ФЕРАЗО́НД (ад фера... + зонд),

прылада для выяўлення магнітнага поля і вымярэння яго напружанасці. Мае адчувальны элемент, які ўяўляе сабой ферамагн. асяродак (звычайна з пермалою) з 2 абмоткамі (узбуджэння і вымяральнай).

Прынцып дзеяння грунтуецца на зменах магн. стану асяродка пад уплывам знешняга пастаяннага магн. поля і ўзнікнення эрс індукцыі, залежнай ад яго напружанасці, а таксама ад арыентацыі асяродка адносна магн. поля. Выкарыстоўваецца пры касм. і геафіз. даследаваннях (як састаўная частка каэрцытыметраў, магнітометраў і інш.), сістэмах кантролю за якасцю прадукцыі (гл. Магнітная дэфектаскапія), у медыцыне і інш.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РМА ў матэматыцы,

мнагасклад ад некалькіх (m) пераменных, усе члены якога маюць адну і тую ж ступень (ступень аднаскладу x​ay​b...z​c — лік n = a + b + ... + c). У залежнасці ад ліку m пераменных адрозніваюць Ф. бінарную (m = 2), тэрнарную (m = 3) і інш., а ў залежнасці ад ступені n іх членаў — лінейную форму (n = 1), квадратычную (n = 2), кубічную (n = 3) і інш. Ф., напр., xy + 2y + z​2 — тэрнарная квадратычная Ф. Тэрмін «Ф.» выкарыстоўваецца ў алг. геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненнях і інш.

т. 16, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ЦА,

рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Цна (бас. р. Дняпро). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 167 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Становішча, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Чабатары. Асн. прыток — р. Мікалаеўшчына (справа). Цячэ па паўн.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. да 1,5 км. Схілы стромкія, выш. да 12 м, зрэдку абрывістыя. Пойма двухбаковая, забалочаная, у сярэднім цячэнні меліяраваная. Рэчышча на працягу 7,2 км каналізаванае, шыр. ад 5 да 10 м.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦЬ,

пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 19 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Уша. 5093 ж., 1714 двароў (2003). З-ды: буд. канструкцый, буд. матэрыялаў, дахавай чарапіцы, дрэваапр., сухіх сумесей; акц. т-ва «Забудова», ПМК 213 і шэраг інш. буд. арг-цый, сумеснае прадпрыемства «Шклолюкс», швейнае прадпрыемства «Арніка», зверагаспадарка «Чысць», жыллёва-камунальная гаспадарка. Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ДНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

працэсы, якія адбываюцца ў тонкіх паверхневых слаях на мяжы электродаў з электралітамі і звязаныя з пераносам электронаў праз мяжу падзелу асяроддзяў пры праходжанні эл. току. У залежнасці ад напрамку пераносу электронаў (з электрода ў электраліт ці наадварот) адрозніваюць катодныя і анодныя Э.п., якія прыводзяць адпаведна да аднаўлення ці акіслення рэчыва электрода. Адрозненне Э.п. ад звычайных хім. працэсаў — залежнасць іх скорасці ад электроднага патэнцыялу, а таксама магчымасць прасторавага раздзялення працэсаў акіслення і аднаўлення, што выкарыстоўваецца ў хімічных крыніцах току і пры электролізе. Гл. таксама Анадзіраванне, Гальванатэхніка.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫСДЫ́КЦЫЯ (лац. jurisdictio судаводства ад jus права + dictio абвяшчэнне),

устаноўленая законам або інш. нарматыўным актам сукупнасць паўнамоцтваў адпаведных дзярж. органаў вырашаць прававыя спрэчкі і справы аб правапарушэннях; права ацэньваць дзеянні асобы або інш. суб’екта права з пункту гледжання іх правамернасці і прымаць юрыд. санкцыі да правапарушальнікаў. Ю. вызначаецца ў залежнасці ад віду і характару спраў, што вырашаюцца (злачынствы, праступкі, маёмасныя спрэчкі і г.д.), тэрытарыяльнай іх прыналежнасці, ад асоб, якія бяруць у іх удзел. Пад Ю. разумеецца таксама сфера адносін, на якія пашыраюцца паўнамоцтвы.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 18, кн. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧА́РА,

рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 325 км. Пл. вадазбору 6990 км². Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы з воз. Калдычэўскае ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., упадае ў Нёман за 2 км на ПдУ ад в. Дашкаўцы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прытокі: Ліпнянка, Мышанка, Лахазва, Уса, Пад’яварка (справа), Ведзьма, Грыўда, Луконіца, Сіпа (злева). Вадазбор у межах Прыпяцкага Палесся, Баранавіцкай раўніны, паўд.-зах. схілаў Навагрудскага ўзв. і Верхнянёманскай нізіны. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Ш. падзяляецца на 2 участкі. Ад вытоку да ўпадзення р. Грыўда даліна трапецападобная (шыр. 1,5 км), са стромкімі схіламі выш. 15—20 м, пойма нізкая, забалочаная і куп’істая, перарэзана асушальнымі каналамі. Шыр. разліву ад 200—300 м да 2—3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма парэзана сеткай каналаў, па якіх (і па Агінскім канале) у веснавое разводдзе адбываецца пераліў вады са Шчары ў воз. Выганашчанскае. Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў у вытоку і перад упадзеннем р. Грыўда; яго шыр. 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На ўчастку ад упадзення р. Грыўда да вусця даліна трапецападобная, шыр. 3—5 км. Схілы стромкія, выш. 10—20 м, месцамі 35—40 м, у ніжнім цячэнні спадзістыя. Пойма забалочаная, яе шыр. ў пачатку ўчастка 1,5—2 км, у сярэдняй частцы 500—800 м, у ніжняй 50—300 м. Рэчышча звілістае. Веснавое разводдзе пачынаецца ў пачатку сак. і доўжыцца ў сярэднім 65—80 сут; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў. Сярэдняе перавышэнне найвыш. ўзроўню над летне-асенняй межанню 1,8 м. Замярзае ў канцы снеж. (найб. таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 37,7 м³/с. Суднаходная ад в. Быцень (за 155 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. На рацэ Даманаўскае вадасховішча (у сутоках з р. Грыўда) і Чамялынскае вадасховішча, г. Слонім. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэмы. У маляўнічай мясціне ўздоўж ракі на Пд ад г. Ляхавічы зона адпачынку Шчара.

Рака Шчара ніжэй Слоніма.

т. 17, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса імя Чапаева. За 38 км на Пд ад г. Івацэвічы, 175 км ад Брэста. 1720 ж., 617 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЕТРЫ́СТЫКА (ад франц. belleslettres мастацкая літаратура),

у шырокім сэнсе слова — маст. л-ра наогул, у больш вузкім і ўжывальным — мастацкая проза (у адрозненне ад паэзіі і драматургіі). У сучасным разуменні — нескладаныя празаічныя творы займальнага характару, якія проціпастаўляюцца сур’ёзнай л-ры.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬДЗЮ́ГІ,

вёска ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнЗ ад Шаркаўшчыны, 235 км ад Віцебска. 557 ж., 207 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)