КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),
у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тутцэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,
гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн.ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт.Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),
род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т. л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).
Літ.:
Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в.Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісны Лучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),
кіргізскі спявак (бас). Нар.арт. Кіргізіі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг.т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.Уласава, А.Малдыбаева, У.Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта і «Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНДЖЫКЕ́НТ, Пенджыкент,
руіны стараж. сагдыйскага горада на паўд.-усх. ускраіне сучаснага г. П. (Таджыкістан). Інтэнсіўнае жыццё тут адбывалася ў 6 — сярэдзіне 8 ст. У 1-й чвэрці 8 ст. горад разбураны арабамі. У час археал. раскопак (з 1946) выяўлены сеткі вуліц, пабудовы ў выглядзе храмаў даісламскага часу, жылыя будынкі, рамесныя майстэрні і крамы; шматлікія помнікі выяўл. мастацтва, эпіграфікі (на сагдыйскай і араб. мовах), знойдзена некалькі тысяч бронзавых і сярэбраных манет (у т. л.мясц. чаканкі), манетныя скарбы, побытавыя рэчы з гліны, металаў і інш. Некропаль складаўся з невял. скляпоў (наусаў), куды ў асуарыях змяшчалі косці нябожчыкаў.
Літ.:
Скульптура и живопись древнего Пянджикента. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНАНЬ (Poznań),
горад на З Польшчы, на р. Варта. Адм. ц. Велікапольскага ваяводства. 660 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л.трансп., с.-г., дакладнае, эл.-тэхн., прылада- і дызелебудаванне, вытв-сць падшыпнікаў), харч., гумавая, парфумерная, швейная, шкляная, паліграфічная. Штогадовыя міжнар. і нац. кірмашы. Ун-т, мед. акадэмія. Тэатры, у т. л. оперны. Музеі: нац., археал., муз. інструментаў і інш. Цэнтр турызму.
У 8—9 ст. П. — гарадзішча, вакол якога склаўся горад. У 10 ст. адна з гал. рэзідэнцый польскіх князёў. З 968 сядзіба першага польскага біскупства. У 1005 тут падпісаны мірны дагавор паміж каралём Баляславам I Храбрым і архібіскупам магдэбургскім Тагіно. У 1253 П. атрымала магдэбургскае права. З сярэдзіны 13 ст. адм.-паліт. цэнтр Велікапольшчы. У 15—16 ст. адзін з буйных гандл. і культ. цэнтраў краіны (у 16 ст. каля 20 тыс. жыхароў). З сярэдзіны 17 ст. занепадала ў выніку войнаў (Паўночная вайна 1655—60, Паўночная вайна 1700—21) і эпідэмій (у пач. 18 ст. — 12 тыс. жыхароў), У 1793 адышла да Прусіі. З 1807 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Пазнанскага вялікага княства. Тут адбылося антыпрус. Пазнанскае паўстанне 1848. Пасля 1-й сусв. вайны і Пазнанскага паўстання 1918—19 у складзе адноўленай Польскай дзяржавы. У 2-ю сусв. вайну захоплена ням.-фаш. войскамі (1939). У 1945 вызвалена Сав. Арміяй. У 1956 у П. адбыўся першы ў ПНР масавы рабочы пратэст.
Гіст. ядро П. — т. зв. Тумскі востраў на правым беразе Варты. Тут знаходзяцца раманскі касцёл св. Яна (каля 1200—1512), гатычны сабор (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст., на месцы касцёлаў 10 і 11 ст., у інтэр’еры грабніцы і надмагіллі, у т. л. 10 ст.), касцёл Дзевы Марыі (15 ст.). На левым беразе — Стары горад (развіваўся з 13 ст.) з рэгулярнай планіроўкай. На цэнтр. плошчы Рынак — ратуша (13—14 ст., перабудавана ў 1550—60 у стылі рэнесансу; жылыя дамы 16—19 ст., часта з галерэямі). Захавалася шмат кляштараў і касцёлаў у стылі барока. У 19 — пач. 20 ст. на З ад Старога горада сфарміраваўся цэнтр П. з палацамі і грамадскімі будынкамі ў стылях класіцызму, эклектыкі і сучаснай архітэктуры. У пасляваен. гады адноўлены пашкоджаныя арх. помнікі, узведзены комплекс міжнар. кірмашу, гасцініца «Меркурый», ансамбль новага цэнтра, новыя жылыя раёны абапал р. Варта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,
баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.І.Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.П.Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс.чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.І.Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.А.Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л.франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ МЫШ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло за ваен. заслугі Я.Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст.тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц. спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).