КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,

цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл. Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).

Літ.:

Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.

Ю.М.Лаўрык.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч

(9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),

бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;

Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;

Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.

Літ.:

Замоцін І. М.А.Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. І927. № 2, 3, 5;

Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;

Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;

Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;

Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;

Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;

Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;

Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;

Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;

Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.Багдановіча. Мн., 1975;

Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.

А.А.Лойка.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЎКА Пятрусь

(Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),

бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр. к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял. Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я. Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і інш. Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—7. Мн., 1975—78;

Зб. тв. Т. 1—9. Мн., 1987—92.

Літ.:

Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Васілеўскі М.С., Каваленка М.А. Пятрусь Броўка: Бібліягр. паказ. 2 выд. Мн., 1976.

В.У.Івашын.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км2. Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км2. У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрьпанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т.л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСТО́ЎСКІ Вацлаў Юсцінавіч

(8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар. Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад. АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ. «Наша ніва», рэдагаваў час. «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ. «Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл. Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл. Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел. дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз. чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел. АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНК БССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел. АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.

Літ.:

Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.

Я.Я.Янушкевіч.

В.Ю.Ластоўскі.
Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮСКАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА БІБЛІЯТЭ́КА.

Засн. ў 1570 як б-ка Віленскага езуіцкага калегіума. Значна расшырылася пасля 1579, калі калегіум быў пераўтвораны ў акадэмію. Аснову яе склалі зборы кніг, што падаравалі калегіуму польскі кароль і вял. кн. літ. Жыгімонт II Аўгуст, віленскі біскуп В.Пратасевіч, падканцлер Казімір Леў Сапега. У 1579 налічвала 4,5 тыс. тамоў, у 1773 — 11 тысяч. Б-ка атрымлівала абавязковы экз. з друкарні ун-та, з 1780 — з усіх друкарняў Вял. кн. Літоўскага. Пераважалі рэліг. тэалагічныя кнігі. Зберагаліся рэдкія выданні і рукапісы, у т. л. твор М.Каперніка «Пра абарачэнні нябесных сфер», працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.Дэкарта, стараж. пергаментны Псалтыр на царк.-слав. мове, Слуцкі спіс 16 ст. Статута ВКЛ 1529 і інш. З канца 18 ст. ствараліся адносна самаст. кніжныя зборы ф-таў. Пасля паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве ун-т зачынены (1832), кніжныя фонды падзелены паміж Віленскай медыка-хірургічнай акадэміяй і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэміяй, частка кніг перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму ун-там. Пасля аднаўлення ун-та (1919) у б-ку паступілі некат. зборы Віленскай публічнай б-кі. У 1930-я г. б-ка налічвала каля 200 тыс. тамоў. У канцы 1940-х г. — 1950-я г. папоўнілася кнігамі з б. Каўнаскага ун-та, з б-к Масквы і Ленінграда. У 1995 налічвала больш за 5 млн. адз. захавання, у т. л. 180 тыс. старадрукаў (322 інкунабулы), больш за 212 тыс. рукапісаў на розных мовах, калекцыя графікі (75 тыс. адз.), бібліягр. і інфарм. выданні і інш. У фондах рукапіснага аддзела стараж. кодэксы, дакумент. і актавыя матэрыялы 14—20 ст., асабістыя архівы прафесараў Віленскага ун-та, матэрыялы прыватных архіваў Сапегаў, Тышкевічаў, Копцяў, інвентары і гасп. кнігі маёнткаў, гаспадарскіх уладанняў, гарадоў, мястэчак (Кобрын, Любча, Дзярэчын і інш.), царк. устаноў (Лаўрышаўскага і Супрасльскага манастыроў, Гродзенскага канвента, каталіцкіх ордэнаў), архіва Віленскага універсітэта, архіў Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва (у т. л. адказы мясц. карэспандэнтаў на анкету, распаўсюджаную ў пач. 1870-х г., са звесткамі пра сельскую гаспадарку, побыт і культуру беларусаў). Сярод старадрукаў Брэсцкая біблія 1563, «Апостал» Ф.Скарыны 1525, выданні Мамонічаў, Віленскага брацтва, унікальныя экзэмпляры кніг К.Каяловіча, «Абарона Вялікага княства Літоўскага» А.Ружоўскага (каля 1649), юрыд., Навук. і царк.-палемічныя выданні. Многія інкунабулы захоўваюць запісы бел. чытачоў, каля 200 тамоў паходзяць з кнігазбору Казіміра Льва Сапегі. Асобную калекцыю складаюць зборы картаграфічных матэрыялаў і атласаў, іканаграфіі. Выдае «Летапіс бібліятэкі Вільнюскага універсітэта». З’яўляецца дэпазітнай б-кай ААН (з 1965). Падтрымлівае сувязі з 383 б-камі і навук. ўстановамі ў 55 краінах свету. Размяшчаецца ў будынках б. Віленскага ун-та.

Г.Я.Галенчанка.

т. 4, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НІН Іван Аляксеевіч

(22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),

рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.Горкага, А.Блока, В.Брусава, Г.Ахматавай, С.Ясеніна, У.Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.Лангфела, містэрыі Дж.Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.Скрыган, М.Лужанін і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965—67;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1987—88;

бел. пер. — Выбранае. Мн., 1958;

Выбр. проза. Мн., 1992.

Літ.:

Афанасьев В. И.А.Бунин: Очерк творчества. М., 1966;

Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;

Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;

Бабореко А. И.А.Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;

Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;

Муромцева-Бунина В.Н. Жизнь Бунина. М., 1989.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,

галіна бел. літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.Купалы.

Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.Купалы ў той час выказвалі С.Палуян, Л.Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.Купалы даў М.Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.Купалы М.Горкім, А.Пагодзіным, І.Свянціцкім, Д.Дарашэнкам, Л.Гірам, В.Вегняровічам, С.Руднянскім, Е.Янкоўскім, А.Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.Купалам фальклору. Я.Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.Купалы зрабіў А.Бабарэка ў арт. «3 далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.Купалы — арт. М.Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.Купалы разглядаў І.Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.Купалы звяртаў увагу М.Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.Купалу з Т.Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв. нац. рамантызмам. Ц.Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.Бэндэ, А.Кучар. М.Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.Купалы звярнуўся Я.Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.Багушэвіча (Я.Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.Перкін, Шарахоўскі, І.Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.Коласа, К.Чорнага, С.Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.

Спадчына Я.Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.Купалы (М.Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.Коласа, М.Лынькова, В.Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.Александровіч, Івашын, М.Ларчанка, К.Корсакас, М.Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.Юрэвіч, В.Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.Палітыка, М.Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.Лойка, В.Каваленка, У.Калеснік, У.Казбярук, У.Конан, М.Арочка), структуры верша (Грынчык, І.Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.С.Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.Кісялёў). В.Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).

Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.маст. кніга А.Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.Купалы (А.Сабалеўскі, Я.Саламевіч, Б.Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.Метэрлінка, К.Гамсуна, Г.Гаўптмана, Ж.П.Сартра, А.Камю, Ф.Кафкі, Дж.Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).

К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.Пяткевіча і Ч.Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.Грыб, Ф.Грышкевіч, А.Чэрны), Польшчы (А.Баршчэўскі), Германіі (А.Адамовіч, Я.Запруднік, Х.Ільяшэвіч, Я.Карскі, М.Куліковіч, М.Маскалік, С.Станкевіч), ЗША (Ю.Віцьбіч, М.Кавыль, М.Панькоў, В.Тумаш), Канадзе (К.Акула, В.Жук-Грышкевіч, У.Сядура, С.Хмара), Італіі (П.Татарыновіч, В.Сянкевіч), Англіі (А.Макмілін, А.Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.Купалу выступілі Ю.Віцьбіч, Я.Кіпель, Куліковіч, І.Плашчынскі, І.Рытар, А.Савёнак, З.Станкевіч, М.Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.Калубовіч) і кн. С.Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».

Літ.:

Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;

Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;

Сіненка Г.Д.Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;

Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;

Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр. Мн., 1980;

Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;

Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.

І.Э.Багдановіч, І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ у псіхалогіі, сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.

Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл. Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.

У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.

Літ.:

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;

Яго ж. Краткий курс истории психологии. М., 1995;

Общая психология. 2 изд. М., 1986.

Т.У.Васілец.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЫЁЛІ Міхал Эльвіра

(26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),

жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Мальчэўскага, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, У.Шэкспіра, Дж.Ф.Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.

Літ.:

История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;

Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)