ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),

навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.

Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.​С.​Грабніцкі, С.​С.​Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.​К.​Обердык, А.​Дыль, К.​Кох, Э.​Лукас і інш.

На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел. НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж. абл. с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.

Літ.:

Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;

М., 1930;

Помология БССР. [Т. 1—4]. Мн. 1972—80.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Дзмітрый Рыгоравіч) (4.11.1897, в. Паўлава Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — ліп. 1941),

сав. ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1937), ген. арміі (1941), удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Скончыў Омскую вышэйшую кав. школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928), акад. курсы пры Ваенна-тэхн. акадэміі (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1931 на ваен. службе ў Гомелі, Бабруйску. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39, баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1940 камандуючы войскамі Зах. асобай ваен. акругі, з пач. Вял. Айч. вайны — войскамі Зах. фронту, пасля разгрому якіх у Навагрудскім «катле» Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР адхілены ад пасады і 22.7.1941 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны 31.7.1957. Чл. ЦВК БССР у 1935—36. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1940.

Літ.:

Качелин М.М. Дальний костер: Воспоминания. М., 1968;

Голубев Е.П. Боевые звезды. 2 изд. Ярославль, 1972;

Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. Т. 1. 10 изд. М., 1990.

Дз.Р.Паўлаў.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗАРО́КІ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.

У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.​Корсака, І.​Кунцэвіча, Я.​Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.​Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.

І.​У.​Бунто.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Міхайлавіч) (1887, в. Красналукі Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 20.8.1938),

палітычны дзеяч Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1912—14 працаваў у мінскіх казённай палаце, акр. судзе. З пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны ў Маскву. У 1917—20 на судзейскіх пасадах у Мінску, мяст. Вызна (г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на). Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. У 1921 эмігрыраваў у Вільню, чл. прэзідыума Віленскага нац. к-та, чл. замежнага ЦК Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1922 высланы з Вільні, пераехаў у Коўна. Са жн. 1923 дзярж. сакратар урада ,YH БНР* на чале з А.​І.​Цвікевічам, разам з якім пераехаў у Прагу. З 1926 у Мінску, працаваў у Дзярж. б-цы БССР. 19.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі» і на 5 гадоў сасланы ў г. Свярдлоўск. 9.1.1938 зноў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988, па 2-м — у 1989.

Тв.:

Слуцкое восстание (ноябрь — декабрь 1920 г.) // Нёман. 1996. №4.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд) у горадабудаўніцтве, асноўная магістраль вял., буйнога горада са шматрадным трансп. рухам. Уздоўж П. звычайна размяшчаюцца адм.-грамадскія і інш. плошчы з асн. і грамадскімі будынкамі, што ўтвараюць значныя арх. ансамблі горада. Можа стварацца на працягу невял. адрэзка часу паводле адзінай задумы і ў адным стылі, на працягу доўгага часу шляхам дапаўнення першапачатковай кампазіцыі інш. па стылі будынкамі і збудаваннямі ці шляхам карэннай рэканструкцыі. У Расіі і на Беларусі паяўленне П. звязана з развіццём горадабудаўніцтва і ансамблевасці забудовы ў 18—19 ст. (П. Неўскі ў С.-Пецярбургу, Дняпроўскі ў Магілёве і інш.). Значнымі памерамі і ансамблевасцю забудовы вылучаюцца Скарыны праспект, Машэрава праспект у Мінску, П. Чарняхоўскага ў Віцебску, Касманаўтаў у Гродне, Леніна ў Гомелі, Міру ў Магілёве і інш. У стварэнні арх.-маст. аблічча П. выкарыстоўваюцца сродкі фарміравання арх. ансамбляў, выпрацаваныя шматвяковым вопытам горадабудаўніцтва (цэласнасць, маштабнасць, спалучэнне адкрытых і замкнёных прастораў, замыканне перспектыў арх. акцэнтамі і інш.).

Літ.:

Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

Кутузаўскі праспект у Маскве.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́КІ,

вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).

Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.

Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел. НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НЯ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 26.2.1940, Мінск),

бел. майстар-рэстаўратар нац. муз. інструментаў, выканаўца на іх, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1964), Мінскі ін-т культуры (1989). У 1965—78 артыст Дзярж. нар. аркестра БССР імя І.​Жыновіча. З 1972 адначасова працаваў у Мінскім абл., у рэсп. навук.-метадычным цэнтрах нар. творчасці і культ.-асв. работы. З 1979 педагог-ілюстратар сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі, старшы метадыст па фальклоры пры Мінскім абл. метадычным цэнтры. З 1982 майстар, у 1983—88 заг. вучэбнай майстэрні па рэстаўрацыі. рамонце і вырабе муз. інструментаў Мінскага ін-та культуры. Стваральнік музея бел. муз. стараж. інструментаў «Бел. хатка». Вырабляе бел. нар. муз. інструменты (аэрафоны: сапранавыя, альтавыя, басовыя дудкі; жалейкі, трубы, дуды і інш.; хардафоны: колавая ліра, басэтля і інш.). Выступае з ігрой на бел. муз. інструментах (удзельнік канцэртных праграм, фестываляў нар. творчасці, запісваецца на радыё, тэлебачанні). Аўтар кн. «Лірнік» (1993) — першай нац. школы ігры на бел. нар. інструментах, артыкулаў пра бел. нар. муз. інструменты.

А.​Л.​Карацееў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́СНА,

вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж. Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ЛЕСАВО́Д РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. спецыялістам лясгасаў, лесаўпарадкавальных і інш. устаноў, прадпрыемстваў, арг-цый лясной гаспадаркі, работнікам прыродаахоўных органаў і арг-цый, якія працуюць па спецыяльнасці 15 і больш гадоў, за заслугі ў развіцці лясной гаспадаркі, зберажэнні і павелічэнні лясных багаццяў, захаванні расліннага і жывёльнага свету, вырашэнні складаных экалагічных праблем. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1963 існавала ганаровае званне засл. лесавод БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя лесаводы Рэспублікі Беларусь

1964. Я.​І.​Крыўчэня.

1965. І.​П.​Грыцэнка, Б.​Дз.​Жылкін, Ф.​Ф.​Кавалеўскі, Ц.​М.​Качаткоў, А.​І.​Літвінаў, Ф.​С.​Сушкевіч, Ф.​Б.​Трыбушэўскі, І.​М.​Хмялеўскі.

1966. Р.​М.​Капытаў, П.​К.​Мацвеенка, М.​М.​Палевікоў, Я.​А.​Сарокін.

1968. Р.​Я.​Арцёменкаў, Т.​К.​Бадунова, У.​Г.​Вядзьгун, М.​К.​Івашкавец, П.​Д.​Клімянкоў, С.​П.​Крывянкоў, К.​Ф.​Мірон К.​Ф.​Міран, І.​І.​Пудаў, П.​П.​Хлебаказаў.

1969. Я.​Г.​Арленка.

1970. А.​Д.​Ганчароў, А.​І.​Даўгяла, С.​Ц.​Майсеенка.

1975. А.​М.​Статкевіч.

1977. А.​У.​Агароднікава, С.​І.​Баброў, Р.​Е.​Бондар, В.​М.​Галалобаў, Л.​А.​Дружына, Дз.​А.​Кірэеў, М.​А.​Лабкоў, А.​І.​Саўчанка, М.​І.​Смірноў, В.​В.​Хатулькоў.

1978. С.​С.​Балюк, В.​А.​Вакула, В.​А.​Ткачоў.

1979. З.​М.​Зяленка, Т.​А.​Калантай, А.​Я.​Міроненка, І.​П.​Мухураў, У.​П.​Швец.

1980. М.​Т.​Афанасенка, Р.​П.​Бондараў, М.​А.​Калееў, В.​К.​Паджараў, Ю.​Дз.​Сіроткін.

1981. А.​С.​Барадзін, І.​С.​Бурак, П.​Н.​Грамыка, Л.​В.​Дольскі, М.​П.​Кажамякін, М.​В.​Міхалковіч, І.​І.​Прыхно, С.​А.​Рублеўскі.

1982. В.​С.​Зязюлін, Б.​В.​Ржэўскі, Дз.​В.​Семянюк.

1983. П.​А.​Салавей.

1985. В.​І.​Казіцкі, Я.​У.​Лукша.

1987. В.​М.​Быкаў, П.​П.​Каралевіч, У.​М.​Курганаў.

1989. І.​А.​Алейнікаў, А.​І.​Буй, С.​І.​Вайцялёнак, І.​Н.​Зубрэй, А.​М.​Панамароў.

1990. М.​Д.​Бабаедаў, М.​І.​Канстанціновіч, У.​П.​Раманоўскі, М.​В.​Шчасны.

1991. Я.​А.​Гурыновіч, В.​Я.​Ермакоў, А.​М.​Кажэўнікаў, С.​П.​Казлоў, М.​І.​Новікаў, І.​І.​Пігальскі, А.​П.​Сторажаў, М.​А.​Сякерыч.

1992. П.​В.​Какорка.

1996. М.​С.​Лескавец, В.​П.​Палкін, А.​А.​Шахлевіч.

1997. М.​З.​Варонін, М.​Дз.​Дадзько, А.​А.​Пахомаў.

т. 6, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)