расійская артыстка балета, педагог. Нар.арт.СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАНІ́ЦА (Lysimachia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях, асабліва ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: Л. звычайная (L. vulgaris, нар. назвы жаўточнік, жывотнік, мятнушка), Л. манетчатая, або лугавы чай (L. nummularia, нар. назвы лазоўка, падбярэжнік) і 2 інтрадукаваныя: Л. ландышавая (L. clethroides) і кальчаковая (L. verticillaris). Трапляецца на вільготных мясцінах, берагах рэк, балотах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы, радзей паўкусты з аблісцелымі прамастойнымі або сцелістымі сцёбламі. Лісце супраціўнае ці кальчаковае, суцэльнакрайняе. Кветкі глыбокапяціраздзельныя ў суквеццях, іншы раз адзіночныя або па 1—2 у пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДА́РСКІ (Роберт Яфімавіч) (н. 1.4.1936, г. Гомель),
бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1966). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творчасць вызначаецца дэкаратыўнасцю каларыту, лірыка-эпічным ладам кампазіцый. Сярод твораў: «Ластаўкі» (1974), «Вясновыя турботы» (1975), «Жаўрук спявае» (1978), «Раніца ў Тарасаўцы», «На Белым возеры», «Кветкі лугавыя» (усе 1980), «Пейзаж з сарокамі», «Палескія дубравы» (абодва 1981), «Балада пра маці» (1982), «На Прыпяці» (1983), «Вёска Радуга» («Дзень Перамогі», 1984), «Расчыненае акно» (1987), «Юнацтва», «Веснавы сеў» (абодва 1992), «У забароненай зоне» (1994), «Вёска Барталамееўка» (1996), «Раніца» (1997), «На Бесядзі», «Лета майго дзяцінства», «Закат на Прыпяці» (усе 1998); акварэлі «Зімой» (1972), «Вясна на Сажы» (1974), «Раніца на Сажы» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац.АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел.с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сяродінш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Створаны ў 1989 у г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 115 м², каля 400 экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў крамянёвыя прылады працы, наканечнікі стрэл 3—2-га тыс. да н.э. з археал. помнікаў раёна; рэчы матэрыяльнай культуры (кросны, ступы, жорны і інш.), нац. касцюмы, вышыванкі 19 — пач. 20 ст.; дакументы і матэрыялы часоў грамадз. вайны, правядзення калектывізацыі, Вял.Айч. вайны (партыз. рух, дзейнасць падполля, злучэнняў укр. і малдаўскіх партызан, узоры ўзбраення, пра воінаў-землякоў, у т. л. Героя Сав. Саюза М.П.Сыдзько, камандзіраў партыз. атрада І.А.Коласа, брыгады Лельчыцкай К.М.Дамброўскага і інш.); дакументы і матэрыялы пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё прам-сці і культуры нас. пунктаў раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лілі) (24.11.1848, г. Вюрцбург, Германія — 17.5.1929),
нямецкая спявачка (каларатурнае, пазней драм. сапрана). Вучылася ў маці, опернай спявачкі М.Т.Лёў. З 1865 салістка Часовага т-ра ў Празе, з 1869 у Берлінскай прыдворнай оперы. Сябравала з Р.Вагнерам, удзельнічала ў першым поўным выкананні яго тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» ў Байройце. У 1886—90 гастраліравала ў ЗША. У яе рэпертуары было 170 партый, у т. л.: Ваглінда, Брунгільда, Артруда, Ізольда («Золата Рэйна», «Валькірыя» і «Зігфрыд», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Вагнера), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Норма («Норма» В.Беліні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі). Вядома як вак. педагог; сярод вучняў В.Урсуляк. Аўтар аўтабіягр. кніг «Маё мастацтва спеваў» (1902), «Мой шлях» (1913) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́П (Lysippos),
старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія палеглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з пер шых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІЦЫЯ́Н (Павел Герасімавіч) (н. 6.11.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),
расійскі і арм. спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1956). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1960), у 1967—73 выкладаў у ёй (з 1970 праф.). На опернай сцэне з 1935. У 1940—66 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Яго выкананне вылучалася высакароднасцю, бездакорнай інтанацыяй, дасканаласцю дыкцыі. Сярод партый: Казбіч («Бэла» А.Аляксандрава), Аршак II («Аршак II» Т.Чухаджана), Андрэ («Джаліль» Н.Жыганава), Татул («Алмаст» А.Спендыярава), Ялецкі, Анегін, Мазепа, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Жэрмон, Аманасра («Травіята», «Аіда» Дж.Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ).
Літ.:
Яковенко С.Б. П.Г.Лисициан: Уроки одной жизни. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́.
Адкрыты ў 1985 у г.п. Лоеў Гомельскай вобл. на базе матэрыялаў школьнага музея. Да 1990 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 170 м², 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сабраныя матэрыялы прысвечаны бітве армій Цэнтр. фронту за Дняпро на тэр. Гомельскай вобл. ў кастр. 1943. Сярод экспанатаў падп. і франтавыя газеты, лістоўкі, матэрыялы пра дзейнасць партыз. і падп. руху ў раёне, асабістыя рэчы сакратара Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ А.Дз.Рудака, камандзіра злучэння партыз. атрадаў С.А.Каўпака. Адлюстраваны ўдзел у Вял.Айч. вайне ўраджэнцаў раёна Герояў Сав. Саюза К.П.Грыба, А.П.Карпенкі, А.В.Казлова, Дз.К.Марозава, Р.С.Пінчука і Герояў Сав. Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН [London; сапр.Бёрнстайн
(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),
амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.