хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ (Вітольд Феафілавіч) (1837?, Навагрудскі пав. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, інж.-прапаршчык рус. арміі. Належаў да ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З сак. 1863 у Беларусі, у крас. ўзначаліў сфарміраваны ў Налібоцкай пушчы паўстанцкі атрад Навагрудскага пав. і на чале яго 3 чэрв. ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 (Слонімскі пав.). Пазней атрад разбіты, М. арыштаваны і сасланы ў Сібір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́РЫ ((Peary) Роберт Эдвін) (6.5.1856, г. Крэсан, штат Пенсільванія, ЗША — 20.2.1920),
амерыканскі даследчык Арктыкі. Адмірал (1911). У 1892 перасек паўн. купал Грэнландыі з 3 на У на санях з сабачымі запрэжкамі, у 1895 паўтарыў гэты маршрут. У 1900 даследаваў паўн. бераг Грэнландыі, адкрыў мыс Морыс-Джэсеп. У 1909 дасягнуў Паўн. полюса. Яго імем названы паўвостраў на Пн Грэнландыі (Піры Зямля) і праліў на Пн Канадскага архіпелага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ГЕНДОРФ ((Poggendorff) Іаган Крысціян) (29.12.1796, г. Гамбург, Германія — 24.1.1877),
нямецкі фізік і выдавец. Чл. Берлінскай АН (1839). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Вучыўся ў Берлінскім ун-це (1820—24), з 1834 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме і гісторыі фізікі. Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг электравымяральных прылад. Заснавальнік і рэдактар бібліягр. даведніка прыродазнаўчых і матэм. навук (1863), які носіць яго імя і выдаецца цяпер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З 1921,
заключаны ў Парыжы 19 лют. Фіксаваўся ў адкрытым паліт. дагаворы і ў сакрэтнай вайсковай канвенцыі. Прадугледжваў узгадненне палітыкі дзвюх дзяржаў і ўзаемную дапамогу ў выніку несправакаванага нападу, у першую чаргу з боку Германіі. У выпадку нападу СССР на Польшчу альбо яго пагрозы Францыя абавязвалася стрымліваць Германію. Пасля нападу 1.9.1939 Германіі на Польшчу Францыя, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, абвясціла 3.9.1939 вайну Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТРЫГ,
пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.
Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІДЗЕ́ННЯ БУ́ХТА,
фіёрд ў Анадырскім зал. Берынгава м., каля паўд.-ўсх. берага Чукоцкага п-ва, у Расіі. Даўж. каля 50 км, шыр. на ўваходзе каля 9 км, глыб. да 50 м. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Зімой замярзае. На ўзбярэжжы — порт Правідзення. Адкрыта экспедыцыяй В.Берынга ў 1728. Названа ў 1848 англ. капітанам Мурам у азнаменаванне «шчаслівага правідзення», якое дазволіла яго караблю правесці зімоўку ў бухце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГЕСТЭРО́Н,
жаночы стэроідны палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека. Выпрацоўваецца жоўтым целам яечніка, плацэнтай, карой наднырачнікаў. Рыхтуе матку да імплантацыі плоднага яйца, забяспечвае развіццё і захаванне цяжарнасці ў млекакормячых, стымулюе развіццё канцавых сакраторных аддзелаў малочных залоз. Сінтэз і сакрэцыю П. рэгулююць лютэінізавальны гармон і харыянічны ганадатрапін. П. і яго прыродныя і сінт. вытворныя (гестагены) выкарыстоўваюць у медыцыне. Выяўлены таксама ў беспазваночных (напр., малюскаў) і ў кветкавых раслінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ШПІЯНА́Ж,
адна з назваў злачыннай дзейнасці, Накіраванай на процізаконнае набыццё звестак, якія маюць эканам. ці камерцыйную каштоўнасць. Мэта П.ш. — авалоданне камерцыйнай або банкаўскай тайнай і выкарыстанне яе без згоды ўладальніка, здзейсненыя з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за т.зв.камерцыйны шпіянаж. Адказнасць за гэта злачынства ўзмацняецца, калі ў выніку яго быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ЦТВА,
шлюб, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-наследніка. Пашыраная сац.-эканам. з’ява дарэв. побыту бел. сялянства. У прымы звычайна ішлі беззямельныя або тыя сыны, якім не ставала зямельнага надзелу. Прававое становішча зяця-прымака залежала ад галавы сям’і. Прымак мог стаць сапраўдным гаспадаром, калі яго брала да сябе ўдава, у якой не было сына.