ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,
вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у 1940—41, 1944. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-га кл. агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы і л-ры, фіз.-матэматычнае. У Вял. Айч. вайну абсталяванне і б-ка ін-та знішчаны. Аднавіў работу ў 1944. На яго базе створаны Гродзенскі пед. ін-т (1944—78) пераўтвораны ў Гродзенскі універсітэт.
т. 5, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАВЫ́ ЦІСК,
дадатковы ціск, што ўзнікае ў вадкім або газападобным асяроддзі пры праходжанні ў ім гукавой хвалі; асн. характарыстыка гуку. Гукавая хваля выклікае ў асяроддзі згушчэнні і разрэджванні, якія і ствараюць дадатковыя змены ціску ў адносінах да яго сярэдняга значэння. Пры значным гукавым ціску можа парушацца суцэльнасць вадкасці (гл. Кавітацыя). Вымяраецца ў паскалях. Гукавы ціск трэба адрозніваць ад ціску гуку.
т. 5, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГАТА́Й, Чагатай (7—1242),
мангольскі хан. Другі сын Чынгісхана, удзельнік большасці яго заваёўніцкіх паходаў. Пасля падзелу бацькам заваяваных зямель паміж сынамі (1224) Дж. атрымаў сярэднеазіяцкія вобласці ад Алмалыка да Амудар’і і Сырдар’і [гл. Джагатайскі (Чагатайскі) улус]. Стаўка Дж. знаходзілася ў даліне р. Ілі. У манг. дзяржаве Дж. быў лепшы знаўца манг. звычаёвага права, на сваіх землях патрабаваў строгага выканання манг. законаў.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Вікенцій Дзмітрыевіч) (н. 29.3.1931, с. Гаранава Ленінградскай вобл., Расія),
бел. трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Засл. трэнер СССР (1966). Засл. трэнер Беларусі (1964), засл. дзеяч фізічнай культуры Беларусі (1968). Засл. настаўнік Беларусі (1965). З 1966 старшы трэнер спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву (г. Віцебск). Сярод яго выхаванцаў алімп. чэмпіёнкі Т.Лазаковіч, Л.Петрык, чэмпіёнкі СССР Л.Аргучынская, С.Кудзінава, С.Маскалёва.
т. 6, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГІЛЕ́ВІЧ (Уладзіслаў) (каля 1674, Беларусь — 13.1.1714),
бел. архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры барока. У 1691 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1695—98), езуіцкім паслушніцкім доме ў Вільні (1701—04). Працаваў у Оршы (1704—05 і 1707—09), Нясвіжы (1705—06), Мсціславе (1706—07). У 1707 у Мсціславе паводле яго праекта пабудаваны драўляны езуіцкі касцёл, у 1711 — званіца і гасп. пабудова.
т. 6, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́Н ((Delon) Ален) (н. 8.11.1935, Парыж),
французскі кінаакцёр, рэжысёр, прадзюсер. У кіно з 1957. У фільмах «Рока і яго браты», «Зацьменне», «Леапард», «Самурай», «Забойства Троцкага», «Месье Кляйн» раскрывае дваістасць чалавечай натуры сваіх герояў, канфлікт паміж матэрыяльным і духоўным. Знешні выгляд, пластычнасць, дынамізм зрабілі Д. папулярным у ролях розных амплуа. Паставіў фільм «За скуру паліцэйскага» (1981), «Неўтаймаваны» (1983). З 1968 выступае і як прадзюсер.
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Серафім Фёдаравіч) (н. 2.1.1914, г. Чыятура, Грузія),
бел. інжынер. Сын Ф.Ф.Еўстаф’ева. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1940). З 1950 у Ін-це торфу АН Беларусі, у 1954—70 у БПІ. Сканструяваў пнеўматычны барабан для перакочвання цыліндрычнага торфу пры яго сушцы, воданаліўны каток для ўшчыльнення грунту. Распрацаваў тэорыю праектавання і выяўлення на чарцяжах святлоценявых форм. Аўтар успамінаў пра Ф.Ф.Еўстаф’ева.
т. 6, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁЎНЯ,
традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.
т. 6, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ (Васіль Пятровіч) (1922, в. Бярозаўка Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 12.7.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку ст. сяржант Ж. у ліп. 1944 у баі за г. Масты Гродзенскай вобл. агнём са станковага кулямёта адбіў 3 контратакі праціўніка, адрэзаў яго пяхоту ад танкаў, гранатамі падбіў танк, пад другім загінуў сам.
т. 6, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)