльны і бесперарыўны П.с. агульны — сумарная працягласць прац. і інш. карыснай дзейнасці, якая ўстанаўліваецца незалежна ад перапынкаў, якія мелі месца. З улікам гэтага стажу назначаецца пенсія па старасці або па інваліднасці ў выніку агульнага захворвання, а таксама — пры страце карміцеля, памерлага ад захворвання. П.с. спецыяльны — сумарная працягласць працоўнай і інш. грамадска карыснай дзейнасці, але вылучаная з агульнага стажу паводле ўмоў працы залежна ад яе зместу або ўмоў (падземныя работы, работы са шкоднымі ўмовамі працы). Асн. дакументам, якім пацвярджаецца П.с., з’яўляецца працоўная кніжка.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАЎКА,

кароткі афарыстычны выраз, у якім вобразна, з пэўнай эмац. фарбоўкай вызначаецца якая-н. жыццёвая з’ява; жанр нар. паэтычнай творчасці. У адрозненне ад прыказкі, як правіла, не з’яўляецца самастойным суджэннем і залежыць ад кантэксту, у ёй няма такога абагульнення і павучання. Але П. ў большай ступені ўласцівы экспрэсіўнасць, сатыра і гумар, тэматычная канкрэтнасць. Па структуры П. звычайна адначленныя: «старасць не радасць», «старога мяшка на залатаеш», «як кот наплакаў», «віламі па вадзе пісана» і інш. Бываюць і двухчленныя: «Шумеў бы і я, каб жонкі не баяўся».

Літ.:

Гл. да арт. Прыказка.

А.​С.​Фядосік.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТЭРЫДАСПЕ́РМЫ (Pteridospermae, або Cycadofilices),

насенныя папараці, падклас, па інш. сістэматыцы клас (Pteridospermopsida) стараж. вымерлых голанасенных. 6 парадкаў. Існавалі ў познім дэвоне — раннім меле. Узялі пачатак ад прагімнаспермаў. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі роду Archaeopteris (споры) выяўлены ў адкладах верхняга дэвону.

Былі прадстаўлены дрэвавымі, ліянападобнымі і травяністымі формамі. Мелі лісце папарацепадобнага тыпу (часам адбіткі лісця П. не адрозніваюцца ад лісця сапр. папарацей, пазбаўленых спарангіяў). У адрозненне ад большасці інш. голанасенных не мелі выразных муж. ці жан. стробілаў. Размнажаліся насеннем, якое размяшчалася па адным на канцах парасткаў. Розныя групы П., магчыма, далі пачатак бенетытам, цыкадавым, хвойным.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЦА (Клаўдзій Барысавіч) (3.2.1911, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія — 6.1.1983),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), у якой у 1938—41 і з 1943 выкладаў (з 1956 праф.). З 1936 гал. хормайстар Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Маскоўскай філармоніі, у 1943—46 — Дзярж. хору рас. песні. З 1950 маст. кіраўнік Вял. акад. хору Дзяржтэлерадыё СССР. Адначасова ў 1946—60 дэкан дырыжорска-хар. ф-та Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Аўтар прац па мастацтву харавога дырыжыравання («Нарысы па тэхніцы дырыжыравання хорам», 1948; «Майстры харавога мастацтва ў Маскоўскай кансерваторыі», 1970).

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ БАРАЦЬБА́,

комплекс мерапрыемстваў па выяўленні і падаўленні радыёэлектронных сродкаў і сістэм праціўніка; спецыфічная форма барацьбы, у якой выкарыстоўваецца зброя з неабмежаваным боекамплектам, здольная дзейнічаць практычна імгненна, на вялікую адлегласць і з апярэджаннем. Задача Р.б.: дэзарганізацыя кіравання войскамі праціўніка, зніжэнне эфектыўнасці вядзення ім разведкі і прымянення баявой тэхнікі (зброі), радыёэлектронная абарона і інш. Мерапрыемствы Р.б. праводзяцца ва ўзаемадзеянні з рознымі родамі войск і спец. войск. З канца 20 ст. тэрмін «Р.б.» ўсё больш трансфармуецца ў паняцце «інфармацыйная вайна» — комплекс дзеянняў па выкарыстанні, скажэнні і разбурэнні інфармацыі праціўніка, парушэнні яе функцый і інш.

В.​В.​Гардзей, В.​Л.​Ржэвускі.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ННЕ СУДА́,

пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАНАЎ (Леў Паўлавіч) (13.4.1888, Масква — 1.12.1959),

бел. і рас. вучоны ў галіне фізіялогіі, пачынальнік фізіял. даследаванняў на Беларусі. Д-р біял. н. (1935), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). З 1922 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова з 1929 у АН Беларусі. З 1935 у Ленінградзе. Навук. працы па пытаннях стрававання, абмену рэчываў, умоўных рэфлексаў. Аўтар «Дапаможніка па анатоміі і фізіялогіі чалавека» (1923), «Кароткага курса фізіялогіі чалавека» (1932).

Тв.:

Действие крови как пищевого материала на деятельность пепсиновых желез // Працы БДУ. 1923. № 4—5;

Об условных рефлексах // Бел. мед. мысль. 1924. №1.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗІН (Аляксандр Майсеевіч) (28.11.1881, г. Магілёў — 10.4.1942),

бел. геолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), праф. (1938). Скончыў Фрайбергскую горную акадэмію ў Германіі (1908). З 1927 нам. нач. горнага аддзела ВСНГ, з 1931 нам. нач. Бел. геолагаразведачнага трэста, з 1933 у Бел. НДІ прам-сці. У 1937—41 у Бел. геал. упраўленні (нам. нач., нач. сектара). У 1909—37 праводзіў геал. даследаванні на Беларусі па пошуку і выкарыстанні фарбавых руд, вогнетрывалай гліны, кварцавых пяскоў, мелу, торфу, фасфарытаў, каменнай солі і інш. Навук. працы па карысных выкапнях Беларусі і перспектывах іх выкарыстання. Дзярж. прэмія СССР 1952.

А.М.Розін.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМО́ЎСКІ (Сцяпан Якаўлевіч) (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),

расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.​Бюфона, Тацыта, Л.​Эйлера.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЕ́ТА (франц. enquête літар. расследаванне),

апытальны ліст для атрымання якіх-н. звестак пра таго, хто яго запаўняе, або адказаў на пытанні, складзеныя па пэўнай праграме (напр., у сацыялагічных апытаннях).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)