«ПАГО́НЯ»,

грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 1992 у Гродне на бел. мове. Выходзіла раз у 2 тыдні, з мая 1993 — раз у тыдзень, з ліп. 1997 два разы ў тыдзень. Друкуе матэрыялы на паліт., грамадска-сац., эканам. тэмы, асвятляе мясц. культ., канфесійнае, спарт. жыццё. Аддае ўвагу гіст. праблематыцы, змяшчае краязнаўчыя допісы, мемуары, успаміны дзеячаў бел. руху. Пастаянныя рубрыкі: «Грамадства», «Палітычная сцэна», «Сумежжа», «Вайна і людзі», «Лёсы», «Наш каляндар» і інш.

У.​І.​Хільмановіч.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Людміла Антонаўна) (н. 19.3.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1968). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1996 нам. дырэктара). Навук. працы па захворваннях і пашкоджаннях апорна-рухальнага апарату, касцявой анкалогіі.

Тв.:

Особенности диагностики опухолей позвоночника // Мед. новости. 1996. № 11;

Диагностика опухолей позвоночника (разам з І.​Р.​Варановіч) // Вестн. травматологии и ортопедии. 1997. № 3.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Павел Якаўлевіч) (31.5.1924, в. Кулікі Слуцкага р-на Мінскай вобл. —23.1.2000),

бел. вучоны ў галіне геабатанікі. Канд. с.-г. н. (1964). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі, у 1969—84 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (вучоны сакратар). Навук. працы па лясной геабатаніцы і інтрадукцыі раслін. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительный покров Белоруссии (с картой М 1:1000000). Мн., 1969 (у сааўт.).

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (БАПЦ),

адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус. правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял. Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.​С.​Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).

В.​В.​Антонаў.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НТЭ (Brontë),

англійскія пісьменніцы, сёстры. Нарадзіліся ў Торнтане, графства Йоркшыр (Вялікабрытанія). Працавалі настаўніцамі. У 1846 выдалі зб. вершаў пад псеўд. браты Бел. Тэма жаночай свабоды, ідэал паўнакроўнага, яркага, не ўшчэмленага жорсткімі ўмоўнасцямі жыцця ўласцівы творчасці ўсіх Бронтэ: увялі ў англ. л-ру 19 ст. вобраз незалежнай жанчыны, роўнай мужчыне па інтэлекце і сіле характару.

Шарлота (псеўд. Карэр Бел; 21.4.1816—31.3.1855), аўтар сац.-псіхал. раманаў «Настаўнік» (1846, выд. 1857), «Джэйн Эйр» (т. 1—3, 1847), «Шэрлі» (т. 1—3, 1849), «Вілет» (т. 1—3, 1853). Эмілі Джэйн (псеўд. Эліс Бел; 30.7.1818—19.12.1848) належаць рэфлексійна-філас. вершы і раман «Пагоркі буйных вятроў» (1847, рус. пер. «Навальнічны перавал», 1956) — гісторыя трагічнага кахання батрака і дачкі яго гаспадароў — цесна звязаны з эстэтыкай рамантызму. Ганна (псеўд. Актан Бел; 17.1.1820—28.5.1849), аўтар вершаў, раманаў «Агнес Грэй» (1847, аўтабіягр.), «Арандатар Уайлдфел-Хола» (1848).

Тв.:

Рус. пер. — Бронте Ш. Городок: Роман. М., 1990;

Джейн Эйр: Роман. Мн., 1992;

Бронте Э. Грозовой перевал: Роман. М., 1988;

Бронте А. Агнес Грей: Роман;

Незнакомка из Уайлдфелл-Холла: Роман;

Стихотворения. М., 1990.

Літ.:

Тугушева М. Шарлотта Бронте: Очерк жизни и творчества. М., 1982.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,

працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.

А.​Я.​Супрун.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́НА (сцэн. псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.​Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.​Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел. т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.

Літ.:

Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;

Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.

В.У.Галіна. Партрэт мастака Л.​Рана. 1960.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (парт. псеўд. Стах, Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),

бел. паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел. камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл. ЦК КПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦК КПЗБ (гл. Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.​І.​Тарашкевіча і С.​А.​Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.

Т.​С.​Процька, У.​У.​Грамовіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр. Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-р гіст. н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.​Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.​Кіпель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Вадзім Міхайлавіч) (22.4.1909, с; Нарым Парабельскага р-на Томскай вобл., Расія — 20.10.1984),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У Айч. вайну журналіст, удзельнік вызвалення Беларусі. З 1949 гал. рэдактар час. «Знамя». Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў апавяданняў «Начная размова» (1939), «Апавяданні пра вайну» (1942), «Любімыя таварышы» (1943), «Дарогамі вайны» (1955), «Дрэва жыцця» (1977); аповесцей «Стэпавы паход» (1939), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1960), «Пётр Рабінкін» (1968), «Асобае падраздзяленне» (1969, за дзве апошнія Дзярж. прэмія СССР 1971); раманаў «Зары насустрач» (кн. 1—2, 1956—57, пра рэв. рух у Сібіры), «У поўдзень на сонечным баку» (1973), «Карані і крона» (1981—82). Раман «Шчыт і меч» (1965, паст; Бел. т-рам імя Я.​Коласа 1967) пра сав. разведчыкаў. Пісаў п’есы, нарысы, кінасцэнарыі. Неаднаразова наведваў Беларусь. Аўтар нарыса «Кірыл Арлоўскі», артыкулаў пра бел. л-ру. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.​Кудравец, Г.​Шаранговіч.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1968—71;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1985—88;

Бел. пер. — у кн.: Аб кані і конніку. Мн., 1936;

Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.

Літ.:

Леонов Б.А. Вадим Кожевников: Очерк жизни и творчества. М., 1985.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)