выпрамяненне розных слаёў Сонца ў радыёдыяпазоне. Адрозніваюць: радыёвыпрамяненне спакойнага Сонца (амаль не мяняецца з цягам часу; абумоўлена цеплавым выпрамяненнем электронаў у эл. полі іонаў няўзбуранай атмасферы Сонца), выпрамяненне актыўных абласцей у атмасферы над сонечнымі плямамі (павольна мяняецца з цягам часу, мае таксама цеплавы характар), спарадычнае Р.С., звязанае з ваганнямі плазмы пры праходжаннях праз яе касм. прамянёў у час храмасферных успышак. У сонечнай кароне адбываецца моцнае паглынанне і пераламленне радыёхваль — на метровых хвалях яркасная т-ра кароны дасягае мільёна кельвінаў, на больш кароткіх хвалях яна значна меншая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКА (Мікалай Васілевіч) (13.10.1913, в. Дусаеўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). З 1935 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну на Паўн.-Зах., 2-м Бел. франтах. Нам. камандзіра зенітнага артыл. палка маёр Р. вызначыўся 30.6.1944 у час абароны чыг. моста і пераправы цераз р. Бярэзіна каля в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., дзе з яго ўдзелам зенітны полк адбіў некалькі контратак ворага; у баі Р. замяніў камандзіра кулямётнай роты і знішчыў каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі. На радзіме Р. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
першая буйная бітва ў часпаўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс. сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.П.Тармасава (каля 3 тыс.чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЫМЕНТА́РНЫЯ О́РГАНЫ,
недаразвітыя, спрошчаныя органы, якія выконвалі пэўныя функцыі ў эвалюцыйных продкаў, але страцілі сваё значэнне ў арганізме патомкаў у працэсе гіст. развіцця. Закладваюцца ў час зародкавага развіцця і поўнасцю не развіваюцца. Напр., малая галёначная косць у птушак, вочы ў некат. жывёл, што жывуць пад зямлёй (краты, слепакі і інш.), рэшткі валасянога покрыва і тазавых касцей шэрагу кітападобных. У чалавека да 100 Р.о., у т. л. хваставыя пазванкі, валасяное покрыва тулава, вушныя мышцы, апендыкс і інш. У адрозненне ад атавізмаў Р.о. ёсць ва ўсіх асобін віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАНІ́МНЫ ТВОРу літаратуры,
друкаваны або рукапісны твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было жаданне пазбегнуць ганенняў з боку ўлад. Ананімна з’явіліся многія літ. і філас. творы: «Думкі» Б.Паскаля, «Максімы» Ф.Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, «Гаўрыліяда» А.Пушкіна і інш. У стараж.бел. л-ры многія творы (асабліва свецкія) былі ананімныя. У перыяд станаўлення новай бел. л-ры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, яе аўтары не імкнуліся занатаваць сваё аўтарства, тым болей што гэтыя творы звычайна распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах. Па меры росту нац.-культ. свядомасці абуджалася і цікавасць да пытання аўтарства бел. твораў (Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). З сярэдзіны 19 ст.бел.л-ра мела пераважна апазіцыйны да самаўладства характар, большасць яе твораў прасякнута вострай крытыкай дзярж. ладу, таму іх забаранялася друкаваць аж да 1906. Але і пазней найб. вострыя творы з’яўляліся ананімна. Паводле жанру ананімныя творы разнастайныя: паэмы («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), лірычныя вершы («Вясна гола перапала», «Ой, у полі вецер вые»), вершаваныя або празаічныя гутаркі («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда»). Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або паліт. пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К.Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы бытавалі і ў сав.час («Сказ пра Лысую гару»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛЧЭ́ННЕ,
1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял.Айч. вайне 1941—45.
На тэр. Беларусі апалчэнне наз.пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст.вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.
2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен.час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ.дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел.паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел.сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-вабел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ДРУГІ́ў Вялікую Айчынную вайну.
1-е фарміраванне створана 17.2.1944, дзейнічала на Ковельскім напрамку. Камандуючы ген.-палк. П.А.Курачкін, чл.ваен. савета ген.-лейт. Ф.Я.Бокаў, нач. штаба ген.-лейт. У.Я.Калпакчы. Уваходзілі арміі: 47, 61, 70, 6-я паветраная. Войскі фронту пачалі Ковельскую аперацыю, у час якой гітлераўцы прарвалі акружэнне Ковеля, таму сав. войскі перайшлі да абароны. 5.4.1944 фронт расфарміраваны, войскі перададзены ў склад Беларускага фронту першага.
2-е фарміраванне створана 24.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты, дзейнічала на Магілёўскім напрамку. Камандуючыя: ген.-палк. І.Я.Пятроў, з чэрв. 1944 ген. арміі Г.Ф.Захараў, з ліст. 1944 Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі; чл.ваен. савета: ген.-лейт. Л.З.Мехліс, з ліп. 1944 ген.-лейт. М.Я.Субоцін; нач. штаба: ген.-лейт. С.І.Любарскі, з мая 1944 ген.-палк. А.М.Багалюбаў. У розны час уваходзілі арміі: 3, 19, 33, 43, 48, 49, 50, 65, 70, 2-я ўдарная, 1-я і 5-я гвардз. танкавыя, 4-я паветраная. Франтавая газ. «Фронтовая правда». Войскі фронту ў 1944 правялі Магілёўскую, Беластоцкую аперацыі, удзельнічалі ў Мінскай (гл. адпаведныя арт.), у 1945 ва Усх.-Прускай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. 6.5.1945 на тэр. Германіі сустрэліся з войскамі 2-й англ. арміі. 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўн. групы войскаў.