змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняят-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім.т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац.перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс.км². Нас. 1435,1 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г.Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.
Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняят-растудз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).
Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕВА,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).
З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
гарадскі пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у вярхоўі р. Сэрвач. На аўтадарозе Баранавічы—Навагрудак. За 25 км ад г. Баранавічы, 2,5 тыс.ж. (1996).
У сярэдзіне 13 ст. Гарадзішча ў складзе ВКЛ, з 2-й пал. 15 ст. велікакняжацкі двор. У 1494 тут заснаваны касцёл. З канца 15 ст. ў розны час уладанне кн. Сямёна Бельскага, вял. княгіні Алены Іванаўны, Няміравічаў, Давойнавічаў, Карыцкіх, Гастомскіх, Хадкевічаў, Каменскіх, Зяновічаў, Л.Паца, Бухавецкіх. З 1793 мястэчка ў Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1798 у Гарадзішчы уніяцкая царква, касцёл, якія ў 1839 і 1864 пераўтвораны ў правасл. цэрквы. У 1893 у Гарадзішчы 747 ж., сельскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, 5 яўр. малітоўных дамоў, багадзельня, цагельня, 12 крам, 2 кірмашы штогод. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Гарадзішчы больш за 4 тыс.чал. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1989 у Гарадзішчы 2,9 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч. прам-сці, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1764), касцёл (18 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНА́Я КАРА́,
верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),
мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал.эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.
Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац.яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Івенка. За 158 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Гаўя на лініі Ліда—Маладзечна, вузел аўтадарог на Мінск, Ліду, Навагрудак. 8,8 тыс.ж. (1998).
Вядома з пач. 15 ст. як велікакняжацкі двор. У 1444 аддадзена земскаму маршалку літоўскаму П.Мантыгердавічу У 16—19 ст. належала Забярэзінскім, Кішкам, Слушкам, Глябовічам, Жыжэмскім, Агінскім, Сапегам, Тызенгаўзам, Замойскім і інш. З 1561 мястэчка Ашмянскага пав.; у ім знаходзіліся арыянскія друкарня і школа, рэктарам якой быў Я.Л.Намыслоўскі.
У 1598 у І. пасяліліся татары. Каля 1600 пабудаваны Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. У 1634—180 двароў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1897—2828 ж., 387 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага (з 1926 — Лідскага) пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Іўеўскага раёна. З 29.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 2621 чал. У 1971—5 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква (1994), аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Іўеўская мячэць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у сутоках рэк Дрысвята і Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 62 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 270 км ад Віцебска, 20 км ад чыг. ст. Паставы. 667 ж., 277 двароў (1997).
У гіст. крыніцах упамінаюцца пад 1504. У розны час належалі Пацам, Манузі, Плятэрам. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. У канцы 17 ст. пабудавана уніяцкая царква. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, пазней Віленскай губ. З 1798 мястэчка, побач знаходзілася вёска К. У 1866—400 ж., 35 двароў. У 1-ю сусв. вайну з восені 1915 да лют. 1918 наз. Раманава-Нікольскае. З 1921 у Польшчы, мястэчка Богінскай гміны Браслаўскага пав. У 1931 было 692 ж., 106 двароў, у вёсцы К. — 828 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1 ліст. 1942 паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыліся Казьянскія баі 1942. У лют. 1943 ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 156 яе жыхароў. Пасля вайны мястэчка і вёска аб’яднаны ў адзін нас. пункт. З 1960 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. 727 ж., 286 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Магіла ахвяр фашызму. Царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),
закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл.Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.
К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫЛКУ́М (цюрк. чырвоныя пяскі),
пясчаная пустыня ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і, на тэр. Узбекістана, Казахстана і Туркменістана. Абмежавана на ПнЗ Аральскім м., на ПнУр. Сырдар’я, на У адгор’ямі Цянь-Шаня і Паміра-Алая, на ПдЗр. Амудар’я. Пл. 300 тыс.км². З’яўляецца раўнінай з агульным нахілам на ПнЗ (выш. ад 300 м на ПдУ да 53 м на ПнЗ), мае замкнёныя ўпадзіны і ізаляваныя моцна расчлянёныя астанцовыя горы — Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м) і інш., складзеныя з моцна дыслацыраваных і метамарфізаваных палеазойскіх сланцаў, рагавікоў, вапнякоў, гранітаў. Горы пустынныя з выраўнаванымі вяршынямі, скалістымі схіламі. Радовішчы карысных выкапняў: золата (Мурынтау), газ (Газлі). Раўнінныя ўчасткі складзены пераважна з кайназойскіх глін і пяскоў, шмат такыраў. Пераважную ч. пустыні займаюць градавыя паўзамацаваныя масівы пяскоў, трапляюцца барханы. К. размешчана ў асноўным у сярэдняй падзоне пустынь умеранага пояса, а на Пд — на пераходзе да субтрапічных пустынь. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняят-растудз. 0—-9 °C, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 100—200 мм за год. Рэк няма, але знойдзены артэзіянскія басейны. Глебы шэра-бурыя, пясчаныя; ёсць саланчакі, саланцы. У раслінным покрыве пераважаюць эфемеры, саксаул, кандым, пясчаная акацыя, палын. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа-джэйран, воўк, грызуны, паўзуны; саксаульная сойка, чубаты жаваранак, драфа. У межах К. — Каракульскі, Кызылкумскі, Бадай-Тугай і Варданзінскі запаведнікі. Паліўное земляробства, гадоўля коз і авечак.