АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),
цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс у пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,
від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.
т. 6, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў чалавечай існасці або адна з душ чалавека. Першапачаткова — увасабленне жыццёвай сілы багоў і цароў і іх магутнасці. Пазнейшыя міфы прыпісваюць наяўнасць К. ўсім людзям. Гэта духоўнае «другое я» кожнага чалавека, якое нараджаецца разам з ім, прадвызначае яго лёс і застаецца пасля яго смерці.
т. 7, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДМ,
у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Фівы. Сын фінікійскага цара Агенора, муж Гармоніі. Паводле загаду дэльфійскага аракула і на ўказаным ім месцы пабудаваў крэпасць Кадмею (будучыя Фівы), дзеля чаго яму давялося забіць свяшчэннага дракона, з зубоў якога выраслі заснавальнікі самых знатных фіванскіх родаў. Стараж.-грэч. традыцыя прыпісвала К. вынаходніцтва грэч. алфавіта.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЁРЫ ў генетыцы,
дамінантныя гены і адпаведныя ім адзнакі, што праяўляюцца ў клетцы, у якой гамалагічныя храмасомы нясуць розныя алелі (гетэразігота). Выкарыстоўваюцца пры адборы гаплоідаў (асобін, у клетках якіх храмасом у 2 разы меней, чым у зыходных форм). Напр., з дапамогай М. распрацаваны спосаб атрымання гаплоідаў кукурузы.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЙРЫ,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯРЫТЭ́Т (ням. Priorität ад лац. prior першы, старшы),
1) першынство ў часе ажыццяўлення якой-н. дзейнасці.
2) Неабходная ўмова выдачы патэнта на вынаходства, для прызнання навук, тэхн. дасягнення адкрыццём.
3) Пераважнае значэнне якога-н. нарматыўнага акта, закону. Напр., Беларусь прызнае П. агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім нац. заканадаўства.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́Н (Sirén) Іохан (27.5.1889, г. Іліхярмя, Фінляндыя — 5.3.1961),
фінскі архітэктар; лідэр фін. неакласіцызму 1920—30-х г. Вучыўся ў політэхн. ін-це ў Хельсінкі, выкладаў у ім (праф. 1931—57). Для пабудоў С. характэрны строгая сіметрыя, маналітнасць аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, спрошчаная трактоўка ордэрных элементаў (будынак парламента ў Хельсінкі, 1927—31).
т. 14, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРСУНАЛІ́ЕЎ Эстэбес (н. 30.5.1931, с. Кайынды Таласкай вобл., Кыргызстан),
кіргізскі акын. Нар. арт. СССР (1988). Выступае з 12-гадовага ўзросту. З 1947 артыст Кіргізскай філармоніі, адначасова з 1976 кіраўнік арганізаванай ім фальклорнай групы. У рэпертуары творы ў традыц. жанрах вуснай прафес. творчасці. Аўтар кніг. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Кыргызстана 1975.
т. 16, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРААНА́ЛІЗ, электрагравіметрычны аналіз,
электрахімічны метад колькаснага аналізу, заснаваны на вызначэнні павелічэння масы рабочага электрода з прычыны накаплення на ім вызначаемага кампанента ў выніку электролізу. Вызначаемае рэчыва асаджваюць у выглядзе металу (яго аксіду) на папярэдне ўзважаным плацінавым катодзе (ці анодзе). Выкарыстоўваюць пры аналізе сплаваў, металаў і раствораў для электролізу.
т. 18, кн. 1, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)