ЗЕМНАВО́ДНЫЯ,

амфібіі (Amphibia), клас пазваночных. З падкл.: дугапазванковыя (Apsidospodyli), тонка- або трубчастапазванковыя (Lepospondyli), батрахазаўры (Batrachosauria). З атр.: бязногія (Apoda), бясхвостыя земнаводныя, хвастатыя земнаводныя. У сучаснай сусв. фауне 25—30 сям., больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны амаль ва ўсім свеце (акрамя Арктыкі, Антарктыды і шэрагу акіянічных астравоў), асабліва ў трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця, размнажэнне ў водным асяроддзі. На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны жабы, рапухі, трытоны. 41 від і падвід у Чырв. кнізе МСАП, рапуха чаротная (Bufo calamita) у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. цела 1,5—180 см. Скура мяккая, голая, увільготненая сакрэтамі шматлікіх слізістых залоз; адыгрывае важную ролю ў дыханні. У большасці З. скура мае буйныя бялковыя (серозныя) залозы, сакрэт якіх у рознай ступені ядавіты. Чэрап сучленены з пазваночнікам двума мышчалкамі. Пярэднія канечнасці звычайна 4-пальцыя, заднія — 5-пальцыя. Т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя. Сэрца звычайна 3-камернае, 2 кругі кровазвароту. Лічынкі дыхаюць жабрамі, дарослыя — лёгкімі. У большасці апладненне вонкавае, у некат. унутранае, ёсць жывародныя. Развіццё з метамарфозам. Дарослыя кормяцца рознымі беспазваночнымі, лічынкі — таксама раслінамі. Пажыва для рыб, млекакормячых. Выкарыстоўваюцца для навук. і вучэбных мэт, некат. — у ежу.

Літ.:

Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;

Пикулик М.М. Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

М.​М.​Пікулік.

Земнаводныя. Бясхвостыя: 1 — жаба вастрамордая (а — самец у шлюбным убранні, б — самка); 2 — венесуэльская рагатка; З — жаба яванская весланогая. Хвастатыя: 4 — паласаты сірэн; 5 — сямірэчанскі жабазуб. Бязногія: 6 — цэйлонскі рыбазмей.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),

падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.

Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.

Літ.:

Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;

Пикулик М.М., Бахарев В.А., Косов С.В. Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

М.​М.​Пікулік.

Змеі: 1 — каралеўская; 2 — вострагаловая дрэўная; 3 — вадзяны вуж; 4 — пама; 5 — тыгровы вуж; 6 — двухколерная пеламіда.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕ́КТ (ад лац. intellectus пазнанне, розум),

здольнасць мыслення, рацыянальнага пазнання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяць, пачуцці, адчуванні, уяўленні і інш.). Тэрмін з’яўляецца лац. перакладам стараж.-грэч. паняцця «нус» (розум). У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У сярэдневякоўі адны філосафы (Фама Аквінскі) лічылі, што воля падпарадкоўваецца І., а другія (У.​Окам, Дунс Скот) сцвярджалі адваротнае. Схаласты ўжывалі паняцце «Божы І.», якое атаясамлівалася са здольнасцю да звышпачуццёвага спасціжэння духоўных сутнасцей. У ням. класічнай філасофіі І. — здольнасць розуму ўтвараць абстрактныя паняцці (І.​Кант) або разумовая здольнасць да абстрактна-аналіт. расчлянення (Г.​Гегель). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі розныя колькасныя і стат. метады вымярэння і ацэнкі І. (спец. тэсты). У некат. канцэпцыях І. атаясамліваецца з сістэмай разумовых аперацый, стылем і стратэгіяй вырашэння праблем, з эфектыўнасцю індывід. падыходу да канкрэтнай сітуацыі. У зах. псіхалогіі І. разглядаецца як здольнасць біяпсіхічнай адаптацыі чалавека да наяўных умоў жыцця (Ж.​Піяжэ, В.​Штэрн і інш.). Індывід. ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам біял.-генет. і сац. фактараў (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сац. кантактаў і інш.). Для абазначэння тэхн. сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і вырашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».

Літ.:

Сухарев В.А. Психология интеллекта. Донецк, 1997;

Айзенк Г. Узнай свой собственный коэффициент интеллекта: Пер. с англ. М., 1995;

Воробьев А.Н. Тренинг интеллекта. М., 1989;

Кирнос Д.И. Индивидуальность и творческое мышление. М., 1992.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,

свядомае або стыхійнае распаўсюджанне той ці іншай з’явы, працэсу, крызісу, канфлікту і г.д. па-за нацыянальныя межы. Можа заключаць у сабе спецыфічны самаст. змест або выступаць сінонімам глабалізацыі. У 1-м выпадку І. падкрэслівае не нацыянальна абмежаваны, а міжнар. характар змяненняў, не закранаючы іх канкрэтных маштабаў. І. як глабалізацыя, наадварот, паказвае сусв. кантэкст тых ці інш. змен у існаванні чалавечага грамадства. Гісторыя зведала нямала прыкладаў І. наступстваў шматлікіх чалавечых дзеянняў, якія напачатку канцэнтраваліся ў адным горадзе ці на невял. тэрыторыі, а потым распаўсюджваліся на многія краіны, цэлыя рэгіёны (напр., пакарэнне стараж. Рымам інш. народаў і стварэнне Рымскай імперыі, ваен. паходы і заваяванні А.​Македонскага). Больш ці менш пастаянныя формы І. набыла ў эпоху капіталізму, што абумоўлена ўздымам прадукц. сіл, гандлю, суднаходства, а таксама каланіяльнай палітыкай вял. дзяржаў. Гэтым былі зроблены першыя эфектыўныя крокі на шляху станаўлення адзінства чалавецтва, што служыць неабходнай перадумовай І. важных з’яў і працэсаў, сур’ёзных крызісных канфліктаў, незалежна ад месца іх узнікнення. Неабходныя аб’ектыўныя ўмовы станаўлення сапраўднага адзінства чалавецтва стварае сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Усебаковая І. тэхнікі і тэхналогіі, эканам. сувязей, камунікацый, інфарм. сетак і г.д. сведчыць пра з’яўленне новага тыпу грамадскага развіцця, калі яно патрабуе не нацыянальна абмежаванай, а міжнар. прасторы. Адваротным бокам І. становіцца ўзаемазалежнасць прагрэсу народаў і краін. І. матэрыяльнай асновы жыцця грамадства пашыраецца на яго галоўныя праблемы, супярэчнасці і канфлікты, ад вырашэння якіх залежыць лёс сучаснай цывілізацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«И́СКРА»,

першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар. рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.

Літ.:

Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;

Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;

Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;

Лейпциг, 1984;

Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.

С.​В.​Говін.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬКО́ (Віктар Апанасавіч) (н. 28.4.1940, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1970). Працаваў шахцёрам, геолагам, журналістам. У 1973—76 у час. «Нёман», у 1986—88 сакратар праўлення СП Беларусі. Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1963. Напачатку пісаў на рус. мове. Творы яго маюць аўтабіягр.дакумент. аснову. Аповесці «Высакосны год» (1972), «Аповесць аб беспрытульным каханні» (1975), «Суд у Слабадзе» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982) паказваюць вайну, убачаную вачыма дзіцяці, знявечанае вайною маленства, выяўляюць вытокі чалавечай мужнасці. З сібірскімі ўражаннямі аўтара звязаны творы «Цёмны лес, тайга густая» (1973), «Добры дзень і бывай» (1974, прэмія Ленінскага камсамола 1977). Клопатамі аб прыродзе, роздумам пра адносіны чалавека да яе, да жыцця прасякнуты аповесці «Цвіце на Палессі груша» (1978), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), раман «Неруш» (1981). Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў, звязаных з распрацоўкай тэмы вайны і тэмы ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам, стаў раман «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1987). Пачуццём сучаснасці, адчуваннем драматызму сённяшняга лёсу чалавека, глыбокім непакоем насычаны аповесці «Но Пасаран» (1990), «Да сустрэчы...» (1997). Прозе К. ўласцівы філас.-публіцыстычнае пераасэнсаванне жыццёвага матэрыялу, эмацыянальна-аналіт. і абагульнена-сімвалічная манера пісьма, глыбіня псіхал. аналізу, драматызм.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1990.

Літ.:

Брыль Я. «Ён — строгі да праўды» // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Васючэнка П. Вайна і дзяцінства ў творчасці В.​Казько // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 1;

Лецка Я. Вайна стукае ў сэрца // Полымя. 1979. № 11.

С.​А.​Андраюк.

В.А.Казько.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.​Шкялёнак (рэдактар), Я.​Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.​Арсеннева, В.​Багдановіч, М.​Васілёк, А.​Луцкевіч, М.​Машара, У.​Самойла, М.​Танк, В.​Таўлай, Р.​Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.​Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.​Скарыну, Б.​Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.​Шаляпіна, Ш.​Руставелі, М.​Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.​А.​Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1978.

Прынята 14.4.1978 на нечарговай 9-й сесіі Вярх. Савета БССР 9-га склікання. Складалася з прэамбулы і 10 раздзелаў, у якіх 19 глаў, 172 артыкулы. Пабудавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977. Канстатавала, што працоўныя Беларусі з дапамогай рус. пралетарыяту ўпершыню здабылі сваю дзяржаўнасць, у краіне пабудавана развітое сацыяліст. грамадства, сфарміравалася новая гіст. супольнасць людзей — савецкі народ. Вызначалася паліт. сістэма грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС (як кіруючая і накіроўваючая сіла сав. грамадства, ядро яго паліт. сістэмы), грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Гал. формай улады прызнана ўлада народа — крыніца дзярж. суверэнітэту. Органы дзярж. улады пачалі называцца Саветамі нар. дэпутатаў. Колькасць асн. правоў, свабод і абавязкаў грамадзян была значна павялічана. Суверэнітэт БССР у складзе Саюза ССР быў абмежаваны арт. 73 Канстытуцыі СССР, паза межамі якога БССР магла самастойна ажыццяўляць дзярж. ўладу на сваёй тэрыторыі. Вышэйшым органам дзярж. улады рэспублікі з’яўляўся Вярх. Савет БССР і яго пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум Вярх. Савета, вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам — СМ БССР, мясц. органамі дзярж. улады і кіравання — мясц. Саветы нар. дэпутатаў і іх выканкомы. Упершыню ў канстытуцыйнай практыцы рэспублікі ўводзіліся такія формы прамой дэмакратыі, як усенар. абмеркаванне найб. важных пытанняў дзярж. жыцця і іх вынясенне на рэферэндум. Канстытуцыйна замацоўваліся прынцыпы дэмакр. цэнтралізму пабудовы органаў дзярж. улады і кіравання. Асобны артыкул прысвячаўся ролі прац. калектываў. Дапускалася індывід. прац. дзейнасць грамадзян. Устанаўліваліся дзярж. сімвалы, гімн і сталіца, працэдура змянення Канстытуцыі рэспублікі.

А.​Л.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧЫК (Павел) (сапр. Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦК КПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл. Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦК КПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦК КПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.—жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦК КПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУС БССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.

Літ.:

Ладысеў У. І.​К.​Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел. гіст. часоп. 1996. № 3—4.

У.​Ф.​Ладысеў, У.​М.​Міхнюк.

П.Корчык.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],

расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 1877 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.​Глазуновым, Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым. П.​Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;

Избранное. М., 1991;

Стихотворения. М., 1991.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)