ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),

форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх. ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАВА́НАЯ ЗЛАЧЫ́ННАСЦЬ,

форма злачыннай дзейнасці аб’яднанняў злачынцаў. Вызначаецца высокай самаарганізацыяй, прафесіяналізмам, іерархічнай сістэмай узаемаадносін, манапалізацыяй розных сфераў злачыннай дзейнасці з мэтай здабычы максімальных даходаў і выкарыстання легальных шляхоў для «адмывання» злачынна здабытых сродкаў, нейтралізацыяй і карумпіраваннем дзярж. органаў, пашырэннем злачынных сувязяў за межы краіны. Гл. таксама Мафія, Рэкет.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА́РХІЯ (ад грэч. oligarchia улада нямногіх),

форма праўлення, пры якой улада належыць невял. групе людзей, звычайна найб. радавітых або заможных. Была характэрная для стараж. Афін, у сярэднявеччы для рэспублік Венецыянскай, Генуэзскай, у 17—18 ст. для Рэчы Паспалітай і інш. Алігархіяй называюць таксама саму́ю кіруючую групу, напр. Фінансавая алігархія.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬДЗЕНЕ́Ж (франц. boule de neige літар. снегавы ком),

снегавы шар, дэкаратыўная стэрыльная садовая форма каліны звычайнай (Viburnum opulusvar. sterilis). У бульдзенежы ўсе кветкі ў суквецці стэрыльныя, і іх распасцёртыя вяночкі ўтвараюць шарападобнае белае суквецце, якое мае выгляд снегавога камяка, у час цвіцення (май—чэрвень) расліны нібы ўкрыты імі.

Бульдзенеж.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,

прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭО́ДА (франц. gēode ад грэч. gēodēs земляны),

замкнутая поласць у горнай пародзе, не цалкам запоўненая скрытакрышт. або яўнакрышт. агрэгатамі мінералаў. Форма Ж. ізаметрычная, акруглая і інш. Часта мінер. рэчыва ў Ж. ўтварае канцэнтрычныя занальныя слаі (напр., агаты). Іншы раз унутры Ж. пустата, сценкі якой звычайна ўкрыты друзамі крышталёў.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГАНЕ́Ц,

у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення памяшкання; гліняная, часам металічная пасудзіна з кнотам, напоўненая тлушчам або алеем. У залежнасці ад паліва мянялася форма К. — ад латка і міскі да гаршка і глячка. К. ставілі ці падвешвалі пад вусцем дымахода. Бытаваў побач з лучніком да нач. 20 ст.

Каганец. 19 ст.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),

запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),

форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)