МІКЕЛУ́ЧЫ ((Michelucci) Джавані) (2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),
італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,
рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:
І мне наканаваны бой
З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.Лойка. «...І мне наканаваны бой»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЛІ ((Moseley) Генры Гвін Джэфрыс) (23.9.1887, г. Уэймут, Вялікабрытанія — 10.8.1915),
англійскі фізік, адзін з заснавальнікаў рэнтгенаўскай спектраскапіі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1910—14 у Манчэстэрскім, потым у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па радыеактыўнасці, бэта-, гама- і рэнтгенаўскай спектраскапіі. Вызначыў даўжыні хваль рэнтгенаўскіх прамянёў, прадказаў рэнтгенаўскія спектры некаторых элементаў. Выявіў сувязь паміж частатой характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення і атамным нумарам хім. элемента (гл.Мозлі закон). Загінуў у час 1-й сусв. вайны.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 378—379.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАНЕ́ЧНІК,
1) частка ручной кідальнай зброі, якая мацавалася на канцы дрэўка дзіды, кап’я, стралы, суліцы і інш.Найб.стараж. вядомы з эпохі палеаліту, часцей трапляюцца на помніках эпох мезаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў і ў часы сярэднявечча. Рабілі з каменю, косці, дрэва, металу; мацавалі да зброі смалой, бярозавым варам і інш. Формы і памеры Н. залежалі ад таго, у які час іх выраблялі і да якой культуры яны належалі.
2) Элемент канструкцыі гал. часткі артыл. снарада, што павышае яго баявыя ўласцівасці. Адрозніваюць Н. балістычны і бранябойны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПЛАЎНЫ́ МОСТ,
мост, пралётныя канструкцыі якога апіраюцца на плыты, баржы, пантоны, замацаваныя якарамі.
Берагавая частка Н. м. мае бэлечную канструкцыю на палевых або рамна-палевых апорах. Пераходная ч. шарнірна злучаецца з берагавой і забяспечвае пераход транспарту на рачную частку, якая робіць асадку пад нагрузкай. Рачная ч. (уласна мост) будуецца па разразной, шарнірнай або неразразной схемах, мацуецца тросамі да берагоў. На суднаходных рэках у Н. м. робяць вывадное звяно, якое на час пропуску суднаў адбуксоўваюць. Найб. пашыраны з Н. м. — пантонны мост. Найчасцей выкарыстоўваюцца ў ваен. справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́МЛАДЗІНА»
(сербскае моладзь),
«Аб’яднанне сербскай моладзі», культурна-асветніцкая і грамадска-паліт.арг-цыя ў Сербіі і Ваяводзіне (уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі) у 1866—72. Аб’яднала культ.-асв. гурткі студэнтаў і інтэлігенцыі і абвясціла сябе прадстаўнічым органам усіх паўд.-слав. народаў; падтрымлівала кантакты з балг.нац.-вызв. рухам, культ. дзеячамі Чэхіі, Славакіі, Расіі. З 1870 у складзе «О.» аформілася рэв.-дэмакр. плынь на чале з С.Маркавічам, якая імкнулася ператварыць «О.» ў рэв.паліт. партыю. У 1871 «О.» забаронена ўладамі Сербіі і Аўстра-Венгрыі, але яшчэ некаторы час існавала тайна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІН (Юрый Міхайлавіч) (н. 25.10.1958, Мінск),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). Творы адметныя спалучэннем метафарычна-абстрактнага і сюжэтна-рэалістычнага, шырокім выкарыстаннем тэхн. сродкаў выканання. Сярод твораў; «Ноч», «Фея», «Юр’я», «Куст», «Ганна зімовая», «Прысвячэнне Г.Мансу», «Нарач», серыі «Ілья Прарок», «Святы Іеранім», «Купалле», «Размова з вечнасцю», «Адзінота», «Поліфанія», «Легенды старых ліхтароў» (усе 1990-я г.), «2», «Туці», «Час жоўтага месяца», «Лесвіца ў неба», «Залаты дождж», «Святая Магдаліна», «Тэатр», «Зязюля», «Філосафы», «Савіньён», серыя «Нарачанскі край» (усе 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (31.12.1908, в. Мікалаеўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.10.1968),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення каманднага саставу. З 1932 у НКУС. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Бранскім, Бел., 1-м Укр., 3-м і 1-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Старшы ад’ютант стралк. батальёна капітан П. вызначыўся ў баях у час прарыву абароны ворага каля г. Кутна, на р. Піліца (Польшча) і ўступлення сав. войск на тэр. Германіі. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,
адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.