МАРУ́К (Уладзімір Антонавіч) (н. 6.1. 1954, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт, публіцыст. Скончыў БДУ (1980). Працаваў у бібліятэках Ганцавіцкага р-на, з 1982 у газ. «Звязда», з 1986 у выд-ве «Юнацтва», з 1998 у выд-ве «Белфакс». Друкуецца з 1972. Яго паэзія засяроджана на мінулым і сучасным Бацькаўшчыны, складаных праблемах часу, веры ў чалавека, узаемасувязях яго з прыродаю: зб-кі «Зоркі ў кронах» (1982), «Ліст рабіне» (1987), «Інкрустацыя голасам» (1991). Піша для дзяцей (зб. «Ехаў Чыж у Парыж», 1994). Выступае з артыкуламі па маральна-этычных праблемах, пра культуру на вёсцы, нар. традыцыі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГУ́Н (Мікалай Пятровіч) (н. 17.5.1951, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1973). З 1976 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Распрацаваў тэарэт. асновы гідрадынамікі неразбуральных метадаў кантролю пранікальнымі вадкасцямі, вызначыў асаблівасці працэсаў пераносу ў мікраструктурных вадкасцях.

Тв.:

Гидродинамика и теплообмен градиентных течений микроструктурной жидкости. Мн., 1984 (разам з П.​П.​Прахарэнкам);

Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988 (з ім жа);

Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999 (разам з П.​П.​Прахарэнкам, М.​Штатгаўзам).

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап. функцыяналізму і амер. арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАСІ́НАВІК, краснюк, чырвонагаловік (Leccinum aurantiacum),

грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 форм, афарбоўка шапкі якіх залежыць ад месца росту грыба. Напр., П. баравы, дуброўны, чырв.-буры. Трапляюцца з чэрв. па вер. у лясах з асінай, бярозай, радзей з дубам, елкай, хвояй.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 4—20 см (радзей 30), аранжавая, аранжава-чырв., чырв.-бурая, часам белая, паўшарападобная, сухая, з вузкай палоскай скуркі па краі. Ножка белая, даўж. 6—20 см, патоўшчаная каля асновы, валакністая, з лускавінкамі, якія з часам цямнеюць. Мякаць белая, шчыльная, на зломе сінее, потым шарэе. Споры гладкія, бураватыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Падасінавік жоўта-буры.

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНАБЕТО́Н,

разнавіднасць ячэістага бетону, порыстая структура якога атрымліваецца ад змешвання растворнай састаўляючай (звычайна портландцэменту з пяском і вадой) з асобна прыгатаванай пенай. Гэтая кампазіцыя потым перамешваецца з буйным порыстым запаўняльнікам.

Пена (з устойлівымі бурбалкамі дыям. да 1,5—2 мм) гатуецца з сумесі каніфольнага мыла, жывёльнага клею, алюмасульфатанафтэнаў і інш. пенаўтваральнікаў. Адрозніваюць П. цеплаізаляцыйны (выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі прамысл. установак) і канструкцыйны (для бетонных вырабаў і канструкцый). Разнавіднасці П. — пенагіпс, пенашлакабетон, пенасілікат, пенамагнезіт, пенашклобетон і інш Сумесь для П. гатуюць у пенабетонамяшалках (маюць растворазмяшальнік, пенаўзбівальнік і змяшальнік ячэістай сумесі; могуць. аб’ядноўвацца з дазатарамі шламу, вады і пенаўтваральніка).

І.​І.​Леановіч.

Устаноўка для прыгатавання пенабетону.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКА,

старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх. дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Леанід Рыгоравіч) (12.6.1902, г.п. Шчарбінаўка Данецкай вобл., Украіна — 17.8.1941),

савецкі военачальнік, ген.-лейт. (1941), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Сын Р.І.Пятроўскага. Скончыў Акадэмію РСЧА (1922). З 1917 у Чырв. гвардыі, у 1918—38 і з 1940 у Чырв. Арміі. У маі—снеж. 1937 камандзір корпуса ў БВА. У 1938—40 быў звольнены з Чырв. Арміі, выключаны з партыі. У Вял. Айч. вайну 63-і стралк. корпус на чале з П. правёў Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Пры прарыве з акружэння смяротна паранены. У в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. на магіле П. помнік.

Літ.:

Кулешов Г.П. Независимо от звания. М., 1987.

Л.Р.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІНЬ, Радзіня (Radziņa; па мужу Шалконе,

Šalkone) Элза Янаўна (н. 10.2.1917, г. Харкаў, Украіна), латвійская актрыса. Нар. арт. СССР (1976). З 1936 у Елгаўскім, з 1953 у Валміерскім т-рах, з 1954 у Латвійскім т-ры драмы імя А.​Упіта (з 1989 Нац. т-р Латвіі). З 1949 здымалася ў кіно: «Райніс» (1949), «Гамлет» (1964), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Кароль Лір» (1971), «Вей, ветрык!» (1974), «Насуперак лёсу» (1975), «Тэатр» (1978), «За шклянымі дзвярыма», «Інспектар Гул» (абодва 1979), «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» (1981), «Тайна «Чорных драздоў» (1983), «Апошні візіт» (1984), «Фотаздымак з жанчынай і дзіком» (1987), «Мая і Пая» (1990) і інш.

Э.Я.Радзінь.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 20.5.1926, в. Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і экалогіі. Д-р с.-г. н. (1986), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1952). З 1957 дырэктар запаведна-паляўнічай гаспадаркі Белавежская пушча, з 1966 нам. міністра лясной гаспадаркі Беларусі, з 1973 у Бел. тэхнал. ун-це (да 1987 рэктар). Навук. працы па лесазнаўстве, паляўніцтвазнаўстве, ахове прыроды, адукацыі аб навакольным асяроддзі.

Тв.:

Природные ресурсы БССР, использование и охрана. М., 1985;

Охрана природы. Мн., 1986 (разам з Н.​З.​Харытонавай);

Охрана окружающей среды Могилевской области. Мн., 1998 (разам з Т.​А.​Раманавай, Ч.​А.​Раманоўскім).

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́У ((Rau) Іаганес) (н. 16.1.1931, г. Вуперталь, Германія),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў школу кніжнага гандлю ў г. Кёльн (1952). З 1952 чл. Агульнагерм. нар. партыі, у 1957 перайшоў у С.-д. партыю Германіі (СДПГ). З 1958 дэп. ландтага зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. З 1969 обер-бургамістр Вуперталя, з 1970 міністр навукі, у 1978—98 прэм’ер-міністр зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Кандыдат у федэральныя канцлеры на выбарах 1987 і ў федэральныя прэзідэнты ФРГ на выбарах 1994. Старшыня парт. арг-цыі СДПГ у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія (з 1977), нам. федэральнага старшыні СДПГ (1982 — чэрв. 1999). З ліп. 1999 федэральны прэзідэнт ФРГ.

І.Рау.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)