АБ’ЁМНАБЛО́ЧНАЕ ДОМАБУДАВА́ННЕ,

узвядзенне будынкаў з аб’ёмных блокаў поўнай заводскай гатоўнасці; адзін са спосабаў індустрыялізацыі будаўніцтва. Асн. тыпы будынкаў: бескаркасныя буйнапанэльныя з аб’ёмнымі блокамі санітарных вузлоў, абсталяваных на заводзе; бескаркасныя з ужываннем аб’ёмных блокаў у спалучэнні з панэлямі (сотапанэльныя і аб’ёмнапанэльныя дамы); бескаркасныя з суцэльнай расстаноўкай аб’ёмных блокаў (памерам на пакой); каркасныя з запаўненнем каркаса саманоснымі аб’ёмнымі блокамі, якія ўстанаўліваюць на рыгелі ці стойкі каркаса (блокі з аблегчаных матэрыялаў).

Аб’ёмнаблочнае домабудаванне на Беларусі вядзецца з 1960. Блокі вырабляліся э керамзітабетону, пазней пачалі ўжывацца састаўныя аб’ёмныя блокі. Ін-т «Белдзяржпраект» распрацаваў канструкцыі бескаркасных аб’ёмнаблочных будынкаў. Выкарыстоўваюцца прасторавыя каробкі тыпу «каўпак», «стакан» і інш. У параўнанні з буйнаблочным і буйнапанэльным буд-вам аб’ёмнаблочнае домабудаванне зніжае расход матэрыялаў, працаёмкасць, кошт будоўлі, скарачае тэрмін выканання работ.

Аб’ёмнаблочнае домабудаванне. Віды аб’ёмных блокаў: 1 — з прыстаўнымі тарцовымі сценамі; 2 — з панэлямі столі і вонкавай сцяны; 3 — з панэллю вонкавай сцяны; 4 — з панэллю столі тыпу «шклянка»; 5 — з панэллю падлогі тыпу «каўпак»; 6 — замкнёны маналітны блок; 7 — чатырохпавярховы блок з прыстаўнымі бакавымі сценкамі.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,

заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.

Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).

А.​М.​Матузка.

Вышынная пояснасць на Каўказе.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

кірунак у філасофіі 20 ст., гал. чынам у англамоўных краінах. Развівалася ў рэчышчы неапазітывізму. Асн. задачу філас. даследавання зводзіла пераважна да аналізу моўных сродкаў пазнання, а філасофска-гнасеалагічную праблематыку — да прыватна-навук. праблем, якія вырашаюцца сродкамі і метадамі логікі, лінгвістыкі, семіётыкі і інш. Класічную філасофію абвяшчае «метафізікай», пазбаўленай навук.-пазнавальнага сэнсу. Метад аналізу, што ўкараніўся ў аналітычнай філасофіі, бярэ пачатак ад даследаванняў Дж.​Мура і Б.​Расела. У распрацоўку аналітычнай філасофіі зрабілі ўклад Л.​Вітгенштэйн і прадстаўнікі «Венскага гуртка». Асн. плыні: філасофія лагічнага аналізу, якая сродкі аналізу бярэ ў сучаснай матэм. логіцы і арыентуецца пераважна на «мову навук» (Р.​Карнап, Г.​Фейгль і інш.), і лінгвістычная філасофія, што даследуе тыпы ўжывання выразаў у натуральнай паўсядзённай мове, замяняючы фармальна-лагічныя сродкі аналізу лінгвістычнымі і адмаўляючыся ад культу навук. ведаў (Г.​Райл, Дж.​Осцін і інш.). Абедзве плыні імкнуцца культываваць аналіз як чыстую тэхніку, якая лёгка ўключаецца ў кантэкст розных філас. вучэнняў (экзістэнцыялізм, неатамізм і інш.).

Літ.:

Бегиашвили А.Ф. Метод анализа современной буржуазной философии. Тбилиси, 1960;

Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,

разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.

Публ.: Жартоўныя песні. Мн., 1974.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;

Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;

Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.

І.​К.​Цішчанка.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.

І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.

У.​М.​Сацута.

Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),

рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст. тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш. Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАТКО́ВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкі дзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж. сац. абароне.

М.​Е.​Заяц.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРАЛО́ГІЯ (ад культура + ...логія),

навука пра сутнасць і тыпы культуры, яе сац. функцыі і заканамернасці гіст. развіцця. Фарміруецца на стыку з філасофіяй, сацыялогіяй, этналогіяй і інш. гуманіт. навукамі; развівалася ў формах этнаграфіі, гісторыі, філасофіі і сацыялогіі культуры. Асновы К. закладзены ў старажытнасці. Як навука вылучылася ў 20 ст.

Пазітывісты (А.​Конт, Ж.​Э.​Рэнан, Дж.​С.​Міль, Г.​Спенсер і інш.) акцэнтавалі ўвагу на сац. функцыях культуры, яе ролі ў стабілізацыі этнасу, нацыі, грамадства. Антрапал. школа ў К. (Э.​Тэйлар, К.​Леві-Строс і інш.) даследавала раннія, «варварскія» тыпы культуры. Паводле марксісцкай канцэпцыі, усе віды духоўнай творчасці — надбудова над сац.-эканам. базісам, якая ўплывае на эканам. і сац.-паліт. структуру грамадства. У кантэксце псіхааналізу культуру тлумачаць як вынік сублімацыі інстынктаў, пераўтварэння іх у сферу духоўнай творчасці і сац. актыўнасці (З.​Фрэйд і фрэйдысты), іх сімвалічнага выяўлення ў форме духоўных феноменаў (Э.​Касірэр, К.​Г.​Юнг). Прадстаўнікі фенаменалагізму (Э.​Гусерль і яго паслядоўнікі) і экзістэнцыялізму (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс) шукалі агульначалавечы змест, «зашыфраваны» ў нац. і рэгіянальных культурах.

На Беларусі культуралагічныя даследаванні пачаліся ў эпоху гуманіст. адраджэння (біблейская і ант. традыцыі ў асветніцтве Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​К.​Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі ў М.​Сматрыцкага, А.​Філіповіча, ідэолагаў Брэсцкай царк. уніі); пазней яны стымуляваліся культ.-нац. адраджэнскім рухам. Традыц. бел. культуру даследавалі лінгвісты, этнографы і фалькларысты рас. (І.​Насовіч, П.​Шпілеўскі, П.​Бяссонаў, П.​Шэйн, А.​Дабравольскі, М.​Нікіфароўскі, Е.​Раманаў, Я.​Карскі і інш.) і польск. (Л.​Бароўскі, К.​Буйніцкі, З.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Тышкевіч, А.​Кіркор, М.​Федароўскі і інш.) школ. У выніку нац. адраджэння 19 — пач. 20 ст. пераадольваліся аднабокія погляды на бел. культуру як на этнагр. традыцыю, сфарміравалася комплексная навука беларусазнаўства і інш. гуманіт. навукі. Бел. К. абгрунтоўвала ідэю агульначалавечай культуры як гарманічнай сугучнасці нац. і рэгіянальных культур, выявіла сутнасць бел. нац. ідэі, раскрыла якасныя характарыстыкі асноўных этапаў развіцця бел. культуры. Даследаванні ў галіне К. каардынуе Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны.

Літ.:

Гегель Г. Философия истории // Соч. М.; Л., 1935. Т. 8;

Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Т. 1. М., 1993;

Конан У.М. Міфалогія, фальклор і літаратура ў кантэксце нацыянальнай культурнай традыцыі // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 4;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—9. Мн., 1993—98.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)