ГЛЕБ РАСЦІСЛА́ВІЧ,

друцкі князь у сярэдзіне 12 ст., сын кн. Расціслава Глебавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 (у інш. крыніцах пад 1158), калі друцкае веча выгнала яго з Друцка, дзе ён княжыў, верагодна, з 1151, калі яго бацька стаў полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́СІЙ (Parrasios) з Эфеса, старажытнагрэчаскі жывапісец 2-й пал. 5 ст. да н.э. Сын і вучань жывапісца Евенора. Працаваў у Афінах. У творах, якія вызначаліся пластычнасцю контурнай лініі, па-майстэрску перадаваў фіз. пакуты і ўнутр. перажыванні людзей: «Праметэй», «Філактэт», «Адысей сімулюе вар’яцтва», «Дэмас» (не захаваліся).

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАСЛА́Ў Ю́Р’ЕВІЧ,

князь пінскі ў канцы 12 ст. Сын тураўскага і пінскага кн. Юрыя Яраславіча. Упамінаецца як пінскі князь у 1183, калі ўдзельнічаў у паходзе на полаўцаў вял. кіеўскага кн. Святаслава Усеваладавіча. Магчыма, валодаў Пінскам сумесна з братам Яраполкам Юр’евічам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́КІ,

шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Кобрыншчыны. У пач. 16 ст. згадваюцца Богуш і Мішка Верашчакі. У 1524 вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары выдаў прывілей Богушу, Мішку, Стэцку, Івану і Сеньку Верашчакам на маёнтак Камень у Кобрынскім пав. У 1582 Шчэнсны, Міхаіл і Іван Верашчакі атрымалі пацвярджэнне на валоданне гэтым маёнткам ад Стафана Баторыя. У 18 ст. казначэй брэсцкі Піліп і яго сын Францішак (?—1762) сталі ўладальнікамі маёнткаў у Навагрудскім пав. Сын Францішка Антон (?—1806) быў маршалкам Навагрудскага пав. У 1-й чвэрці 19 ст. двор Верашчакаў у Туганавічах быў адным з гал. месцаў сустрэчы павятовай шляхты. У час канікул у 1820—21 сюды да тагачасных уладальнікаў Туганавіч Міхала і Юзафа Верашчакаў прыязджаў А.Міцкевіч. Тут ён сустрэў сваё вял. каханне — дачку Антона Марыю (у шлюбе Путкамер, 1799—1863), якой прысвяціў значную частку сваёй паэтычнай спадчыны.

В.​У.​Шаблюк.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́О,

расійскія цыркавыя артысты-ілюзіяністы, бацька і сыны. Нарадзіліся ў Маскве. Эміль Тэадоравіч (сапр. Гіршфельд-Рэнард; 11.4.1894—19.12.1965). Нар. арт. Расіі (1958). Як ілюзіяніст дэбютаваў у 1921 на Маск. эстрадзе. З 1932 адзін з першых пачаў выступаць у цырках з ілюзійнай апаратурай на адкрытай арэне. У праграмах выкарыстоўваў балет, сцэн. ігру, кантакт з залай. Ствараў цэласныя праграмы-рэвю, дзе асобныя нумары мелі вострасатыр., надзённы характар. Канструяваў цыркавую апаратуру. Эміль Эмілевіч (н. 12.7.1938). Сын Эміля Тэадоравіча. Засл. арт. Паўн.-Асецінскай рэспублікі (1969), засл. арт. Расіі (1977). Скончыў Маск. інж.-буд. ін-т. У цырку пачаў працаваць з 1961 у атракцыёне бацькі, з 1966 выступае самастойна. Апіраючыся на рэпертуар бацькі, стварае новыя нумары і трукі. Ігар Эмілевіч (н. 13.3.1944). Сын Эміля Тэадоравіча. З 1959 асістэнт і дублёр бацькі, з 1966 выступае з яго нумарамі самастойна. Стварае арыгінальныя ілюзійныя атракцыёны.

Літ.:

Марьяновский В.А. Кио: отец и сыновья. М., 1984.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н II Камнін (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),

імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1003),

князь полацкі [1001—03]. Сын полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча, пасля смерці якога атрымаў трон у Полацку. Звестак пра дзейнасць У.І. летапісы не даюць. Некат. даследчыкі, абапіраючыся на паведамленне В.​М.​Тацішчава, лічаць, што полацкі трон у 1001 заняў Брачыслаў Ізяславіч, брат У.І.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФЕ́Й,

у стараж.-грэч. міфалогіі бог сноў, што сняць людзі, сын бога сну Гіпноса. Паводле міфаў, М. з’яўляецца людзям пад час сну ў розных чалавечых абліччах. У ант. мастацтве М. паказвалі як старога з крыламі за плячыма. У пераносным сэнсе «ўпасці ў абдымкі М.» — заснуць і сніць сны.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УГЕДЭ́Й (кастр. 1186 — снеж. 1241),

мангольскі вял. хан, правіцель Мангольскай імперыі [1229—41]. Трэці сын Чынгісхана, абраны яго пераемнікам на з’ездзе манг. знаці. Пры У. манголы скончылі заваяванне Паўн. Кітая і Закаўказзя, ажыццявілі паходы пад кіраўніцтвам Батыя ва Усх. Еўропу (гл. Мангольскія заваяванні); праведзены перапіс насельніцтва і пабудавана сталіца Каракарум.

т. 16, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)