фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл.Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.А.Лорэнц, А.Пуанкарэ, А.Эйнштэйн, Г.Мінкоўскі.
У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец.адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v << c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v2/c2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе цела масы m ад скорасці руху v:
,
, адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.
На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.
Літ.:
Эйнштэйн А. Сущность теории относительности. М., 1955;
Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;
Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ.М., 1963;
Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;
Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЦШЭ ((Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм) (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),
нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.Вагнера, Ф.Шылера, Г.Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.Зімель, Г.Файгінгер, О.Шпенглер, А.Камю, М.Хайдэгер, У.С.Салаўёў, Х.Артэга-і-Гасет, М.А.Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.Фрэйдам, Э.Фромам, К.Хорні, А.Адлерам, К.Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.Мана, Б.Шоу, Дж.Лондана, В.Брусава, М.Гумілёва, М.Ікбана і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Стихотворения;
Философская проза. СПб., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1994;
Человеческое, слишком человеческое;
Веселая наука;
Злая мудрость. Мн., 1997;
Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;
По ту сторону добра и зла;
Казус Вагнер;
Антихрист;
Ecce Homo. Мн., 1997.
Літ.:
Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;
Философия Ф.Ницше. М., 1991;
Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;
Кучевский В. Философия нигилизма Ф.Ницше. М., 1996;
Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн.т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,
кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел.правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел.правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус.правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.
У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);
Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),
уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км²), а-воў Луаятэ (2 тыс.км²) і інш.Пл. 19,1 тыс.км². Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Савецкі Саюз, шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якімінш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБКП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на П з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.: Образование СССР: Сб. док. М., 1972; Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.