МА́РЛА ((Marlowe) Крыстафер) (6.2.1564, г. Кентэрберы, Вялікабрытанія — 30.5. 1593),

англійскі драматург; заснавальнік жанру «высокай трагедыі» эпохі Адраджэння. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1587). У сваёй творчасці спалучаў гуманіст. погляды і вучонасць з традыцыямі англ. нар. т-ра. Першая трагедыя «Тамерлан Вялікі» (паст. 1587—88) — драматызаваная біяграфія чалавека, надзеленага незвычайнай воляй. У п’есах «Мальтыйскі яўрэй» (паст. каля 1588) і «Трагічная гісторыя доктара Фауста» (паст. 1592) выступіў з сатырай на тагачаснае грамадства. Аўтар гіст. хронікі «Эдуард II» (паст. 1593), паэмы на міфалагічны сюжэт «Геро і Леандр», трагедыі «Парыжская разня» (абедзве не закончаны). Узбагаціў мову трагедыі інтанацыямі, вобразнасцю і фразеалогіяй лірычнай паэзіі.

Тв.:

Рус. пер.Соч. М., 1961.

Літ.:

Парфенов А.Т. Кристофер Марло. М., 1964.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ХАР ((Machar) Іозеф Сватаплук) (29.2.1864, г. Колін, Чэхія — 17.3.1942),

чэшскі паэт. Прадстаўнік т.зв. генерацыі 1890-х г., адзін з аўтараў маніфеста «Чэшскай мадэрны». Першы зб. «лірыкі расчараванняў» — «Споведзь» (1887—92). Этычныя і паліт. праблемы ў цэнтры зб-каў «Tristium Vindobona 1—20» (1893), «Галгофа» (1901), рамана ў вершах «Магдалена» (1894) і інш. У гіст. цыкле «Свядомасць стагоддзяў» (ч. 1—9, 1906—26) супрацьпастаўленне антычнасці і хрысціянства, ідэя «моцнай асобы», схільнасць да індывідуалізму і песімізму. Аўтар зб-каў вершаваных фельетонаў і кніг успамінаў пра знакамітых людзей эпохі («Рым», 1907; «Каталіцкія апавяданні», 1911; «Венскія профілі», 1919; «Сорак гадоў з Ірасекам», 1931).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Раны и розы: Стихи четырех чеш. поэтов. М., 1982.

А.У.Вострыкава.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Аляксандр Цярэнцьевіч) (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),

расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-ва рус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.Герцэна (1912), А.Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў ў галіне дробнай пластыкі.

А.Мацвееў. В.Э.Барысаў-Мусатаў. 1900.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЬЕ́, Мацьез (Mathiez) Альбер (10.1.1874, Ла-Бруер, Францыя — 26.2.1932), французскі гісторык. Замежны чл.-кар. АН СССР, д-р гуманіт. н. (1904). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1897). З 1911 праф. правінцыяльных ун-таў, з 1926 праф. парыжскай Сарбоны. Першапачаткова прыхільнік левых радыкалаў, да 1926 звязаны з камуністамі, у канцы жыцця прымкнуў да правых. Вывучаў пераважна гісторыю Французскай рэвалюцыі 1789—99, асабліва перыяд якабінскай дыктатуры. Выступаў супраць ідэалізацыі Ж.Дантона, але ідэалізаваў М.Рабесп’ера. У 1907 засн. і ўзначальваў Т-ва рабесп’ерысцкіх даследаванняў, засн. час. «Annales révolutionnaires» («Рэвалюцыйныя аналы»). Асн. працы: «Французская рэвалюцыя» (т. 1—3, 1922—27), «Вакол Рабесп’ера», «Вакол Дантона» (абедзве 1926) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Французская революция. Ростов н/Д, 1995.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНКО́ (Васіль Пятровіч) (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1981;

Рус. пер. — Драма и комедии. М., 1963.

В.А.Чабаненка.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням: і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.

У.В.Ляхоўскі.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ. «Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.Х.Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.Р.Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.Горкага і драматургіі Л.Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».

У.М.Конан.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ МУЗЕ́Й.

Дзейнічаў у 1912—15 у Мінску. Створаны Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Размяшчаўся ў доме Е.С.Федаровіч (цяпер на яго месцы будынак Галоўпаштамта). Меў аддзелы: гіст., археал., этнагр., прыродазнаўчы, маст.-прамысловы. Экспанаваліся ўзоры глебы, мінералаў, чучалы звяроў і птушак, шкілеты дагіст. жывёл, стараж. прылады працы і манеты, узоры нар. ткацтва і інш. У спец. сховішчы зберагаліся старадрукі, карты, рукапісы, гравюры і інш. каштоўнасці. Музей наладжваў тэматычныя выстаўкі, складаў школьныя калекцыі, розныя дапаможнікі і інш. У сувязі з 1-й сусв. вайной спыніў публічную дзейнасць. У 1920 частка экспанатаў перададзена Мінскаму абл. музею.

Літ.:

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994. С. 275.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫСАН (Morrison) Тоні [сапр. Уофард

(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),

«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.

Тв.:

Рус. пер. — Песнь Соломона. М., 1982.

Літ.:

Писатели США. М., 1990;

Стулов Ю.В. 100 писателей США Мн., 1998.

Л.П.Баршчэўскі.

Т.Морысан.

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)