здольнасць рэчыва праводзіць электрычны ток пад уздзеяннем знешняга эл. поля; фіз. велічыня, якая колькасна характарызуе гэту здольнасць. Э. рэчыва абумоўлена існуючымі ў ім рухомымі носьбітамі зараду (электронамі, дзіркамі, іонамі), накіраваны рух якіх і ёсць эл. ток.
У ізатропных правадніках электрычнасці шчыльнасць пастаяннага току супадае па напрамку з напружанасцю эл. поля , якое не мяняецца ў часе, што выражае Ома закон:
, дзе σ — удзельная Э. У агульным выпадку залежнасць ад нелінейная і анізатропная. Э. на пераменным току залежыць ад яго частаты. У залежнасці ад велічыні ўдзельнай Э. рэчывы ўмоўна падзяляюць на 3 групы: праваднікі (металы), паўправаднікі і ізалятары (дыэлектрыкі). Э. залежыць ад т-ры, структуры рэчыва (агрэгатнага стану, дамешкавых атамаў) і ад знешніх уздзеянняў (магн. поля, іанізавальнага выпрамянення). У металах памяншэнне Э. з ростам т-ры абумоўлена ў асноўным памяншэннем даўжыні свабоднага прабегу электронаў праводнасці. У паўправадніках экспаненцыяльны рост Э. пры іх нагрэве адбываецца з прычыны павелічэння колькасці электронаў праводнасці і/ці дзірак. Дыэлектрыкі маюць прыкметную Э. толькі пры высокіх напружанасцях эл. поля і/ці высокіх т-рах. Вымярэнне Э. — адзін з важных метадаў даследавання электроннай і атамнай структуры рэчываў.
Літ.:
Гл. да арт.Дыэлектрыкі, Звышправаднікі, Металы, Паўправаднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ДЭФЕ́КТЫ,
дэфекты структуры, якія ўтвараюцца пры апрамяненні цвёрдых цел іанізавальным выпрамяненнем (радыяцыяй). Адрозніваюць абарачальныя Рд. — назіраюцца ў працэсе апрамянення і знікаюць пасля спынення ўздзеяння радыяцыі, і астаткавыя — назапашваюцца ў працэсе апрамянення і захоўваюцца пасля яго. Паводле саставу бываюць уласныя і дамешкавыя (у іх склад уваходзяць атамы легіравальнай дамешкі), паводле памераў — кропкавыя і працяглыя (вобласці назапашвання ўласных і/ці дамешкавых дэфектаў).
Энергія, якая перадаецца пры апрамяненні цвёрдаму целу (мішэні), можа прывесці да разрыву міжатамных сувязей з утварэннем першасных Р.д. — пары міжвузельны атам — вакансія (гл.Вакансія ў фізіцы). Жорсткае эл.-магн. выпрамяненне (ультрафіялетавае выпрамяненне, рэнтгенаўскае выпрамяненне, гама-выпрамяненне) непасрэдна ўзбуджае электронную сістэму цвёрдага цела, а потым уключаюцца механізмы зрушэння атамаў са становішчаў устойлівай раўнавагі. Утварэнне Р.д. пры перадачы энергіі выпрамянення электронам рэчыва мае месца ў асноўныму дыэлектрыках і паўправадніках. Калі энергія зрушанага ў міжвузелле атама мішэні значна перавышае парогавую энергію ўтварэння Р.д., то такі атам можа пры руху ўтвараць пары міжвузельны атам — вакансія. Магчыма таксама ўтварэнне Р.д. у выніку перадачы часткі энергіі ядзерных рэакцый атаму мішэні. Колькасць і структуру Р.д. можна змяніць награваннем мішэні (тэрмічны адпал дэфектаў). Утварэнне Р.д. у спалучэнні з інш. знешнімі ўздзеяннямі (мех. нагрузкі, эл. і магн. палі, асвятленне) дае магчымасць мэтанакіравана мадыфікаваць уласцівасці матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,
гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд.т, разведаныя запасы — больш за 150 млн.т. Якасць іх невысокая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Камчацкай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Каракская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 301,5 тыс.км². Нас. 33 тыс.чал., гарадскога каля 40% (1997). Цэнтр — г.п.Палана. Гар. пасёлкі: Ільпырскі, Корф, Асора, Пахачы. Займае Пн п-ва Камчатка, прылеглую ч. мацерыка і в-аў Карагінскі; абмываецца Ахоцкім і Берынгавым морамі. (гл. карту да арт.Камчацкая вобласць).
Прырода. На тэр. К.а.а. пераважае горны рэльеф. На мацерыковай ч. Каракскае (выш. да 2562 м, г. Ледзяная) і Калымскае нагор’і, Пенжынскі, Ічыгемскі хрыбты, на паўвостраве Сярэдзінны хр. Нізіны Пенжынская і Парапольскі дол забалочаныя, шмат дробных азёр. Марскія ўзбярэжжы ў асноўным нізінныя. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, сера, ртуць, буд. матэрыялы. Клімат субарктычны. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C да -26 °C, ліп. 10—14 °C. Гадавая колькасць ападкаў 300—700 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі — Пенжына, Тыгіль, Вывенка, Пахача, Апука. Пераважаюць тундравыя і тарфяна-балотныя глебы. Расліннасць тундравая, у вярхоўях р. Пенжына лістоўніца, на зах. узбярэжжы каменная бяроза.
Гаспадарка. Асн. галіны — рыбная прам-сць, аленегадоўля. Здабыча бурага вугалю (45 тыс.т, 1996, Корфскае радовішча). Пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка). Малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Транспарт марскі і авіяцыйны. Суднаходства на р. Пенжына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАФІЯЛЕ́ТАВАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
нябачнае вокам эл.-магн. выпрамяненне ў спектральнай вобласці паміж бачным і рэнтгенаўскім выпрамяненнямі ў дыяпазоне даўжынь хваль λ 400—10 нм.
Адрозніваюць вобласці блізкага, ці звычайнага У.в. (400—200 нм) і далёкага, ці вакуумнага (200—10 нм). Пры ўзаемадзеянні У.в. з рэчывам могуць адбывацца іанізацыя яго атамаў і фотаэфект. Характэрна памяншэнне празрыстасці (павелічэнне каэф. паглынання) большасці цел, празрыстых у бачнай вобласці (з памяншэннем λ каэф. паглынання У.в. павялічваецца, і пры λ < 105 нм празрыстых для У.в. цел няма). Крыніцы У.в.: Сонца, зоркі, туманнасці і інш.касм. аб’екты (з-за паглынання азонам, кіслародам і інш. кампанентамі атмасферы і міжзорнага асяроддзя да паверхні зямлі даходзіць толькі У.в. з λ > 290 нм), а таксама газы (аргон, ксенон) і пара металаў (ртуці, цынку) у стане ўзбуджэння (напр., уэл. разрадзе), некаторыя газавыя лазеры, высокатэмпературная плазма, паскораныя электроны і інш. Прыёмнікі У.в.: фотаэлементы, фотаэлектронныя памнажальнікі, іанізацыйныя камеры, лічыльнікі фатонаў і інш.Люмінафоры ператвараюць У.в. ў бачнае — на гэтым заснаваны прылады для візуалізацыі відарысаў у У.в. На выкарыстанні У.в. заснаваны метады люмінесцэнтнага аналізу, фотаэлектроннай спектраскапіі, ультрафіялетавай мікраскапіі, фоталітаграфіі, дэфектаскапіі і інш.Біял. дзеянне У.в. абумоўлена хім. змяненнем малекул біяпалімераў, уасноўным нуклеінавых кіслот і бялкоў, і выяўляецца ў парушэнні дзялення, узнікненні мутацый і гібелі клетак. Малыя дозы У.в. дабратворна ўплываюць на чалавека і жывёл — спрыяюць утварэнню вітамінаў групы D, паляпшаюць імунабіял. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫЛКУ́М (цюрк. чырвоныя пяскі),
пясчаная пустыня ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і, на тэр. Узбекістана, Казахстана і Туркменістана. Абмежавана на ПнЗ Аральскім м., на ПнУр. Сырдар’я, на У адгор’ямі Цянь-Шаня і Паміра-Алая, на ПдЗр. Амудар’я. Пл. 300 тыс.км². З’яўляецца раўнінай з агульным нахілам на ПнЗ (выш. ад 300 м на ПдУ да 53 м на ПнЗ), мае замкнёныя ўпадзіны і ізаляваныя моцна расчлянёныя астанцовыя горы — Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м) і інш., складзеныя з моцна дыслацыраваных і метамарфізаваных палеазойскіх сланцаў, рагавікоў, вапнякоў, гранітаў. Горы пустынныя з выраўнаванымі вяршынямі, скалістымі схіламі. Радовішчы карысных выкапняў: золата (Мурынтау), газ (Газлі). Раўнінныя ўчасткі складзены пераважна з кайназойскіх глін і пяскоў, шмат такыраў. Пераважную ч. пустыні займаюць градавыя паўзамацаваныя масівы пяскоў, трапляюцца барханы. К. размешчана ў асноўныму сярэдняй падзоне пустынь умеранага пояса, а на Пд — на пераходзе да субтрапічных пустынь. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. 0—-9 °C, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 100—200 мм за год. Рэк няма, але знойдзены артэзіянскія басейны. Глебы шэра-бурыя, пясчаныя; ёсць саланчакі, саланцы. У раслінным покрыве пераважаюць эфемеры, саксаул, кандым, пясчаная акацыя, палын. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа-джэйран, воўк, грызуны, паўзуны; саксаульная сойка, чубаты жаваранак, драфа. У межах К. — Каракульскі, Кызылкумскі, Бадай-Тугай і Варданзінскі запаведнікі. Паліўное земляробства, гадоўля коз і авечак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка Мінскага ўзвышша на Пн Мінскай вобл. Абмежавана на ПнУ скразной далінай Ілія—Гайна, на Пн і ПнЗНарачана-Вілейскай нізінай, на ПдУВерхнебярэзінскай нізінай, на ПдЗ змыкаецца з Радашковіцкім узвышшам, на Пд паступова пераходзіць уцэнтр.ч. Мінскага ўзв. Сярэдняя выш. да 250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Л.ў. — ч. водападзела паміж рэкамі бас. Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Бел. антэклізы. Асадкавы чахол складзены з глініста-мергельных парод сярэдняга дэвону, на Пд невял. ўчасткі альб-сенаманскіх адкладаў мелавой сістэмы. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць да 200—280 м) складзена ледавіковымі (уасноўным сожскага зледзянення) адкладамі, сярод іх пераважаюць валунныя суглінкі і супескі; на схілах перакрыта лёсападобнымі пародамі (магутнасць 3—5 м).
У рэльефе вылучаецца шэраг дугападобных канцова-напорных град з групамі буйных купалападобных узгоркаў (адносныя выш. 30—35 м); сярэднеўзгорысты і ўвалісты рэльеф на выш. 250—280 м, паблізу рачных далін парэзаны глыбокімі ярамі і лагчынамі. Уздоўж далін невял. ўчасткі плоскаўвагнутых зандравых раўнін. На ўзвышшы пачынаюцца рэкі бас. Дняпра — Гайна з прытокам Усяжа, Вяча; бас. Нёмана — Ілія з прытокам Рыбчанка. Пашыраны дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя глебы. На вяршынях град і ўзгоркаў змытыя валунныя і друзаватыя глебы. Мяшаныя і ялова-хваёвыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.
В.П.Якушка.
Лагойскае ўзвышша каля в. Дуброва Смалявіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,
міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.
Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай унііВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; уасноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛуЛівонскай вайне 1558—83.
Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв.ВКЛ. Тэр.ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, уПаўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. УЗах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), уПаўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), уПаўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: уцэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БЫсапраўдныя
(Ranidae),
сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.
Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.