ХАЛА́ТНАСЦЬ службовая,

невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў; адно са злачынстваў супраць інтарэсаў службы. Адбываецца ў выніку нядобрасумленных ці неахайных адносін да службы, што па неасцярожнасці прычыняе шкоду ў асабліва буйным памеры або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзярж. ці грамадскім інтарэсам. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь Х. караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, займацца пэўнай дзейнасцю, абмежаваннем свабоды ці пазбаўленнем волі да 2 гадоў, а ў выпадку смерці чалавека або інш. цяжкіх вынікаў — да 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛМАГО́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы малочнага кірунку. Выведзена ў Халмагорскім рэгіёне (Архангельская вобл., Расія) паляпшэннем мясц. парод; у 18—19 ст. паляпшалася скрыжаваннем з галандскай. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні істобенскай і тагільскай парод.

Маса быкоў 800—900 (да 1200) кг, кароў 500—550 (да 700) кг. Целасклад тыповы для малочнай жывёлы. Канстытуцыя моцная, мускулатура шчыльная, сухая, касцяк добра развіты, скура тонкая, эластычная. Масць чорна-пярэстая, зрэдку чырв.-пярэстая, чырв., чорная і белая. Сярэдні гадавы надой 3500—5000 кг, тлустасць малака 3,7—3,8% (да 5%).

Халмагорская парода.

т. 16, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́НЗАР (лац. censor ад censeo раблю вопіс, перапіс),

1) у Стараж. Рыме адзін з вышэйшых дзярж. саноўнікаў (магістратур). Ц. (былі 2) выбіралі на цэнтурыятных каміцыях на 5 гадоў. Яны сачылі за цэнзам, мараллю, складалі спісы сенатараў і коннікаў. Пасада Ц. з’явілася ў 443 да н.э. Яе займалі выключна патрыцыі, з 351 да н.э. права на Ц. дамагліся і плебеі. Пры Суле Ц. пазбаўлены сваіх правоў, з часоў Аўгуста іх паўнамоцтвы перайшлі да імператараў.

2) Службовая асоба, якая ажыццяўляе кантроль (цэнзуру) за друкам і сродкамі масавай інфармацыі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ЦА,

рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Цна (бас. р. Дняпро). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 167 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Становішча, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Чабатары. Асн. прыток — р. Мікалаеўшчына (справа). Цячэ па паўн.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. да 1,5 км. Схілы стромкія, выш. да 12 м, зрэдку абрывістыя. Пойма двухбаковая, забалочаная, у сярэднім цячэнні меліяраваная. Рэчышча на працягу 7,2 км каналізаванае, шыр. ад 5 да 10 м.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНТА́Ж (франц. chantage вымаганне),

прыватны выпадак вымагання. Выяўляецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на маёмасць ці ажыццяўлення якіх-н. дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай учынення насілля над пацярпелым, яго блізкімі, знішчэння ці пашкоджання іх маёмасці, распаўсюджвання паклёпніцкіх або выдавання інш. звестак, якія захоўваюцца ў тайне. У КК Рэспублікі Беларусь Ш. — таксама сродак учынення інш. злачынства, напр., прымус да дзеянняў сексуальнага характару, да выканання або невыканання пэўнай здзелкі ў галіне прадпрымальніцтва, прымушэнне сведкі, пацярпелага, эксперта да адмаўлення ад дачы паказанняў або дачы заведама лжывых паказанняў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФО́Р (грэч. Ephoros; каля 405—330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык з г. Кім (цяпер Кум, М. Азія), вучань Ісакрата. Аўтар працы «Усеагульная гісторыя» (у 30 кн., апошняя напісана яго сынам Дэмафілам), у якой дадзены агульны агляд гісторыі грэч. свету (ад дарыйскага ўварвання да 340 да н.э.). Праца Э. (захавалася 157 фрагментаў) — адна з першых спроб выкласці гісторыю ўсіх грэч. дзяржаў, у т. л. грэч. калоній, і мела вял. ўплыў на ант. гістарыяграфію; на яе спасылаліся Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. гісторыкі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КСІКА (ад грэч. lexikos які адносіцца да слова),

сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень. У больш вузкім значэнні Л. — асобны пласт слоўнікавага складу мовы, вылучаны на падставе пэўнай прыкметы. Ад інш. моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу і інш.) Л. адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы. Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, Л. падзяляецца на шэраг вял. груп слоў. Паводле нарматыўнасці ўсе бел. словы адносяцца да літ. Л. (агульнаўжывальная, агульнанар. і інш.) ці да нелітаратурнай Л., якая падзяляецца на дыялектную (гл. Дыялектызм), устарэлую (гл. Архаізм, гістарызм), новую (гл. Неалагізм, Аказіяналізм), тэрміналагічную і вытворча-прафес. Л. (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізм). Паводле паходжання словы адносяцца да спрадвечнай Л. (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеслав., уласнабел.) ці да запазычанай Л. з інш. моў (гл. Запазычанні ў мове) або да агульнай для шмат якіх моў Л. (гл. Інтэрнацыяналізмы). Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць кніжную Л. (тэрміналагічная, гіст., паэт. і інш.) і размоўную Л. (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая і інш.; гл. ў арт. Арго). Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да нейтральнай Л. (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах) ці да канатацыйна-экспрэсіўнай Л. (абразлівая, узнёслая, фамільярная і інш.). Паводле сферы выкарыстання — на афіц.-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і інш. Л. Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць Л. паэтычную, пэўнага твора (напр., Л. паэмы «Новая зямля» Я.​Коласа), аўтара і інш. Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на актыўную лексіку і пасіўную лексіку. Л. вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй Л. займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Шмелев Д.Н. Современный русский язык: Лексика. М., 1977;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я РЭ́КІ,

невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс. км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.

Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.

І.​Я.​Афнагель.

Да арт. Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́СТРА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, каля г. Мядзел, у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Пл. 13,1 км², даўж. 5,8 км, найб. шыр. 4,5 км, найб. глыб. 11,3 м, даўж. берагавой лініі 20,2 км, аб’ём вады 70,2 млн. м³. Пл. вадазбору 130 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр, нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу. 2 мысы (горы Конеўка і Галыжына), якія далёка ўразаюцца ў возера, аддзяляюць паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. 2—3 м (на Пн і ПнУ 6—10 м), спадзістыя, разараныя, на Пд і ПдЗ укрытыя лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі паўастравоў і заліваў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўн. лука і інш.). Берагі на Пн і ПнУ абразіўныя, зліваюцца са схіламі, астатнія нізкія, пясчаныя, на Пд і У забалочаныя. На асобных участках уздоўж берагоў цягнецца берагавы вал выш. да 1 м. Дно паўн. плёса са шматлікімі пясчанымі і пясчана-жвіровымі падняццямі і ўпадзінамі (глыб. 8—11 м). У паўд. плёсе глыб. да 8 м. Зона мелкаводдзя пясчаная, на асобных участках пясчана-галечная, завалуненая. Глыбей пашыраны сапрапелі і ілы гляі*. Сярэдняя магутнасць асадкаў 4—5 м, у залівах да 7—8 м. Ваганні ўзроўню вады да 40 см за год. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 2-й дэкады красавіка; найб. таўшчыня лёду 75 см. Вял. колькасць кіслароду, мінералізацыя вады да 250 мг/л, празрыстасць 1,5 м. Эўтрофнае. Расліннасць утварае ўздоўж берагоў некалькі палос (шыр. да 300 м). Падводная расліннасць да глыб. 4 м. Іхтыяфауна ляшчова-судаковая, водзіцца вугор. Зарыбленне (судак, сазан і інш.). Багатая арнітафауна. М. злучана пратокамі з азёрамі Баторына, Скрыпава, Шастакова. Сцёк праз пратоку Скема (даўж. 200 м) у воз. Нарач. Рыбалоўства. Курортная зона. Гідралагічныя назіранні з 1961. На паўд. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, на У паміж азёрамі М. і Баторына помнікі прыроды Качаргінская ірада, вял. камень Качаргінскі.

Літ.:

Боровик Е.А. Рыбопромысловые озера Белоруссии. Мн., 1970.

Б.​П.​Уласаў.

На беразе возера Мястра.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛО́,

1) у беларусаў самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны. Выкарыстоўвалася з глыбокай старажытнасці для лоўлі баравых і балотных птушак, дробных і буйных звяроў. У залежнасці ад аб’екта, месца і часу палявання бытавалі ў некалькіх разнавіднасцях (кожнае мела сваё канкрэтнае прызначэнне і назву). Курапатак зімою, калі вял. маразы гналі іх да чалавечага жылля, лавілі на загуменні колам (ляшчынавы абруч, зацягнуты сеткай з тонкага моцнага шнура, да якой прывязвалі некалькі дзесяткаў петляў з конскага воласу). Пружкамі (невялічкае С. з петлямі на шнурку), прывязанымі пад гронкамі рабіны, сілілі рабчыкаў. Для лоўлі дупеляў ужывалі понажы — шматметровыя моцныя шнуры з мноствам валасяных петляў, прывязаных на адлегласці 15—20 см адна ад адной. Понажы падвешвалі на калках у 25—30 см ад зямлі і аблытвалі імі амаль усё такавішча. Шырока распаўсюджаны былі адзінарныя петлі з валасоў, шнуркоў і дроту. Імі лавілі птушак і звяроў. Устанаўлівалі петлі на звярыных пераходах, каля нор і на такавішчах двума спосабамі — «на зашморг» і «на падрыў». У першым выпадку звер сам зацягваў на сабе пятлю, якую прывязвалі да ўбітага ў зямлю калка або да галіны куста ці дрэва. Калі пятлю ставілі «на падрыў», яе прывязвалі да сагнутай і зашчэмленай вершаліны маладога дрэўца. Калі звер трапляў у пятлю, то выслабаняў вершаліну з-пад сучка, яна распрамлялася і падымала здабычу над зямлёю. На Палессі так лавілі вясною качараў, прывабліваючы іх манькутай (падсаднай качкай на драўляным крузе) або чучалам. У наш час лоўля ўсімі відамі С. забаронена і аднесена да браканьерства.

2) Пятля, традыц. рыбалоўная прылада, якой лавілі пераважна невялікіх шчупакоў, што ў летнюю спякоту стаяць каля паверхні вады. Да канца тонкай палкі прымацоўвалі лёску (з конскага воласу), завязаную пятлёй, апускалі яе ў ваду, падводзілі пад шчэлепы шчупака і, зацягнуўшы яе рэзкім рухам, выкідвалі рыбіну на бераг ці ў лодку. Лавілі С. звычайна дзеці і падлеткі. Вядома па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім, С.​Ф.​Цярохін.

Да арт. Сіло. Сілкі: 1 — пружкі; 2 — понажы; 3 — пятля; 4 — трыгубіца.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)