складаныя хім. злучэнні (гетэразлучэнні) усіх хім. элементаў, за выключэннем большасці злучэнняў вугляроду, якія адносяцца да арганічных злучэнняў. Утвараюць практычна ўсю літасферу, гідрасферу і атмасферу Зямлі. Вядома каля 300 тыс. злучэнняў. Паводле функцыян. адзнакі падзяляюць на аксіды, гідраксіды, кіслоты, солі, паводле саставу (колькасці элементаў у Н.з.) — на двухэлементныя, ці бінарныя (аксіды, галагеніды, гідрыды, карбіды, нітрыды, фасфіды і інш.), і Н.з., у саставе якіх больш за 2 элементы (напр., гідраксіды, аміды металаў). У асобную групу вылучаны комплексныя злучэнні. Гл. таксама Неарганічная хімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯРО́ЎНАСЦЬу матэматыцы,
алгебраічны выраз, элементы якога спалучаны знакамі: менш <, менш ці роўна ≤, больш >, больш ці роўна ≥, няроўна ≠. Напр., запіс a < b азначае, што а меншае за b. Н. і роўнасці маюць многія агульныя ўласцівасці, напр., Н. застанецца правільнай, калі да яе абедзвюх частак дадаць адзін і той жа лік ці абедзве часткі памножыць на адзін і той жа дадатны лік (пры множанні на адмоўны лік Н. пераходзіць у процілеглую). Уласцівасці і класіфікацыя Н. (аналагічныя ўласцівасцям і класіфікацыі роўнасцей) вывучаюцца многімі раздзеламі матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА-АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫЯ КА́РТЫ,
геаграфічныя карты, якія адлюстроўваюць паліт. падзел і палітыка-адм. ўладкаванне якой-небудзь тэрыторыі. Асн.элементы карты: паліт. і адм. граніцы, сталіцы, адм. цэнтры, населеныя пункты, шляхі зносін. Выкарыстоўваюцца для даведачных, арганізацыйна-гасп., навуч. мэт і ў якасці асновы для складання карт інш. тэматыкі. Маштабы П.-а.к. розныя, напр., у СССР выдаваліся карты краіны маштабаў 1:4 000 000, 1:5 000 000, 1:8 000 000, у Беларусі выдаюцца — 1:400 000, 1:600 000, 1:2 500 000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),
жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).
На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл.т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),
спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).
Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл.Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.
Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ДРУК,
спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.
Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.
Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.
Літ.:
Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;
Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́Т,
антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабіту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш.элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім усталяваўся антыферамагнітны парадак магнітных момантаў атамаў ці іонаў. Рэчыва становіцца антыферамагнетыкам ніжэй за пэўную т-ру (TN; гл.Нееля пункт) і застаецца ім звычайна да T=0 К. Да антыферамагнетыкаў адносяцца: цвёрды кісларод (α-мадыфікацыя пры TN<24 К), хром (TN=310 К), шэраг рэдказямельных металаў, многія злучэнні, у састаў якіх уваходзяць пераходныя металы (аксіды, фтарыды, сульфіды, галагеніды, карбанаты і інш.). Антыферамагнетыкі перспектыўныя для выкарыстання ў прыладах запісу і апрацоўкі інфармацыі, стварэння акустычных ліній затрымкі, як магн.элементы ў магнітааптычных запамінальных прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.