КАЦЫ́ГІН Віталь Віктаравіч (6.12.1926, Кіеў — 26.5.1997),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1949). З 1954 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (Мінск; з 1954 заг. лабараторыі, у 1962—72 і 1975—87 нам. дырэктара, у 1972—75 дырэктар). Навук. працы па абгрунтаванні аптымальных параметраў трактароў і с.-г. машын, распрацоўцы праблемы абгрунтавання энергет. сродкаў і механізацыі меліярацыйных работ, па пытаннях устойлівага руху і энерганасычанасці глебаапрацоўчых прылад.

Тв.:

Скоростные энергонасыщенные тракторы. Мн., 1979 (разам з М.​С.​Крынко, Я.​С.​Мельнікавым);

Перспективные мобильные энергетические средства (МЭС) для сельскохозяйственного производства. Мн., 1982 (у сааўт.);

Эффективность эксплуатации МТП. Мн., 1984 (разам з Я.​Л.​Бейдэрманам, М.​А.​Кірсісам).

Я.​С.​Мельнікаў.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛО́ЎСКІ Данііл Давыдавіч (н. 16.8.1929, г. Гродна),

расійскі вучоны ў галіне тэорыі і тэхнікі сувязі. Д-р тэхн. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. і тэхн. Рас. Федэрацыі (1991). Чл. Акадэміі інж. навук Рас. Федэрацыі (1995). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т сувязі (1953). З 1960 у Паволжскай акадэміі тэлекамунікацый і інфарматыкі ў г. Самара (з 1964 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні сістэм перадачы дыскрэтных паведамленняў па радыёканалах сувязі. Прапанаваў алгарытм аптымальнага адаптыўнага паэлементнага прыёму дыскрэтных паведамленняў у шматмэтавых каналах з выкарыстаннем перыяд. зандзіравання канала і адваротнай сувязі (алгарытм К.—Нікалаева).

Тв.:

Передача дискретных сообщений по радиоканалам. 2 изд. М., 1982;

Модели непрерывных каналов связи на основе стохастических дифференциальных уравнений. М., 1984 (разам з В.​Я.​Кантаровічам, С.​М.​Шырокавым);

Дорога из Гродно. Самара, 1994.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА Аляксандр Мікалаевіч (н. 12.1.1947, в. Журавельнікі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў БПІ (1967). З 1972 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (Мінск), з 1985 у Рэсп. міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі. З 1988 у Бел. агр. тэхн. ун-це (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па механіцы глеб і агратэхн. праходнасці машын. Распрацаваў эколага-энергет. канцэпцыю хадавых сістэм трактароў і с.-г. машын, рэкамендацыі па фарміраванні машынна-трактарных агрэгатаў са зніжаным уздзеяннем на глебу.

Тв.:

Перспективные мобильные энергетические средства для сельскохозяйственного производства. Мн., 1982 (у сааўт.);

Математическая модель уплотнения почвы // Материалы междунар. научно-техн. конф. «Моделирование и прогнозирование аграрных энергосберегающих процессов». Мн., 1998. Ч. 2.

Л.​В.​Бароўка.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Уведзены ў дзеянне ў 1973—75 у Оршы як з-д па вытв-сці нармалізаванага інструменту для аўтам. ліній. З 1974 інструментальны з-д. Асн. прадукцыя (1995): металарэзны інструмент (разцы, зенкеры, раскруткі, метчыкі, свярдзёлкі, пілы), тавары шырокага ўжытку. Пры з-дзе ПТВ металістаў.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЕРЭ́НДУМ (ад лац. referendum тое, што павінна быць паведамлена),

галасаванне выбаршчыкаў па якім-н. пытанні дзярж. або грамадскага жыцця; інстытут непасрэднай дэмакратыі. У адрозненне ад выбараў пры Р. аб’ектам з’яўляецца не кандыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне — закон, законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі, якая-н. унутрыпаліт. праблема ці праблема, што адносіцца да міжнар. статуса адпаведнай краіны. Своеасаблівай формай Р. з’яўляецца плебісцыт — апытанне насельніцтва пра паліт. лёс тэрыторыі, на якой яно пражывае. Прававую аснову Р. на Беларусі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11.2.2000, якім рэгламентаваны парадак правядзення і падвядзення вынікаў Р. Рэферэндумы могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. На рэсп. Р. выносяцца найважнейшыя пытанні дзярж. і грамадскага жыцця краіны, на мясцовыя — пытанні, што маюць важнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адм.-тэр. адзінак і аднесены да кампетэнцыі іх кіруючых, выканаўчых і распарадчых органаў. Права ініцыятывы на правядзенне рэсп. Р. належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, грамадзянам краіны (апошняя выносіцца ў выглядзе прапановы не менш чым 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як па 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска). Рашэнні, прынятыя Р., могуць быць адменены ці зменены толькі шляхам новага Р. Рашэнне, прынятае Р., падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і набывае сілу праз 10 дзён пасля афіц. публікавання, калі ў ім не ўстаноўлены іншы тэрмін. Мясц. Р. назначаюцца мясц. прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Р. падпісваюць кіраўнікі адпаведных мясц. прадстаўнічых органаў. Першы ў гісторыі краіны рэсп. Р. адбыўся 14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнкі па пытаннях устанаўлення новай дзярж. сімволікі, змянення статуса рус. мовы, эканам. інтэграцыі з Расіяй, унясення змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярх. Савета. На рэсп. Р. 24.11.1996 прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,

з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).

Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл. Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).

Літ.:

Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

Геаметрычная ізамерыя: 1, 3 — цыс-ізамеры; 2, 4 — транс-ізамеры.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШАЛЕ́СКІ Сяргей Мікалаевіч (1.11.1874, г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.1.1958),

бел. савецкі эпізаатолаг. Акад. АН Беларусі (1928), праф. (1924), ганаровы чл. УАСГНІЛ (1956). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Варшаўскі вет. ін-т (1899). Да 1906 працаваў земскім ветурачом у Віцебскай губ. і Закаўказзі. У 1906—27 у вет. н.-д. установах і ВНУ Расіі. У 1928—30 у Віцебскім вет. ін-це, з 1931 у вет. ін-тах Казахстана і Масквы. Навук. працы па тэарэт. і практычных пытаннях барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл, у т. л. з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйн. раг. жывёлы, паратыфам цялят і інш. Выявіў узбуджальніка інфекц. энцэфаламіэліту коней. Работы Вышалескага па вывучэнні сапу коней сталі асновай для арганізацыі ў СССР мерапрыемстваў па ліквідацыі гэтай інфекцыі. Дзярж. прэмія СССР 1941. Устаноўлены Залаты медаль імя Вышалескага, стыпендыя яго імя для студэнтаў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Імя Вышалескага прысвоена Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі.

Тв.:

Частная эпизоотология. 2 изд. М., 1948;

Избр. труды. М., 1977.

Літ.:

Библиогр. указ. литературы акад. С.​Н.​Вышелесского (к 100-летию со дня рождения). Мн., 1974.

С.М.Вышалескі.

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,

1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас. імперыі. Створаны па ініцыятыве М.​М.​Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж. устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).

2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.

3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт. Нар. Рэспубліцы.

4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.

5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ВАРАНАК Сяргей Уладзіміравіч (н. 28.6.1953, в. Селішча Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі, інфекц. хвароб, эпідэміялогіі і радыяцыйнай медыцыны. Д-р мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1976, з 1991 дырэктар Віцебскага філіяла н.-д. клінічнага ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова з 1997 — Віцебскага філіяла Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па лячэнні хранічных вірусных гепатытаў. Навук. працы па эпідэміялогіі, патагенезе. клінічных праявах вірусных гепатытаў, прычынах актывацыі асобных вірусных інфекцый у людзей, што пацярпелі ад уздзеяння розных доз іанізуючай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апісаў вірусныя дэльта- і C-гепатыты, распрацаваў прэпараты для дыягностыкі інфекц., аўтаімунных, анкалагічных і эндакрынных хвароб на аснове імунаферментнай тэхналогіі, мерапрыемствы па прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і лячэнні радыяцыйна-індуцыраваных хвароб сярод насельніцтва Беларусі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Разработка радиоиммунного метода определения HBe-антигена (у сааўт.) // Актуальные вопросы патогенеза и терапии инфекционных и паразитарных болезней. Л., 1987;

Пособие по иммунологии. Витебск, 1996 (у сааўт.);

Клинико-морфологические аспекты скрининга радионуклидов в трупном материале (Витебская и Гомельская области) // (у сааўт.) // Медицинская радиология и радиационная безопасность. 1996. № 1.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)