(люты 1536, г. Груец Мазавецкага ваяв., Польшча — 12.9.1612),
царкоўны і паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай; пачынальнік польскай аратарскай прозы. Скончыў Кракаўскую акадэмію (1555), удасканальваў адукацыю ў Рыме. З 1569 чл. ордэна езуітаў. З 1574 у ВКЛ. Заснавальнік і першы рэктар (1579—84) Віленскай езуіцкай акадэміі. Заснаваў Полацкі езуіцкі калегіум, калегіумы ў Рызе і Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія). Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М.К.Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. З 1584 у Кракаве, з 1588 прыдворны прапаведнік караля Жыгімонта III Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596. Аўтар рэліг.-паліт. твораў «Пра еднасць Божай царквы» (1577), «Жыціі святых» (1579), «Брэсцкі сінод» (1597), «Сеймавыя казанні» (1600), «На трэны і лямонт Тэафіла Арталога» (1600) і інш. Выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём з абсалютнай уладай; аднак дзеянні манарха, на яго думку, павінны абмяжоўвацца правам і радай. Разам з тым паліт. ідэалам лічыў тэакратыю, пад якой разумеў кіраванне царк. улады пры дапамозе караля. Абгрунтоўваў ідэю царк. уніі для ўмацавання духоўнага адзінства дзяржавы. Рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, яе класавы эгаізм, сац. няроўнасць і прыгнёт сялянства. Папярэджваў, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай. У 19 ст. С. разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Творы С., у т. л. «Брэсцкі сінод» і «Абарона Брэсцкага сінода», пераклаў на бел. мову і выдаў І.Пацей пад агульнай назвай «Апісанне і абарона сабору рускага брэсцкага» (1597).
Тв.:
Pisma wszystkie. T. 1—4. Warszawa, 1923—26.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. Мн., 1999;
Tazbir I. Piotr Skarga: szermierz kontrreformacji. 2 wyd. Warszawa, 1983.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.Д.Камкоў, М.А.Натансон, М.А.Спірыдонава і інш.Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс.чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.
Літ.:
Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;
Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;
Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.С.Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.Кастшэва, А.Варскі, Ю.Ленскі, Э.Прухняк, КП(б)Б — В.Г.Кнорын, М.М.Галадзед, КСМЗБ — М.А.Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦККПЗБ (С.Т.Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦККПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦККПЗБваен. перавароту Ю.Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац.сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦККПЗБ: чл. А.А.Альшэўскі, М.А.Блінчыкаў, С.Я.Будзінскі, С.К.Гарбуз, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.Л.Перавалоцкі, А.М.Розенштайн, А.С.Славінскі; канд. ў чл. Л.І.Родзевіч, М.М.Словік і інш.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл.Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б.СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.
Літ.:
Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел.сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),
рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал.пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час.«Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел.рэв. дэмакратаў (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.А.Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.К.Дабрынін, Л.Р.Бараг, І.М.Лушчыцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,
перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал.ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-вадзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс.чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаўзах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст.мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал.ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн.чал.Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.
Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн.чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн.чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс.чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс.чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр.рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.
Літ.:
Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.