ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам.гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.
Тв.:
Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.
Літ.:
Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;
Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦККПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».
Друкуецца з 1960. Першы зб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.Іванава, раманы А.Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.Караленкі, «На Іртышы» С.Залыгіна і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;
Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;
Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;
Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.
Літ.:
Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),
старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.
Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).
Ю.А.Якімовіч.
Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,
тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж.акад.т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.М.Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.Лядаў, Э.Напраўнік, М.Малько; спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, В.Пятроў, Б.Штокалаў, Г.Кавалёва; танцоўшчыкі Т.Карсавіна, М.Кшасінская, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, Г.Уланава, М.Барышнікаў, І.Бельскі, Г.Комлева, Н.Кургапкіна, Н.Макарава, Р.Нурыеў; балетмайстры М.Петыпа, М.Фокін, Ф.Лапухоў; мастак А.Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.Агнавенка, М.Ахотнікаў, І.Багачова, Я.Гарахоўская, Ю.Марусін, К.Плужнікаў, Л.Філатава; артысты балета А.Асылмуратава, К.Заклінскі, А.Куркоў, В.Ліхоўская, Ю.Махаліна, Ф.Рузіматаў і інш.Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).
Літ.:
Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.М.Кирова. Л., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),
італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланьіні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),
рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс.км² (з р. Уругвай 2970 тыс.км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял.ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс.м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн.т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн.кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ ПАСЁЛАК,
населены пункт, размешчаны пры прамысл. прадпрыемствах, будоўлях, чыг. станцыях, электрастанцыях і інш. На Беларусі ўведзены пастановай ЦВК і СНКБССР ад 15.7.1935.
У канцы 19 — пач. 20 ст., калі будаваліся буйныя прадпрыемствы, паблізу іх узнікалі рабочыя слабодкі, пасёлкі, ускраіны. Яны мелі неўпарадкаваную, скучаную і хаатычную забудову (Ляхаўка, Камароўка ў Мінску, Гарэлае балота і Каўказ у Гомелі і інш.). У 1920—30-я г.Р.п. забудоўваліся комплексна (Камінтэрн у Мінску, Арэха-Выдрыца пры БелДРЭС, Аршанскі р-н Віцебскай вобл.): адначасова з 2—3-павярховымі жылымі дамамі будавалі дзіцячыя сады, школы, аб’екты культ.-быт. прызначэння, выкарыстоўваліся таксама тыпавыя праекты 4—16-кватэрных дамоў. У 1940-я г. створана шмат Р.п. пры торфапрадпрыемствах (Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., Татарка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Арх.-планіровачную структуру сучасных Р.п. утвараюць грамадскі цэнтр, жылая, прамысл. і паркавая зоны. Кампазіц. вось — гал. вуліца, на якой часцей за ўсё фарміруецца гал. плошча з адм.-грамадскім цэнтрам (Беліцк Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., Зялёны Бор Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. і інш.). Прамысл. зона аддзелена сан.-ахоўнай паласой, зялёныя насаджэнні якой утвараюць парк. зону (Бальшавік і Касцюкоўка Гомельскага р-на).
Паводле Закону «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998 Р.п. адносяцца да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу, маюць 500—2 тыс. жыхароў, могуць вырастаць у гарадскія пасёлкі і гарады. На Беларусі 15 Р.п. (2001): Акцябрскі, Асінторф, Бальшавік, Глуша, Градзянка, Зялёны Бор, Касцюкоўка, Мікашэвічы, Пагранічны, Першамайскі, Праўдзінскі, Рэчыца, Сасновы Бор, Татарка, Ялізава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІН (Сяргей Аляксеевіч) (н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.П.Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТУ́РЫ (Venturi),
італьянскія мастацтвазнаўцы. Бацька і сын. Ураджэнцы г. Мадэна, Італія. Адольфа (4.9.1856—10.6.1941). У 1888—98 гал. інспектар мастацтваў у Рыме, з 1931 праф. Рымскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў (1888) час. «Archivio Storico dell Arte» («Гістарычны архіў мастацтва», з 1898 «L’Arte» — «Мастацтва»). Аўтар «Гісторыі італьянскага мастацтва» (т. 1—25, 1901—40), якая ахоплівае 13—16 ст.Ліянела (25.4.1885—14.8.1961), праф. ун-таў у Турыне (1915—32) і Рыме (з 1945). Працы Вентуры па гісторыі мастацтва і мастацтвазнаўства («Джарджоне і джарджанізм», 1913; «Гісторыя мастацкай крытыкі» і «Сезан», 1936; «Жывапіс і жывапісцы», 1945; «Італьянскі жывапіс», т. 1—3, 1950—52) адметныя шырынёй ахопу гіст. праблем, трапнасцю характарыстык, аналогіяй абсалютнай свабоды ў самавыяўленні мастака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНЯЕ ВО́ЗЕРА (Lake Superior),
возера ў сістэме Вялікіх азёрПаўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Найб. глыбокае з Вял. азёр і самае буйное з прэснаводных азёр у свеце. Размешчана на выш. 183 м. Пл. 82,4 тыс.км². Даўж. 613 км, шыр. каля 256 км, глыб. да 393 м. Паўн. берагі скалістыя і высокія, паўднёвыя — пераважна нізінныя і пясчаныя. Буйны в-аў Айл-Роял. Сцёк у воз. Гурон па р. Сент-Мэрыс. У раёне Верхняга возера радовішчы жал. руды і медзі. Верхняе возера — важнае звяно воднага шляху, які злучае ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі з Атлантычным ак. Рыбалоўства. Нац. Паркі Айл-Роял (ЗША), Пукаскуа (Канада). Гал. парты: Дулут, Сьюпірыёр, Ашленд, Маркет (ЗША), Тандэр-Бей (Канада).