КАРЭ́ЛА (саманазва — кар’яла),
племя, нашчадкамі якога з’яўляюцца сучасныя карэлы, што жывуць у Карэліі, Цвярской, Наўгародскай, Ленінградскай, Яраслаўскай і інш. абласцях Расіі. К. як асобны прыбалтыйска-фінскі этнас сфарміраваўся на аснове мясц. неаліт. плямён. У складванні стараж. К. прынялі ўдзел 2 этнічныя кампаненты: ям і волхаўская чудзь. У 9 ст. К. засялілі Карэльскі перашыек, потым Паанежжа і тэр. на Пн ад яго. З пачаткам распаўсюджвання тут хрысціянства К. рассяліліся ў цэнтр. Фінляндыі і ва ўсх. вобласці Хяме да берага Батнічнага заліва. Першае ўпамінанне К. ў рус. летапісах адносіцца да 1143. У 13 ст. К. насялялі правінцыю Фінмара і дасягнулі берагоў Паўн. Ледавітага акіяна, асвойвалі ўзбярэжжа Паўн. Дзвіны, дзе склалі частку насельніцтва вобл. Біярмія.
І.М.Язэпенка.
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ ПО́ЎНАЧ,
частка тэр. ў Рас. Федэрацыі, размешчаная пераважна на Пн ад Палярнага круга (66°33′ паўн. ш.). Уключае арктычную ледзяную зону, тундру, лесатундру і частку тайгі. Характарызуецца вельмі суровымі кліматычнымі ўмовамі і адносна слабай заселенасцю. Карэннае насельніцтва складаюць т.зв. малыя народы Поўначы. У адм. адносінах да раёнаў К.П. адносяць: Якуцію, Магаданскую, Камчацкую, Мурманскую (за выключэннем г. Кандалакша з прылеглай тэрыторыяй) вобласці, асобныя раёны і гарады Рэсп. Комі, Архангельскай, Цюменскай, Іркуцкай і Сахалінскай абласцей, Краснаярскага і Хабараўскага краёў, а таксама астравы Паўн. Ледавітага ак. і яго мораў; астравы Берынгава і Ахоцкага м. Шэраг мясцовасцей у Бураціі, Томскай, Чыцінскай і Амурскай абласцях, Прыморскім краі, якія знаходзяцца ў суровых кліматычных умовах, прыраўнаваны да раёнаў К.П.
т. 8, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.
Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд
, дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.
А.А.Гусак.
т. 9, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́НЧА СУД»,
у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.Бэрча і да т.п.
т. 9, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫ́ЦЫІ (лац. patricii ад pater бацька),
у Старажытным Рыме першапачаткова ўсё карэннае насельніцтва, якое ўваходзіла ў родавую абшчыну і складала рым. народ (Populus Romanus Quiritium); супрацьстаяла плебеям. Пасля вылучэння з роду знатных патрыярхальных сем’яў — родавая арыстакратыя. З канца 6 ст. да н.э. — пануючы клас-саслоўе Рым. рэспублікі, мелі ўсе грамадз. і паліт. правы, у т. л. выключнае права карыстацца грамадскай зямлёй. Пасля ўключэння плебеяў у склад рым. народа і ўраўнавання іх у правах з П. (пач. 3 ст. да н.э.) вярхі П. і плебса зліліся і ўтварылі набілітэт. У эпоху імперыі ўзніклі новыя П., якія складалі прывілеяваную ч. сенатарскага саслоўя; у яго ўваходзілі вылучаныя імператарам ураджэнцы Італіі і правінцый.
т. 12, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦІ,
псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл. Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАПЛА́СТ,
прынятая ў СССР гандл. назва полі-3,3-біс-(хлорметыл) аксетану; сінтэтычны тэрмапластычны лінейны палімер, [CH2C(CH2Cl)2CH2O]. Сінтэзаваны ў 1951 у Вялікабрытаніі. Прамысл. вытв-сць пачата ў 1959 у ЗША, дзе яго выпускаюць пад назвай пентон.
Бясколернае рогападобнае рэчыва, мал. м. (100—250) 103, шчыльн. 1400 кг/м³, tпл 180 °C (раскладаецца пры 285 °C). Раствараецца ў цыклагексаноне, хлорбензоле пры t > 100 °C. Паводле трываласных паказчыкаў блізкі да поліпрапілену. Устойлівы да ўздзеяння мінер. кіслот, шчолачаў, масел, нітрабензолу, раскладаецца моцнымі акісляльнікамі (напр., олеумам). У вырабы перапрацоўваюць ліццём пад ціскам, экструзіяй, вакуум- і механапнеўмафармаваннем. мех. апрацоўкай. Выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для вырабу прэцызійных дэталяў і дэталяў вузлоў трэння), для футроўкі хім. абсталявання.
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТРУ́ЧВАННЕ,
абеззаражванне насення і пасадачнага матэрыялу ад узбуджальнікаў грыбковых, бактэрыяльных, вірусных хвароб з дапамогай спец. хім. сродкаў (гл. Пратравы). Выкарыстоўваюць сухое, мокрае і паўсухое П.
Сухое П. — апудрыванне парашкападобнымі прэпаратамі. Яго недахопы — невял. ступень прыліпання пратравы да насення, небяспека распылення. Мокрае П. — апрацоўка вадкімі прэпаратамі, з далейшымі тамленнем і прасушваннем. Працаёмкі метад, выкарыстоўваецца для невял. партый каштоўнага насення. Паўсухое П. — нанясенне парашкападобных пратручвальнікаў на ўвільготненае насенне ці апрацоўка суспензіямі; найб. перспектыўны метад.
Найб. эфектыўнае П. — за 5—8 мес да сяўбы ці пасадкі. Насенне пратручваюць на адкрытай пляцоўцы (не бліжэй як за 200 м ад жылых і жывёлагадоўчых памяшканняў). Пратручанае насенне нельга выкарыстоўваць у ежу і на корм жывёле.
т. 13, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛЬКО́ Іван Дзмітрыевіч (21.11.1929, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1979),
бел. літ.-знавец, крытык, паэт. Канд. філал. н. (1968). Скончыў БДУ (1958). З 1951 працаваў настаўнікам, з 1961 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся як крытык з 1958. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі бел. вершаскладання («Вершаскладанне, 1977). Кн. «Беларускі верш. Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969) — першае ў бел. літ.-знаўстве гісторыка-тэарэт. даследаванне праблем бел. верша. З 1954 выступаў як паэт. Яго паэзіі ўласцівы зварот да маральна-этычных праблем сучаснасці, любоў да роднай зямлі.
Тв.:
Святло зары вячэрняй: Вершы. Мн., 1983;
Верш і мова: (Прабл. тэорыі і гісторыі бел. верша). Мн., 1986.
В.Ю.Дэконская.
т. 13, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНЫ КРАЙ»,
газета, якая выдавалася Цэнтр. бел. радай Гродзеншчыны з 22.6 да 10.7.1919 у Гродне на бел. мове. Адлюстроўвала пазіцыі бел. эсэраў. Вызначальныя ў газеце — незалежніцкія матывы. Дамагалася бел. дзяржаўнасці, свабоды ад усякага ціску звонку, апелявала да патрыят. пачуццяў насельніцтва, якія павінны яднаць яго дзеля супраціўлення акупацыі. Пратэставала супраць паланізатарскіх акцый польскіх улад. Патрабавала стварэння бел. войска, развіцця бел. школьніцтва, т-ра. Пісала пра заключэнне міру ў Версалі, пра заснаванне ў Гродне Грамады бел. моладзі, яе культ.-асветную праграму Публікавала гіст. матэрыялы, вершы і прозу мясц. аўтараў. У газеце друкаваліся пад псеўданімамі Б.Тарашкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мядзёлка. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскімі ўладамі.
А.М.Пяткевіч.
т. 13, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)