кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл.Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУР’Я́Н Уладзімір Мітрафанавіч
(н. 25.3.1954, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг.муз. часткі Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы.
Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар.арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота, «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Дракон» Я.Шварца, «Інтымны тэатр Е.Міровіча»), кінафільмаў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх.ч.сучасных Барысаўскага і паўд.ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫЯ ШТА́ТЫ
(франц. États Généraux, галанд. Staten-Generaal),
вышэйшыя ўстановы саслоўнага прадстаўніцтва ў феад. Францыі і Нідэрландах. У Францыі існавалі ў 1302 — 1789, складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і трэцяга саслоўя. Склікаліся каралямі, у асноўным каб атрымаць згоду на збор падаткаў. Значэнне Генеральных штатаў павялічылася ў час Стогадовай вайны 1337—1453. У час нар. паўстанняў 14 ст. прэтэндавалі на ўдзел ва ўпраўленні дзяржавай. З развіццём абсалютызму не склікаліся 76 гадоў (1484—1560). Дзейнасць Генеральных штатаў ажывілася ў перыяд рэлігійных войнаў (склікаліся ў 1560, 1576, 1588, 1593). З 1614 скліканне Генеральных штатаў спынілася на 175 гадоў. Напярэдадні франц. рэвалюцыі 1789—99 скліканы каралём; дэпутаты 3-га саслоўя ў жніўні 1789 абвясцілі сябе Нац. сходам. У Нідэрландах гістарычных Генеральных штатаў складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і вярхоў гараджан, мелі права ваціравання падаткаў. Упершыню скліканы ў 1463. Іх роля пабольшала пасля 1477 і пры Габсбургах. У час Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. Генеральныя штаты — цэнтр бурж.-дваранскай апазіцыі ісп. рэжыму. Пасля аддзялення Паўночных Нідэрландаў — вышэйшы пастаянна дзеючы заканад. орган Рэспублікі Злучаных правінцый. У сучасных Нідэрландах — назва парламента (з 1814).
Літ.:
Хачатурян М.А. Возникновение Генеральных штатов во Франции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАН (Bergman) Інгмар
(н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),
шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.Шэкспіра, Г.Ібсена, А.Стрындберга, А.Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.
Літ.:
Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед. М., 1985;
Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД,
асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.
Паняцце віда ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віда ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віда і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАХІ́МІЯ
(ад бія... + геахімія),
галіна геахіміі, якая вывучае геахім. працэсы ў біясферы ў іх сувязі з працэсамі біял. кругавароту рэчываў на працягу геал. гісторыі Зямлі і ў сучасных умовах. Даследуе: жывое рэчыва, яго ўздзеянне на геахім. працэсы; гісторыю, біягенную міграцыю, размеркаванне і канцэнтрацыю ў зямной кары хім. элементаў; біягеахім. правінцыі ў ходзе біягеахім. раянавання; геахім. цыклы біягенных элементаў праз пабудову колькасных мадэляў; ролю арганізмаў ва ўтварэнні і разбурэнні радовішчаў карысных выкапняў; тэрыторыі антрапагеннага ўздзеяння (гар. экасістэмы, цэнтры здабыўной і перапрацоўчай прам-сці); біягеахім. эндэміі чалавека і жывёл; геахім. дзейнасць арганізмаў на забруджаных цяжкімі металамі і радыенуклідамі ўчастках; прагназуе развіццё біясферы.
Заснавальнік біягеахіміі — рус. вучоны У.І.Вярнадскі, які арганізаваў першую ў свеце біягеахім. лабараторыю (1918), пашырыў уяўленне аб біясферы як абалонцы Зямлі, даў тлумачэнне геахім. дзейнасці жывых істот, увёў вызначэнні біягеахім. энергіі засялення Зямлі як планеты, скорасці расцякання і паўсюднасці жыцця і інш. Гэтыя даследаванні развіваў А.П.Вінаградаў, які вызначыў сярэдні хім. састаў жывога рэчыва, распрацаваў тэарэт. ўяўленні аб біягеахім. правінцыях, што паслужыла асновай для біягеахім. пошукаў карысных выкапняў. На Беларусі праблемы біягеахіміі даследуюцца з 1960-х г. (К.І.Лукашоў, А.К.Лукашоў, У.А.Кузняцоў, В.Б.Кадацкі і інш.). Работы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, эксперым. батанікі, заалогіі, фотабіялогіі), у БДУ, БСГА, БелНДІ земляробства і кармоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК АСТРАНАМІ́ЧНЫ,
гадзіннік для вызначэння, адліку і захавання дакладнага часу, які неабходны пры астр. даследаваннях, у практычнай астраноміі, астраметрыі. У старажытнасці для астр. даследаванняў карысталіся пясочнымі, вадзянымі і сонечнымі гадзіннікамі. Іх хібнасць складала секунды і болей. Да сучасных гадзіннікаў астранамічных адносяць спец. маятнікавыя (з сутачным ходам гадзіннікаў да 5·10-4с), кварцавыя гадзіннікі (з сутачным ходам 5·10-7с), квантавыя гадзіннікі (атамныя гадзіннікі з сутачным ходам не больш за 10-8с).
Маятнікавыя гадзіннікі канструкцый англ.інж. У.Г.Шорта і сав. канструктара Ф.М.Федчанкі складаюцца з 2 маятнікаў — свабоднага і другаснага. Іх дакладнасць заснавана на ўласцівасці маятніка захоўваць пастаянным перыяд сваіх ваганняў, які залежыць ад даўжыні маятніка. Для выключэння ўплыву змены знешніх умоў (т-ры, атм. ціску) на перыяд ваганняў стрыжань робяць з матэрыялу з малым каэф. лінейнага расшырэння, а сам свабодны маятнік змяшчаюць у герметычным аб’ёме ў ізатэрмічным пакоі. Маятнік злучаны з другасным гадзіннікавым механізмам эл. ланцугом. Маятнікавыя гадзіннікі патрабуюць папраўкі пры дапамозе астр. назіранняў або радыёсігналаў дакладнага часу, што выконваюцца службай часу. Кварцавыя гадзіннікі заснаваны на п’езаэлектрычным эфекце; малекулярныя і атамныя — на выкарыстанні ўласнай частаты ваганняў малекул і атамаў некаторых рэчываў (аміяку, цэзію, вадароду), што дало магчымасць стварыць новую, незалежную ад астр. назіранняў сістэму лічэння часу.
Літ.:
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ
(Cephalopoda),
клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.
Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.
клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасныхсям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб. вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.