ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),

украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл. Рэв. укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр. газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл. Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр. нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.​Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.

На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц. т-ва «Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн. м² за год. У 1973 завершана буд-ва Асіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц. т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс. т дахавага кардону і 125 млн. м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц. т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн. м² за год. Выпушчана 1,45 млн. м² гідрашклоізолу (1998).

М.​Ф.​Грынько.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1883—1914 у г. Ваўкавыск. У 1908 мела газава-бензінавы рухавік. Выпускала тытунёвых вырабаў (курыльны тытунь, махорка, папяросы і цыгарэты) да 5,7 тыс. пудоў за год (1910). Працавала ад 25 (1884) да 385 (1900) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬЯМО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Матыкальскім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр калгаса. За 28 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 535 ж., 181 двор (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (1899).

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 39 км на ПдУ ад г. Калінкавічы, 161 км ад Гомеля. 460 ж., 215 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНАСЦЬ РАКІ́,

колькасць вады, якая пераносіцца ракой за год. Звычайна выражаецца праз сярэдні шматгадовы расход вады ці сярэдні шматгадовы аб’ём гадавога сцёку з яе басейна. Сумарная ваданоснасць рэк Беларусі характарызуецца велічынёй расходу каля 1800 м³/с і аб’ёмам гадавога сцёку 57,9 км³.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Тучанскім с/с Клецкага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 17 км на Пд ад Клецка, 157 км ад Мінска, 19 км ад чыг. ст. Клецк. 266 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад Лунінца, 240 км ад Брэста, 17 км ад чыг. ст. Лоўча. 2255 ж., 672 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, царква, аддз. сувязі.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎКА,

меліярацыйны канал у Беларусі, у Лунінецкім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Бобрык 1-ы (бас. Прыпяці). Даўж. 30 км. Пачынаецца за 12 км на ПнУ ад в. Багданаўка Лунінецкага р-на, вусце каля в. Бакінічы Пінскага р-на.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙЛАДЫ́ЛА,

жалезарудны пояс на У Індыі (штат Мадх’я-Прадэш). Буйнейшыя (14) радовішчы высакаякасных (больш за 63% жалеза), пераважна гематытавых кварцытаў. Разведка з 1958, распрацоўка з 1967. Запасы кандыцыйных (63—67% жалеза) рудаў 1,3 млрд. т.; рэсурсы багатых гематытавых рудаў перавышаюць 3 млрд. т.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)