частка надземнага сцябла з пупышкамі, якая на час укаранення не аддзяляецца ад мацярынскай расліны. Для атрымання вертыкальных адводак матачныя кусты абразаюць, пакідаючы пянькі выш. 2—3 см. Пасля дасягнення верт. парасткамі выш. 12—15 см кусты акучваюць вільготнай глебай 2—3 разы да ўтварэння пагорачкаў выш. 25—30 см на працягу росту расліны. Выкарыстоўваюць пры размнажэнні клонавых прышчэпаў яблыні і грушы. Размнажэнне гарызантальнымі адводкамі робіцца прышпільваннем парасткаў да зямлі і акучваннем. Выкарыстоўваюць для ягадных культур, айвы, шаўкоўніцы і інш. Дугападобныя (змеепадобныя) адводкі робяць пры размнажэнні цяжкаўкараняльных раслін з доўгім перыядам коранеўтварэння (напр., актынідыі).
Размнажэнне прышчэпаў адводкамі: 1 — гарызантальныя адводкі (а — прышпільванне галін; б — выгляд куста восенню; в — аддзелены адводак. прыдатны для пасадкі); 2 — вертыкальныя адводкі (а — зрэзаны адводак; б — куст восенню пасля 2—3 акучванняў; в — той самы куст, разакучаны для аддзялення адводкаў; г — укаранёныя парасткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл.Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.
У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст.Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак.Пл. 360 тыс.км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 ммПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́М (лац. Wolframium),
W, хімічны элемент VI гр.перыяд. сістэмы, ат. н. 74, ат. м. 183,85. Прыродны складаецца з 5 ізатопаў 180W (0,135%), 182W (26,41%), 183W (14,4%), 184W (30,64%) і 186W (28,41%). У зямной кары знаходзіцца 10−4% па масе, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вальфраміт). Светла-шэры метал, шчыльн. 19 300 кг/м³, tпл 3380 ± 10 °C (самы тугаплаўкі метал), tкіп 5900—6000 °C. Пры звычайных умовах у кіслотах (акрамя сумесі азотнай і плавіковай) і шчолачах не раствараецца. Акісляецца кіслародам паветра пры t > 400 °C і ў расплаве шчолачаў (утварае вальфраматы). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, азотам, вугляродам (гл.Вальфраму карбіды). Здабываюць з вальфрамавых руд. Атрымліваюць аднаўленнем аксідаў вадародам да парашкападобнага вальфраму. Метал вырабляюць метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюць як аснову сплаваў (гл.Вальфрамавыя сплавы), для легіравання сталі, у вытв-сці вакуумных прылад і ніцяў лямпаў напальвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самывял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар.навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫРЦЫ́,
вадаплаўныя птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 роды (Aythya i Netta), 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў: Н. белавокі (A. nuroca, нар. назва чарнушка), Н. чырвонагаловы, або блакітная чэрнець (A. ferina; нар. назвы: жылец, сівак, сіваплечая чэрнь, сівая чэрнь), Н. чырвананосы (N. rufina), чэрнець марская (A. marila; нар. назва плясоўка) і чэрнець чубатая (A. fuligula; нар. назвы: хахлач, хахлаты нырок). Н. чырвананосы і чэрнець марская — рэдкія пралётныя віды. Астатнія віды гняздуюцца, жывуць на вадаёмах у зарасніках трыснягу, асакі.
Самывял. Н. чырвананосы (даўж. да 60 см, маса да 1,5 кг). Дзюба доўгая, пляскатая. Усе Н. на заднім пальцы маюць шырокую скурыстую перапонку. Здабываюць корм (раслінны і жывёльны), ныраючы на глыб. да 4 м (адсюль назва). Аб’екты палявання. Гл. таксама Чэрнеці.
Нырцы: 1 — нырок чырвананосы; 2 — чэрнець чубатая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС (англ. business),
сістэма вядзення справы з мэтай атрымання прыбытку ці інш. выгады; адзін з асн. заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі. Ахоплівае шырокую сферу дзейнасці: вытв., фін., камерц., кансультацыйную і інш. Займаюцца бізнесам не толькі ўласнікі прадпрыемстваў, а і нанятыя служачыя ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Па колькасці работнікаў, аб’ёме вытв-сці прадукцыі і ўмовах дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Малы бізнес — самы масавы: як правіла, невял. прадпрыемствы, што выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невял. ўдз. вагу на рынку, задавальняюць шырокі паўсядзённы попыт насельніцтва. Таму ў некаторых краінах такому бізнесу аказваецца дзярж. падтрымка: мэтавае бюджэтнае фінансаванне, сістэма крэдытнай гарантыі і страхавання, падатковыя льготы для стымулявання пэўных відаў дзейнасці. У развітых краінах высока каціруюцца маральна-этычныя прынцыпы бізнесу: захаванне дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выкананне абавязацельстваў і інш. Грамадскі статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сац. праблем — стварэнні рабочых месцаў, добраўпарадкаванні нас. пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д.Гл. таксама Прадпрымальніцтва.