ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

Да арт. Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),

спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.​Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац. АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.

Літ.:

История и генеалогия. М., 1977;

Genealogia. Warszawa, 1959.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,

камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.

Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.

Літ.:

Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;

Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.

П.​Я.​Антонаў.

Горныя камбайны: а — праходчы (1 — пагрузачны стол, 2 — фрэзерная каронка, 3 — выканаўчы орган; 4 — перагружальнік, 5 — хадавая частка); б — здабычны (выкарыстоўваецца на рудніках ВА «Беларуськалій»).

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛМА́ЦЫЯ (Dalmacija),

гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э. рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах. Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст. росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст. ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).

Літ.:

Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОЙС ((Joyce) Джэймс Аўгусцін Алоіс) (2.2.1882, Дублін — 13.1.1941),

ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.​Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.​Бабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;

У кн.: Поэзия Ирландии. М., 1988.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Джеймс Джойс. М., 1967.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,

залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.

Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.

Літ.:

Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ. М., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.

Б.​А.​Соцкі, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,

форма арганізацыі навуч. працэсу для асоб, якія спалучаюць атрыманне адукацыі з прац. дзейнасцю; частка сістэмы бесперапыннай адукацыі. Прадугледжвае самаст. праходжанне навучэнцамі асобных раздзелаў навуч. курсаў у адпаведнасці з праграмамі і планамі, выкананне кантрольных заданняў і здачу экзаменаў у навуч. установе. Сістэма З.н. сфарміравалася і развілася на аснове завочных школ (груп), курсаў, завочных аддзяленняў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў. Выпускнікі завочных навуч. устаноў маюць тыя ж правы, што і выпускнікі дзённых і вячэрніх. З.н. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША, калі былі створаны першыя прыватныя школы для З.н. замежным мовам. У канцы 1960-х г. з’явіліся дзярж. і прыватныя вышэйшыя і сярэднія спец. навуч. ўстановы, спецыялізаваныя на завочнай форме навучання. Ствараюцца міжнар. аб’яднанні (кансорцыумы) завочных навуч. устаноў. Запісы лекцый і інш. заняткаў трансліруюцца па навуч. сетках і з дапамогай спадарожнікавай сувязі камплектуюцца ў відэабібліятэкі. Пры ЮНЕСКА дзейнічае Міжнар. савет па З.н.

У Беларусі першыя завочныя аддзяленні створаны ў 1931 пры Віцебскім, Магілёўскім, Мінскім пед. ін-тах, у 1933 — пры Бел. політэхн. ін-це. У 1997/98 навуч. г. ў Беларусі пры агульнаадук. школах і вячэрніх (зменных) агульнаадукацыйных школах 168 груп завочнага навучання (больш за 3 тыс. навучэнцаў), у сярэдніх спец. навуч. установах 23,8 тыс. навучэнцаў-завочнікаў, у дзярж. ВНУ — 62,6 тыс., недзярж. — 17,5 тыс. студэнтаў-завочнікаў.

В.​С.​Болбас.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ВЫ,

устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб. стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.

Публ.:

Замовы. Мн., 1992.

Літ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 5. Витебск, 1891;

Астахова А.М. Художественный образ и мировоззренческий элемент в заговорах. М., 1964;

Толстой Н.И. Из наблюдений над полесскими заговорами // Славянский и балканский фольклор. М., 1986;

Барташэвіч Г.А. Магічнае слова. Мн., 1990.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЯ́ВА,

афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.

«ЗАЯ́ВА 32-х»,

даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.​Г.​Булат, П.​В.​Ільючонак, Я.​П.​Каранеўскі, А.​С.​Кудзелька, М.​С.​Кудзелька (М.​Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.

Р.​П.​Платонаў.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,

даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз. дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.

Т.​Я.​Бондар, М.​Е.​Заяц.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)