ФА́РБЫ мастацкія,

спецыяльна прыгатаваныя вадкія цестападобныя або цвёрдыя рэчывы і саставы, якія маюць павышаныя колеравыя якасці паводле здольнасці афарбоўваць і ўстойлівасці. Падзяляюцца на мінеральныя (неарганічныя, солі або вокіслы металаў) і арганічныя (складаныя злучэнні, пераважна расл. і жывёльнага паходжання). Бываюць натуральныя і штучныя. Колеравая аснова Ф. — парашкападобныя пігменты. У залежнасці ад сувязных рэчываў вылучаюць акварэль, гуаш, пастэль, сангіну, соус, тэмперу, а таксама алейныя фарбы, клеявыя фарбы і васковыя (гл. Васковы жывапіс). Ф. бываюць празрыстыя, непразрыстыя і лесіровачныя. Вядома каля 150 Ф. для жывапісу. З іх найб. выкарыстоўваюцца цынкавыя і свінцовыя бялілы, хромы, вохры, умбра, чырвоная і зялёная кінавар, ізумрудная зелень, кобальт, ультрамарын, паленая слановая косць і інш.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЛІТЫ́ЧНАЯ ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ,

поўны ці частковы распад растворанага рэчыва на іоны. Адбываецца ў выніку сальватацыі малекул растворанага рэчыва малекуламі растваральніку. Класічная тэорыя Э.д. створана С.А.Арэніусам і В.Ф.Оствальдам.

Мера Э.д. — ступень дысацыяцыі (доля малекул, якія распаліся на іоны). У растворах слабых электралітаў распадаецца на іоны нязначная ч. малекул рэчыва, а таксама малекул растваральніку. Дынамічная раўнавага паміж недысацыіраванымі малекуламі і іонамі апісваецца дзейных мас законам. У растворах моцных электралітаў амаль усе малекулы распадаюцца на іоны. Пры гэтым у выніку асацыяцыі іоны аб’ядноўваюцца ў пары ці больш складаныя агрэгаты, якія звычайна электранейтральныя і не ўдзельнічаюць у пераносе эл. зараду. Гл. таксама Растворы.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДЗІЧ Мікалай Рыгоравіч (н. 1.1.1953, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2001). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1993 заг. кафедры). Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, лексікалогію, марфалогію, словаўтварэнне, інавацыйныя працэсы ў сучаснай бел. літ. мове. Аўтар прац «Складаныя прыметнікі ў старабеларускай мове» (1981), «Словаскладанне ў беларускай мове» (2000), «Асобна, разам, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік» (1994), «Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік» (1997, з Г.​К.​Цівановай), «Пішам без памылак: Разам, асобна, праз дэфіс» (2002). Сааўтар манаграфіі «Беларуская мова: Змены ў сучасных славянскіх мовах» (1998) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ, гетэрабазідыяльныя грыбы (Heterobasidiomycetidae),

падклас базідыяльных грыбоў. Аб’ядноўвае 2 парадкі: аўрыкулярыяльныя (Auriculariales) і дрыжалкавыя (Tremellales). Пашыраны пераважна ў тропіках, субтропіках і ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У Еўропе каля 100 відаў, з іх на Беларусі 20. Большасць сапратрофы (дакрыміцэс, калоцэра, дрыжалка і інш.), некат. паразіты (гелікабазідый, септабазідый). Есць ядомыя (аўрыкулярыя).

Характэрная асаблівасць гетэрабазідыяміцэтаў — складаныя, шматклетачныя або з вельмі буйнымі стэрыгмамі базідыі (гетэрабазідыі). Пладовыя целы ад 0,2 да 20 см, разнастайнай будовы і афарбоўкі, у асн. студзяністай кансістэнцыі. Гіменій размешчаны на ўнутр. паверхні пладовага цела або ўкрывае ўсю яго паверхню. Пры высыханні ўтвараюць рогападобныя плеўкі (скарыначкі), пры вільготным надвор’і прымаюць ранейшую форму. Базідыяспоры шматклетачныя, прарастаюць, утвараючы другасную спору або дробныя канідыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́НСІЯ ў фізіцы,

дэфект крышталя, калі ў вузле крышталічнай рашоткі адсутнічае атам. Узнікае ў выніку цеплавых ваганняў атамаў, пры радыяцыйным апрамяненні, пластычнай дэфармацыі. Вакансіі абменьваюцца месцамі з суседнімі атамамі і хаатычна рухаюцца па крышталі. Рух вакансій — асн. прычына самадыфузіі (перамешвання атамаў у крышталях) і гетэрадыфузіі (узаемнай дыфузіі крышталёў, якія кантактуюць). Вакансіі могуць аб’ядноўвацца і ўтвараць складаныя дэфекты (ды- і трывакансіі, кластэры), а таксама спалучацца з дамешкамі і ўтвараць комплексы вакансій-дамешак. Наяўнасць вакансій істотна ўплывае на ўласцівасці крышталёў і фіз. працэсы (шчыльнасць, іонную праводнасць, унутр. трэнне, тэрмаапрацоўку, рэкрышталізацыю і інш.).

Літ.:

Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981.

Вакансія ў фізіцы.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ТРЫХ (Dietrich) Марлен [сапр. Лош (Losh) Марыя Магдалена фон; 27.12.1904, Берлін — 5.5.1992). амерыканская кінаактрыса. Вучылася ў Муз. акадэміі і Школе драм. мастацтва М.Райнгарта (Берлін). У 1922 дэбютавала ў т-ры, у 1923 — у кіно. У 1930 сыграла першую значную ролю ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.​Мана). З 1930 у Галівудзе, ЗША. Здымалася ў экзатычных фільмах рэж. Дж.​Штэрнберга «Шанхайскі экспрэс», «Чырвоная імператрыца», «Д’ябал — гэта жанчына» ў амплуа жанчыны-«вамп», была адной з самых папулярных «зорак» амер. кіно 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну вяла антыфаш. прапаганду. У 1950-я г. стварыла яркія складаныя характары ў фільмах «Сведка абвінавачання», «Працэс у Нюрнбергу» і інш. Вядома і як эстр. спявачка.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЫ́НА, маліна шызая (Rubus caesius),

кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.

Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.—ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.

Ажына.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ Уладзімір Мікалаевіч (н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак, графік. Чл. Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.​Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.​Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.​Ягоўдзіка (усе 1993).

Л.​Ф.​Салавей.

У.Вішнеўскі. Pieta (Чарнобыльская). 1996.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, 3, 4, 5-трыгідраксібензойная кіслата,

арганічнае злучэнне, C6H2(OH)3COOH. Адкрыў у 1786 швед. хімік К.​Шэеле ў выцяжках з чарнільных арэшкаў (галаў).

Існуе як монагідрат (C7H6O5∙H2O) — бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, шчыльн. 1694 кг/м³ (6 °C), пры 100—120 °C трацяць ваду, tпл бязводнай 240 °C (з раскладаннем). Добра раствараецца ў кіпячай вадзе і спірце. Аднаўляе солі (напр., золата і серабра) да металаў, з хларыдам жалеза (FeCl3) дае сіне-чорную афарбоўку. Складаныя эфіры галавай кіслаты — антыаксіданты тлушчаў і алеяў. Галавую кіслату маюць у сабе чай, дубовая кара, дубільныя экстракты. Атрымліваюць гідролізам танінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пірагалолу, лек. сродкаў, фарбавальнікаў, у аналіт. хіміі.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),

малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.

Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.

Гамадрыл.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)