ГА́МА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ (γ-выпрамяненне),

караткахвалевае эл.-магн. выпрамяненне з даўжынёй хвалі, меншай за 2∙10​−10 м. Узнікае пры распадзе радыеактыўных ядраў (гл. Радыеактыўнасць), тармажэнні хуткіх зараджаных часціц у рэчыве (гл. Тармазное выпрамяненне), сінхратронным выпрамяненні, а таксама пры анігіляцыі электронна-пазітронных пар і ў інш. ядз. рэакцыях. З прычыны кароткай даўжыні хвалі ў гама-выпрамяненні выразныя карпускулярныя ўласцівасці (гл. Комптана эфект, Фотаэфект), хвалевыя (дыфракцыя, інтэрферэнцыя) выражаны слаба.

Асн. характарыстыка гама-выпрамянення — энергія асобнага γ-кванта Eγ = hν, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата выпрамянення. Пры пераходзе ядра атама з узбуджанага стану з энергіяй Ei у больш нізкі энергет. стан Ek выпрамяняецца γ-квант з энергіяй Eγ = Ei = Ek Eγ = Ei — Ek. У выніку гэтага гама-выпрамянення ядраў мае лінейчасты спектр. Натуральныя радыеактыўныя крыніцы даюць гама-выпрамяненню з энергіяй да некалькіх мегаэлектронвольтаў (МэВ), у ядз. рэакцыях атрымліваюцца γ-кванты з энергіяй да дзесяткаў МэВ, а пры тармазным выпрамяненні — да соцень МэВ і больш. Гама-выпрамяненне — адно з найбольш пранікальных выпрамяненняў (пранікальнасць залежыць ад энергіі γ-квантаў і шчыльнасці рэчыва).

Гама-выпрамяненне выкарыстоўваецца для выяўлення дэфектаў у вырабах і дэталях (гл. Дэфектаскапія), экспрэснага колькаснага вызначэння волава ў рудах, стэрылізацыі харч. прадуктаў, гаматэрапіі злаякасных пухлін і інш.

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),

сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.

Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць ўзаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл. Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.

Літ.:

Изюмов Ю.А., Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;

Александров Ю.А., Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел нейтроннай фізікі, які вывучае хвалевыя ўласцівасці нейтронаў і працэсы распаўсюджвання нейтронных хваль у рэчывах і палях.

У адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам нейтрон можа паводзіць сябе як часціца з энергіяй E і імпульсам w→ або як хваля з частатой ω = 2π h E , даўжынёй хвалі λ = 2πh/p і хвалевым вектарам k→ = 2π h p→ , дзе h — Планка пастаянная. Хвалевыя ўласцівасці найб. выяўлены ў нейтронаў з малымі кінетычнымі энергіямі (гл. Павольныя нейтроны). Гэтымі ўласцівасцямі тлумачыцца пераламленне і адбіццё нейтронных пучкоў на мяжы падзелу двух асяроддзяў, поўнае адбіццё (пры пэўных умовах) ад мяжы падзелу, дыфракцыя на неаднароднасцях асяроддзя і на яго перыядычнай структуры. Для некаторых рэчываў пры адбіцці і пераламленні назіраецца палярызацыя нейтронаў, што вельмі падобна на ўзнікненне кругавой палярызацыі святла ў аптычна актыўных асяроддзях. У рэчывах, дзе спіны ядраў арыентаваны (палярызаваны) у адным напрамку, назіраецца ядз. прэцэсія нейтронаў, абумоўленая ядз. псеўдамагн. полем (гл. Ядзерная оптыка). Калі даўжыня хвалі нейтрона параўнальная з адлегласцю паміж атамамі (ядрамі) крышталёў, назіраецца дыфракцыя нейтронаў, аналагічная дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.

На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.о. праводзяцца ў НДІ ядз. даследаванняў пры БДУ.

Літ.:

Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;

Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995.

У.​Р.​Барышэўскі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТЫ́ЧНЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,

прылады для ўзбуджэння акустычных хваляў. Найб. пашыраны электраакустычныя пераўтваральнікі, дзе эл. энергія пераўтвараецца ў энергію ваганняў цвёрдага цела (выпрамяняльнага элемента), якое выпрамяняе акустычныя хвалі (напр., п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, электрамагн., электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі); выкарыстоўваюцца ў дэфектаскапіі, ультрагукавой тэхналогіі, мед. дыягностыцы, кантрольна-вымяральных прыладах. Газадынамічныя і газаструменныя акустычныя выпрамяняльнікі, заснаваныя на пераўтварэнні энергіі струменя газу або вадкасці ў энергію акустычных ваганняў пры перыядычным перарыванні або ўзаемадзеянні яго з цвёрдымі перашкодамі, выкарыстоўваюцца ва ультрагукавой тэхналогіі і сігналізацыі.

А.​Р.​Баеў.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕ ((Alle) Аўгуст) (31.8.1890, г. Вільяндзі, Эстонія — 8.7.1952),

эстонскі пісьменнік. Скончыў Тартускі ун-т (1937). Друкаваўся з 1911. Дэбютаваў рамант.-сімвалісцкімі вершамі з міфалаг. матывамі (зб. «На астравах адзіноты», 1918; «Ліловы слон», 1923). Развіваў жанр сатыр. эпіграмы, востра антыфаш. ў гады Айч. вайны. Аўтар зб. вершаў «Carmina barbata» (1921), «Мутныя хвалі» (1930), «Суровыя рытмы» (1934), «Эпіграмы» (1944) і інш. У 1946—52 рэдактар час. «Looming» («Творчасць»). Паасобныя вершы Але перакладзены на бел. мову.

Тв.:

Сатира и лирика. Таллинн, 1960.

Н.​Басель.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБАТРО́СЫ (Diomedeidae),

сямейства птушак атр. Буравеснікападобных. 2 роды, 13 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.

Даўж. 0,85—1,4 м, маса да 8 кг. Апярэнне шэра-белае, крылы вузкія, доўгія, у размаху да 4,25 м. Узнімаюцца ў паветра толькі з грэбеня хвалі або берагавога абрыву. Нястомныя летуны, добра плаваюць. Гняздуюцца калоніямі на акіянічных астравах. Размнажаюцца ва ўзросце 5—10 гадоў. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Альбатрос беласпінны (Diomedea albatrus) занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.

Альбатросы: 1 — чарнаногі; 2 — беласпінны.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТУ́ЗІЯ (ад лац. contusio удар),

паталагічны стан, што ўзнікае пры ўздзеянні на паверхню ўсяго цела ці большай яго ч. мех. сілы (напр., завал пяском), або ўдарнай паветранай хвалі (выбух і інш.). Для К. характэрныя страта прытомнасці (ад некалькі хвілін да сутак), нязначныя знешнія пашкоджанні ці іх адсутнасць. Бываюць цяжкія пашкоджанні ўнутр. органаў (печані, нырак, страўніка і інш.), пераломы канечнасцей, рэбраў, чэрапна-мазгавыя траўмы. Пасля апрытомлівання — моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, парушэнні адчувальнасці, мовы, рухомасці, паралічы і інш. Найб. цяжкая К. галаўнога мозга.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФАТО́МЕТР (ад мікра... + фатометр),

мікрадэнсітометр, прылада для вымярэння ступені паглынання святла (аптычнай шчыльнасці) на малых участках праяўленых чорна-белых і каляровых фатаграфічных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца для фотаметрычных вымярэнняў спектраграм, рэнтгенаўскіх плёнак і інш. фатагр. відарысаў.

Спалучае дэнсітометр з аптычнай прыладай, якая павялічвае відарыс (звычайна ў 25—50 разоў). Да асобных тыпаў М. адносяць спектрамікрафатометры для вымярэння залежнасці аптычнай шчыльнасці ад даўжыні хвалі выпрамянення і ізамікрафатометры для выяўлення пунктаў відарыса з аднолькавай шчыльнасцю. Існуюць М. для вымярэння інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на фатагр. матэрыял.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСВЯТЛЕ́ННЕ О́ПТЫКІ,

змяншэнне адбіцця святла ад паверхняў аптычных дэталей нанясеннем на іх непаглынальных плёнак таўшчынёй, сувымернай з даўжынёй хвалі аптычнага выпрамянення. Вынік інтэрферэнцыі святла, адбітага ад пярэдніх і задніх паверхняў такіх плёнак, вядзе да ўзаемнага «гашэння» адбітых хваль і ўзмацнення інтэнсіўнасці святла, якое прайшло праз плёнку. Плёнкі наносяць у 1, 2 ці больш слаёў фіз. (напр., вакуумным напыленнем) і хім. (апрацоўкай паверхні растворамі к-т) метадамі. Выкарыстоўваецца ў складаных аптычных сістэмах з многімі адбівальнымі паверхнямі, напр., у фатагр. аб’ектывах, акулярах, перыскопах.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ,

мера непразрыстасці слоя рэчыва для светлавых прамянёў. Характарызуе аслабленне аптычнага выпрамянення ў слаях рэчываў (фарбавальнікаў, святлафільтраў, раствораў і інш.). Для неадбівальнага слоя D = lg I0/I = kλL, дзе I0, I — інтэнсіўнасць святла, што ўпала на слой і выйшла з яго адпаведна, kλ — каэфіцыент паглынання асяроддзя для выпрамянення з даўж. хвалі λ, L — таўшчыня слоя рэчыва. Аптычная шчыльнасць звязана з каэфіцыентам прапускання τ: D = lg 1/τ. Вымяраецца з дапамогай дэнсітометраў, мікрафатометраў, спектрасенсітометраў і інш. Выкарыстоўваецца ў фатаграфіі, астрафотаметрыі, пры аптычным гуказапісе, пры спектральнай аэрафотаздымцы і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)