закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),
Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд.гіст.-філал.н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1950). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 41,5 тыс.чал. (1996), гарадскога 31,1%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал/км². Цэнтр — г.Брэст; г.п.Дамачава, 148 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Гершонскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.
Большая частка тэр. раёна ў межах Брэсцкага Палесся, невял. паўн. частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 186,1 м (каля в. Заполле). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. пяскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетац. перыяд 208 сут. Найб. рака — Зах. Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Серадовая Рэчка, Капаёўка. Мухавец уваходзіць у сістэму Дняпроўка-Бугскага воднага шляху. Значныя азёры: Селяхоўскае, Рагазнянскае, Белае, Мяднянскае, Сажалка Таварная. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 36,5% тэр. раёна, у асн. лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя (буйныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш.); пад балотамі 3,1% пл. раёна. Біялагічны заказнік Селяхі. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,5 тыс.га, з іх асушана 23,9 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 12 калгасаў, 8 саўгасаў, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі на Беласток (Польшча), Ковель (Украіна), а таксама на Баранавічы, Лунінец і Тамашоўку, аўтамаб. дарогі на Баранавічы, Пінск, Камянец, Маларыту. На 1995 у раёне 15 сярэдніх, 14 базавых і 3 пач. школы, школа-інтэрнат, 18 дашкольных устаноў, 3 школы-сады, 30 клубаў, 42 б-кі, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: царква Ушэсця (1899) у в. Велямовічы, Крыжаўзвіжанская царква 19 ст. ў в. Вістычы, крапасны форт № 5 (1878—88) у в. Гершоны, Ільінская царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Дубок, царква Параскевы Пятніцы і званіца (1610) у в. Збірагі, сядзіба (1875) у в. Малыя Зводы, Пакроўская царква (1742) у в. Шчытнікі Малыя, Пакроўская царква (1739) у в. Покры, сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. 18 ст. ў в. Скокі, сядзібны дом канца 19 — пач. 20 ст. і царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Сычы, Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Церабунь, Міхайлаўская царква і званіца (1701) у в. Чэрск, Праабражэнская царква (1609) у в. Шумакі, Прачысценская царква (1793) у в. Шэбрын. Музей касманаўтыкі (з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П.І.Клімука) у в. Тамашоўка. Выдаецца газ. «Заря над Бугом».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДНІЦТВА,
1) галіна раслінаводства па вырошчванні агароднінных культур. Адрозніваюць агародніцтва адкрытага — на палях, агародах (дае асн. збор прадуктаў і насенне) і ахоўнага — у цяпліцах, парніках і пад больш простымі ўкрыццямі (ліквідуе сезоннасць у забеспячэнні насельніцтва свежай агароднінай) грунту. У многіх краінах свету з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскай гаспадаркі.
На прамысл. аснове вядзецца ў ЗША Нідэрландах, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Японіі і інш. Характарызуецца шырокім асартыментам культур, выкарыстаннем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (селекцыя, стварэнне гетэрозісных гібрыдаў, гідрапонная тэхналогія з малааб’ёмнымі субстратамі і пажыўнымі растворамі і інш.). У Зах. Еўропе і ЗША па індустр. тэхналогіях культывуецца больш за 40 агароднінных культур, у Японіі — больш за 160. З краін СНД адносным развіццём агародніцтва вылучаюцца Малдова, Украіна, Азербайджан, а таксама Краснадарскі край, Растоўская, Маскоўская і некаторыя інш. вобласці Расіі. На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. таварнае агародніцтва пашырылася ў Пінскім, Рэчыцкім, Лепельскім, Дзвінскім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім і інш. паветах, а таксама каля Гомеля і Магілёва. За межы Беларусі вывозілі пераважна капусту. У 1993 у рэспубліцы вырашчана 1048 тыс.т агародніны, 45 тыс.т атрымана ў закрытым грунце [каля 400 га зімовых і вясенніх (плёначных) цяпліц]. Агародніцтва мае больш высокую канцэнтрацыю ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Брэста і інш. На Беларусі пад агародніннымі культурамі 73,6 тыс.га (1994).
2) Навука пра біялогію агароднінных культур і спосабы іх вырошчвання. У 19 ст. на сусв. выстаўках поспех мелі сарты рус. вучонага Я.А.Грачова. Найб. падрабязнае апісанне агароднінных раслін зроблена франц. вучоным Д.Буа (1927). Значная роля ў развіцці агародніцтва належыць працам Р.І.Шрэдэра, М.В.Рытава, У.І.Эдэльштэйна, М.І.Вавілава і інш. На Беларусі даследаванні пачаліся ў 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, значна пашырыліся пасля стварэння Бел. плодаагародніннай доследнай станцыі (1931) і арганізацыі Бел.НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы (1958), вядуцца ў Бел.НДІ агародніцтва, Гродзенскім с.-г. ін-це, Бел.с.-г. акадэміі, на абл.с.-г. доследных станцыях.
Выведзена каля 100 сартоў і гібрыдаў памідораў, белакачаннай капусты, сталовых буракоў, гароху, агуркоў, цыбулі рэпчатай і інш. агароднінных раслін. Распрацавана агратэхніка вырошчвання агародніны ва ўмовах Беларусі (Л.А.Скрыпнічэнка, П.С.Шастапал, Б.А.Юргенс, І.І.Цішкевіч, У.П.Пярэднеў, А.А.Аутка, Т.С.Якубіцкая, А.А.Казіміраў, П.С.Жукава, М.Ф.Сцяпура, К.А.Шуін, Ю.М.Забара, П.Я.Півень), распрацаваны сістэмы ўгнаенняў для асн. культур, схемы элітнага насенняводства.
Праблемы сучаснага агародніцтва: распрацоўка перспектыўных тэхналогій вытв-сці агародніны; вывядзенне сартоў інтэнсіўнага тыпу, устойлівых да хвароб і шкоднікаў; распрацоўка сістэм угнаення агароднінных культур у севазвароце на розных тыпах глебаў і новых аграпрыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
оперна-балетная трупа падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў Гродне ў 1769—80. Да 1774 невял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў (у 1780 больш за 70 чал., уключаючы капэлістаў) са значным оперным і балетным рэпертуарам з твораў ням., франц. і італьян. аўтараў. У 1774 пераважалі італьян. артысты, запрошаныя ў Гродна прыдворным скрыпачом і капельмайстрам Л.Сітанскім (гл. ў арт.Сітанскія). У 1776 т-р канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т. л. вядомыя італьян. вакалісты Дж.Кампанучы, Г. дэ Бернуцы Давія і К.Банафіні (усе пазней артысты італьян. оперы С.-Пецярбурга), Я.Д.Гіблер, А.Бароні, а таксама М.Сітанская, Д.Малевіч, Г.Змітровіч і інш. З 1778 у пастаноўках удзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза, прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты. Балетная трупа ў 1779—80 уключала больш за 30 чал. Балетмайстры Г.Петынеці (1774—79; ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў гал. партыі), з 1779 К.А.Марэлі і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г.Марэлі (Саламоні). Сярод артыстаў Л.Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне. У 1778 у т-ры пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А.Грэтры, балеты «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г.Петынеці), камедыя «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ. Паказы суправаджала Гродзенская капэла Тызенгаўза. Пасля закрыцця т-ра балетная трупа працавала ў Паставах (да 1785).
Будынак т-ра закладзены ў 1772 па ініцыятыве Тызенгаўза, узведзены ў 1770-я г. з цэглы (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака). Задуманы як працяг Гродзенскага палаца Тызенгаўза (злучаўся з яго левым флангам крытым пераходам). Тэатр. зала, сфарміраваная па «італьян. крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 надбудаваны 3-і паверх, расшырана сцэн. каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Гал. фасад асіметрычны, падзелены карнізам на 2 часткі. Над уваходам у левым крыле — вял. балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэн. каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. На 1-м паверсе размешчаны невял. фае і службовыя памяшканні, на 2-м — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З 1984 у будынку працуе Гродзенскі абл.т-р лялек.
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 187—191, 224—227.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс.км². Нас. 1,9 млн.чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г.Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).
Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.
Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт. тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш.З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч.прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн.га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс.га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш.Даўж. аўтадарог 10,4 тыс.км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Плошча 1 тыс.км². Нас. 40,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Клецк. 95 сельскіх населеных пунктаў. 12 сельсаветаў: Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастравецкі, Зубкаўскі, Кухчыцкі, Морацкі, Нагорнаўскі, Сіняўскі, Тучанскі, Чырваназоркаўскі, Шчэпіцкі.
Паўн. ч. раёна занята Капыльскай градой, цэнтральная — Клецкай раўнінай, паўд.ч. заходзіць у межы Палескай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 232 м (на Пн ад в. Ліскава). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. З Пн на Пдтэр. раёна перасякае р. Лань з прытокамі Нача, Цапра, Балванка. На ПдУр. Морач з вял.вадасх. Чырвонаслабодскім, на Пдвадасх. Лактышы. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (71,1%) глебы. Лясы займаюць 25% тэрыторыі, з іх 29,1% — штучныя насаджэнні. Найб. лясныя масівы на Пд: Колкаўскі, Хомінкаўскі, Варонінскі, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Рэсп. значэння біял. заказнік Колкаўскі і помнікі прыроды Радзівілімонтаўскі парк, дуб (узрост 420 гадоў) у Навінкаўскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 48,6 тыс.га, з іх асушаных 18,1 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, буракаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць масла, пладова-агароднінных кансерваў, сокаў, дзіцячага харчавання), мэблевай, лёгкай, камбікормавай і лясной прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). Па тэр. раёна праходзяць чыг. Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Нясвіж—Лунінец. У раёне 23 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., маст. школы, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 27 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, паліклініка, 4 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Клецкі гісторыка-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква і капліца (2-я пал. 19 ст.) у в. Бабічы; царква з брамай-званіцай (1-я пал. 19 ст.) і свіран (1811) у в. Галынка; ветраны млын (пач. 20 ст.), сядзіба (19—20 ст.) у в. Даматканавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ёдчыцы; 2 царквы (2-я пал. 19 ст.) у в. Заастравечча; царква і званіца (19—20 ст.) у в. Межная Слабада; паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.) у в. Сіняўка; сядзіба (1909) у в. Стралкава; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і царква (19—20 ст.) у в. Туча; Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс (1780—83) у в. Чырвоная Зорка; ветраны млын (19—20 ст.) у в. Шэйкі; сядзіба (1-я пал. 19 ст.) у в. Янавічы. Выдаецца газ. «Да новых перамог».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ РАЁН.
На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 43,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Лагойск. Уключае г.п.Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.
Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 90,6 тыс.га, з іх асушаных 23,7 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал.т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ.«Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып.«Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел.фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял.Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-гаархеал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.
Тв.:
Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;
Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;
Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.Р.Раманава). Мн., 1962.