ЛЕВАНЕ́ЎСКІ (Сігізмунд Аляксандравіч) (1902, С.-Пецярбург — 13.8.1937),

палярны лётчык, Герой Сав. Саюза (1934). Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Гродзенскай губ. Скончыў ваен. школу марскіх лётчыкаў у Севастопалі (1925). У Чырв. Арміі з 1918, удзельнік грамадз. вайны. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. Упершыню ажыццявіў пералёт з Севастопаля на Чукотку (1933) і беспасадачны пералёт з ЗША (г. Лос-Анджэлес) у Маскву (1936). Прапаў без вестак у час беспасадачнага пералёту Масква—Паўн. полюс—Нью-Йорк.

С.А.Леванеўскі.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК АНЬ (Le Duc Anh; н. 1.12.1920, Хуа Цьен-Хюэ, В’етнам),

в’етнамскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі. Скончыў Акадэмію Ген. штаба Узбр. сіл СССР у Маскве. Удзельнік партыз. руху супраць японцаў у 2-ю сусв. вайну і вайны Супраціўлення супраць французаў (1946—54). У час В’етн. вайны 1964—73 камандаваў сіламі Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. З 1976 на камандных і штабных пасадах у В’етн. нар. арміі, у 1980—86 нам. міністра, у 1987—92 міністр нац. абароны Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). У 1992—97 прэзідэнт СРВ.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕО́Н (León),

феадальная дзяржава на ПнЗ Пірэнейскага п-ва ў 10—13 ст. Утварылася ў 909—910 пасля падзелу Астурыйскага каралеўства паміж сынамі ісп. правіцеля Альфонса III Вялікага (гл. Альфонсы) на Л., Галісію, Астурыю. У 924 Галісія і Астурыя аб’ядналіся з Л. у адзінае каралеўства са сталіцай у г. Леон. З 960 плаціў даніну Абдарахману III. У 988—1031 пад уладай Кардоўскага халіфата. У час Рэканкісты далучыў да сваёй тэрыторыі партуг. землі. У 1230 каралеўства аб’ядналася з Кастыліяй і стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т. л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.​М.​Ігнатаў і А.​А.​Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІСТ ДА СВЯТО́ГА ПЯТРА́»,

бел. ананімны празаічны твор 2-й пал. 17 ст. Захаваўся ва ўрыўках. З’яўляецца пародыяй на жанр афіцыйнага паслання. Крытычны пафас скіраваны супраць каталіцкай веры і яе носьбіта Ярмолы Аханцэвіча Цюхая, вобраз якога зніжаны. Аўтар просіць апостала Пятра прапусціць у рай чалавека цёмнага і прымітыўнага, які па сутнасці не мае на гэта права. У творы ярка выражаны стылявыя рысы барока. Упершыню апубл. чэшскім славістам Ф.​Крчэкам у польск. час. «Lud» («Народ», 1899, т. 5). Да Вял. Айч. вайны зберагаўся ў б-цы імя Асалінскіх (Львоў).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК IX (Louis) Святы

(25.4. 1214, г. Пуасі, Францыя — 25.8.1270),

кароль Францыі [1226—70]. 3 дынастыі Капетынгаў. Правёў шэраг рэформ па цэнтралізацыі дзярж. улады, заснаваў у Парыжы асобую суд. палату (т.зв. парламент), якая стала вышэйшай у дзяржаве апеляцыйнай інстанцыяй і атрымала важныя адм. функцыі. Пачаў чаканіць паўнавартасную залатую і сярэбраную манеты. У 1248 узначаліў 7-ы крыжовы паход, але ў 1250 трапіў у егіп. палон (вызвалены за вялізны выкуп). У 1259 уступіў Англіі прав. Гіень. Узначаліў 8-ы крыжовы паход (у Туніс), у час якога памёр. Кананізаваны каталіцкай царквой у 1297.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XVIII (Louis; 17.11.1755, г. Версаль, Францыя — 16.9.1824),

кароль Францыі [1814—24]. 3 дынастыі Бурбонаў. Брат Людовіка XVI, граф Праванскі. У час рэвалюцыі 1789—99 уцёк з Францыі (1791). У 1795 пасля смерці ў парыжскай турме малалетняга пляменніка (т.зв. Людовіка XVII) абвясціў сябе каралём. Фактычна заняў прастол у 1814 у выніку перамогі краін антыфранц. кааліцыі над Напалеонам I. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I (сак.чэрв. 1815) знаходзіўся ў Бельгіі. Да 1820 праводзіў адносна ліберальную палітыку, пазней трапіў пад уплыў ультрараялістаў. Гл. таксама Рэстаўрацыя ў Францыі.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.​Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял. Айч. вайны, пазней знесены.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)