МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц. т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМО́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (15.9.1804, с. Багуславец Залатаношскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 4.12.1873),

украінскі прыродазнавец, гісторык, філолаг і фалькларыст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Маскоўскі ун-т (1823), з 1826 выкладаў у ім (з 1833 праф.). У 1834—41 праф. Кіеўскага ун-та, адначасова ў 1834—35 яго першы рэктар. З 1845 жыў і працаваў у маёнтку Міхайлава Гара (цяпер с. Прохараўка Палтаўскай вобл.). Працы па прыродазнаўстве, філалогіі, гіст. геаграфіі, гісторыі Украіны і Кіеўскай Русі. У творах «Адкуль пайшла Руская зямля» (1837), «Гісторыя старажытнай рускай славеснасці» (1839), «Пра паходжанне варага-русаў» (1841) крытыкаваў нарманскую тэорыю паходжання стараж.-рус. дзяржаўнасці, даказваў агульнасць паходжання рус., укр. і бел. народаў. Выдаў 3 зб-кі ўкр. нар. песень.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Язепс) (13.2.1877, г. Каўнас, Літва — 12.6.1947),

латышскі кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Латвіі (1945). Брат Екабса Медыньша і Яніса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1896), потым кіраўнік гэтага ін-та і педагог. У 1906—11 дырыжор т-ра Рыжскага лат. т-ва, у 1915—22 кіраўнік розных оперных труп. У 1922—25 канцэртмайстар і дырыжор Латв. нац. оперы. Выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1946 праф.). Асн. творы: оперы «Жрыца» (паст. 1927), «Земдэгі» (1947, закончана М.​Зарыньшам); 3 сімфоніі (1922—41), сімф паэма «Латышская зямля» (1935); канцэрт для скрыпкі з арк. (1911); хары, сольныя песні і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬЦЭР (Давыд Барысавіч) (н. 16.2.1925, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. гісторык-славіст. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1977). Скончыў БДУ (1948). З 1951 выкладаў у Мінскай школе прафс. руху ВЦСПС. У 1954—92 дацэнт, праф. гіст. ф-та БДУ. У 1972, 1974, 1978 чытаў спец. курс у Сафійскім ун-це (Балгарыя). З 1992 жыве ў ЗША. Аўтар прац пераважна па гісторыі Балгарыі, сав.-балг. і бел.-балг. адносін у 19—20 ст.

Тв.:

Социалистической Болгарии — 20 лет. Мн., 1964;

Советско-болгарские отношения (1917—1935 гг.). Мн., 1975;

Национальной свободе Болгарии 100 лет. Мн., 1978 (разам з Й.​Тончавым);

Белоруссия и Болгария: Дружба вечная, нерушимая, 681—1981. Мн., 1981.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЗБІР (Міхаіл Аляксандравіч) (4.11.1855, г. Тула, Расія — 10.10.1935),

расійскі заолаг. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1878), працаваў у ім (з 1886 праф.). З 1911 праф. Вышэйшых жан. курсаў у Маскве. У 1917—19 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па арніталогіі, зоагеаграфіі і параўнальнай анатоміі. Распрацаваў падзел Палеарктыкі на 6 зоагеаграфічных зон. Аўтар першых зводак па сістэматыцы і біялогіі птушак Расіі («Птушкі Расіі», т. 1—2, 1893—95, і «Паляўнічыя і прамысловыя птушкі Еўрапейскай Расіі і Каўказа», т. 1—2, з атласам, 1900—02).

Тв.:

За Дарвина. М.; Л., 1927;

Очерк истории фауны европейской части СССР. М.; Л., 1934.

Літ.:

Росина Н.Я. М.​А.​Мензбир, 1855—1935. Л., 1985.

М.А.Мензбір.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГДА́Л (Аркадзь Бейнусавіч) (11.3.1911, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 1991),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. з 1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1943 у Ін-це фіз. праблем, з 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН СССР, адначасова з 1944 праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы атамнага ядра і элементарных часціц. Прыстасаваў метады квантавай тэорыі поля да задачы многіх цел і тэорыі атамнага ядра.

Тв.:

Теория конечных ферми-систем и свойства атомных ядер. М., 1965;

Метод квазичастиц в теории ядра. М., 1967;

Качественные методы в квантовой теории. М., 1975;

Фермионы и бозоны в сильных полях. М., 1978.

А.Б.Мігдал.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЦ (Аляксандр Львовіч) (8.1.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 29.12.1979),

расійскі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў. Данскі (цяпер Растоўскі) ун-т (1918) і Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1932). З 1946 дырэктар радыётэхн. лабараторыі, у 1957—70 дырэктар Радыётэхн. ін-та АН СССР. Навук. працы па радыётэлефоннай мадуляцыі, накіраваных антэнах, генератарных лямпах, радыё-вымярэннях. Кіраваў стварэннем магутных радыёвяшчальных станцый, удзельнічаў у буд-ве шэрагу паскаральнікаў элементарных часціц, у т. л. ў Серпухаве. Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Тв.:

Радиоэлектроника. М., 1963;

Кибернетический ускоритель на 1000 миллиардов электронвольт // Природа, 1968. № 4.

Літ.:

А.​Л.​Минц // Радиотехника и электроника. 1965. Т. 10, № 3.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛЁНАК (Іван Адамавіч) (6.6.1891, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 24.7.1967),

удзельнік устанаўлення сав. улады на Беларусі, камбрыг (1935). Чл. РСДРП(б) з 1917. Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 старшыня палкавога і чл. карпуснога к-таў 10-й арміі Зах. фронту, чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б). У час ням. акупацыі ў 1918 на падп. рабоце ў Маладзечне, потым старшыня рэўкома. З 1919 у паліт. аддзелах 17-й і 54-й дывізій, 4-й арміі, Мазырскай групы войск Чырв. Арміі, чл. Віцебскага пав. рэўкома. З 1921 камісар 4, 8, 7-й Самарскіх дывізій, 5-га стралк. корпуса. У 1927—34 у штабе РСЧА.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ШЧАНКА (Валянцін Аляксандравіч) (н. 13.9.1936, г. Крамянчуг, Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1975). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Харкаўскую артыл. радыётэхн. акадэмію (1959). З 1987 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, у 1989—94 кіраўнік Брэсцкага аддзялення гэтага ін-та. З 1994 у Ін-це сучасных ведаў (прарэктар). Навук. працы па выліч. тэхніцы, тэорыі распаралельвання алгарытмаў, аўтаматызацыі праектавання вял. і звышвял. інтэгральных схем, крыптаграфіі, ахове інфармацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Тв.:

Метод селектирующих функций в нелинейных задачах контроля и управления. М., 1973;

Интеллектуальные системы автоматизированного проектирования больших и сверхбольших интегральных микросхем. М., 1988 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУАСА́Н ((Moissan) Анры) (28.9.1852, Парыж — 20.2.1907),

французскі хімік, заснавальнік хіміі цвёрдага цела. Чл. Парыжскай АН (1891). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1904). Вучыўся ў Музеі прыродазнаўчых навук, Парыжскай вышэйшай фармацэўтычнай школе і Парыжскім ун-це. У 1872—84 працаваў у прыватных хім. лабараторыях. З 1887 праф. Парыжскай вышэйшай фармацэўтычнай школы, з 1900 — Парыжскага ун-та. Навук. працы па неарган. хіміі. Атрымаў фтор у свабодным стане (1886). Сканструяваў электрадугавую печ (1892), што дазволіла даследаваць уласцівасці цвёрдых цел пры высокіх т-рах. Электратэрмічным шляхам атрымаў чыстыя малібдэн (1895), вальфрам (1897) і інш. тугаплаўкія металы. Нобелеўская прэмія 1906.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)